Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Камбайнеру ААТ «Вітка-Агра» Яўгенію Усовічу на ўборачнай дапамагае цешча

18.08.2022
Для камбайнера адкрытага акцыянернага таварыства «Вітка-Агра» Яўгенія Усовіча сёлетняя ўборачная па-сапраўднаму адметная. У гэтым годзе яму даручылі самастойна кіраваць камбайнам, а ў яго памочніках – кумір усіх мужчын – цешча!

З пачатку сязона масавай уборкі збожжавых Яўгеній як і ў мінулыя гады працаваў памочнікам камбайнера поруч з бацькам  Віктарам Іванавічам – вопытным камбайнерам, якога ў сельгасарганізацыі цэняць і паважаюць за добрасумленную працу, залатыя рукі. Любоў да працы і тэхнікі ён перадаў і сыну.

Напрыканцы ліпеня Яўгенію прапанавалі паспрабаваць сябе камбайнерам. Як-ніяк – пятая ўборачная на яго рахунку. 

Яўгеній добра спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі, працуе на трактары (рыхтуе глебу, сее збожжавыя і зернебабовыя). Падчас жніва – на камбайне.

– Машына не новая, у полі – 13-ы сезон, здараюцца паломкі, рамантуем. Паглядзіце – гаворыць Яўгеній, –  пшаніца спелая, аж шапаціць, бы песню пяе. Як жа не старацца!

А вось цешча Наталля Сігай на ўборачнай памочнікам камбайнера сёлета ўпершыню. Раней падчас жніва раздавала абеды. Працуе паляводам.

На пытанне, як прыйшла ідэя паспрабаваць сябе ў новай ролі, кажа, што падштурхнулі муж і дачка. Раней і не думала, што будзе працаваць на камбайне. Дарэчы, Наталля мае вадзіцельскае пасведчанне. А таму, прызнаецца, усё ж паспрабавала і камбайнам кіраваць. Кажа, вельмі спадабалася. Праца на камбайне натхняе.           

Наталля Віктараўна  дапамагае ачышчаць камбайн, абмятаць, дзе трэба і калоссе падбярэ. Нельга, пераканана яна, каб яно ў полі заставалася.

Па ўсім бачна – зяць і цешча ла­дзяць насуперак усім уяўленням і прыпеўкам. Дома іх чакае жонка і дачка ў адной асобе – Крысціна, якая зараз у водпуску па догляду за дзіцем да трох гадоў. Яна не толькі даглядае маленькую Каталею, але і водзіць у дзіцячы сад чатырохгадовага браціка. На ёй у гэты час усе хатнія справы.

Дарэчы, маладая сям’я пакуль жыве ў цешчы. Наталля Віктараўна гаворыць, што Яўгеній для яе стаў як сын, ён –  працавіты, просты і далікатны чалавек.

У вольны час Наталля Вікта­раўна любіць выпякаць розныя прысмакі, якія падабаюцца ўсёй сям’і і любімаму зяцю. А таму яны ўпэўнены – пакуль спрыяе надвор’е, трэба працаваць, не губляючы часу. Бо сіла сям’і – у дружбе і хлебе!

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения