Аляксандр Аляксеевіч Клевановіч не першы год на ўборцы збожжа, раней працаваў з сынам. Сёлета дапамагае яму дасведчаны спецыяліст Дзмітрый Уладзіміравіч Савановіч. Раней ён працаваў у сельгасарганізацыі, потым памяняў месца працы. Зранку рыхтуе камбайн да выезду ў поле, падчас уборкі сочыць, каб зерне добра абмалочвалася.
Камбайнеры ААТ «Вітка-Агра» Генадзій Аляксеевіч Пыжык і Васілій Іванавіч Зуеў на камбайне КЗС-1218 таксама намалацілі больш за тысячу тон збожжа. У ліку тысячнікаў і вадзіцель Мікалай Іванавіч Хатэнка. З гэтай нагоды сельгасарганізацыю наведалі старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Аксёнавіч Лабушаў і старшыня абкама прафсаюза АПК Міхаіл Тарасавіч Бода. Падчас перапынку з-за дажджу працаўнікі сустракалі гасцей на мехдвары. Падзячныя пісьмы Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК уручылі работнікам гаспадаркі. Заахвоцілі іх і ад Слуцкага райвыканкама, прафсаюзнай арганізацыі.
Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў адзначыў, што нялёгкае сёлета жніво, у «Вітка-Агра», у прыватнасці, многа палегліцы.
– Вам няпроста ўбіраць хлеб, упэўнены, вы справіцеся, – гаварыў Дзмітрый Сяргеевіч звяртаючыся да камбайнераў.
Начальнік упраўлення адзначыў, што залог поспеху – высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, неабходна задзейнічаць усе рэзервы, каб своечасова і без страт убраць ураджай.
Генадзій Аляксеевіч Пыжык на жніве другі год, але мае добры вопыт работы. Адказны работнік, ён сумленна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў.
– Ураджай добры, толькі нябесная канцылярыя нас стрымлівае. Вось і зараз незапланаваны адпачынак, – дзяліўся Генадзій Аляксеевіч. – Але мы напагатове, каб адразу, як кажуць, у бой.
Сёлета разгарнулася сапраўдная барацьба за ўраджай. Работнікі сельгасарганізацый раёна ўпэўнены, з пастаўленымі задачамі справяцца і ўбяруць ўраджай у тэрмін.