Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Інвестыцыі ў будучыню

04.01.2018
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Сорагі-Агра» ў вытворчасці малака зроблены значны крок наперад: сярэднясутачны ўдой малака ад каровы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся больш чым на кілаграм, адпаведна вырасла і валавая вытворчасць. 

Вытворчасць малака і мяса мае вялікае значэнне, найперш гэта тычыцца эканомікі гаспадаркі. Малочная галіна даволі прыбытковая для ААТ «Сорагі-Агра»: рэнтабельнасць  складае 42 працэнты.  На рост прадукцыйнасці дойнага статка паўплывала рацыянальнае кармленне жывёлы. Напрыканцы мінулага года набылі кормараздатчык «Гаспадар»: для кожнай тэхналагічнай групы жывёлы рыхтуюць асобныя кормасумесі. Як вынік – плюс тона малака. 

У гаспадарцы завяршаюць будаўніцтва галерэі, якая звяжа малочнатаварны комплекс з  новым будынкам для ўтрымання дойнага статка, каб  перавесці комплекс на поўны тэхналагічны цыкл вытворчасці малака. Таксама праводзяць рэканструкцыю цёлачніка на 300 галоў.  Работы праводзяць за сродкі сельгасарганізацыі сіламі ўласнай будаўнічай брыгады. У перспектыве ў ААТ «Сорагі-Агра» плануюць сканцэнтраваць увесь дойны статак у адным месцы. 

Дарэчы, па выніках 2016 года ААТ «Сорагі-Агра» ў ліку іншых сельгасарганізацый вобласці, дзе працуюць маладыя кіраўнікі, былі выдзелены грашовыя сродкі. За іх у гаспадарцы набылі кормараздатчык і 9-корпусны плуг. 

– Раслінаводства ў нашай гаспадарцы працуе таксама вынікова. Валавы збор зерня з улікам кукурузы склаў 3 829,8 тоны.  Летась паменшылі пасевы кукурузы на 100 гектараў, якія адвялі пад травы. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 26,3 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў, 5 тысяч тон сенажу, 12 тысяч тон сіласу, сплюшчылі 312 тон зерня кукурузы. Добрая кармавая база садзейнічае паляпшэнню паказчыкаў у жывёлагадоўлі, – гаворыць дырэктар ААТ «Сорагі-Агра» Васілій Валянцінавіч Юшко.  – Зразумела, праблем у нашай галіне хапае, але паступова іх вырашаем. Цудаў не бывае, як працуем, такія вынікі і атрымліваем, гэтаму адпавядае і зарплата. Кожны чалавек на сваім працоўным месцы павінен якасна выконваць даручаную справу. Працаўнікі сельгасарганізацыі гэта добра разумеюць. Дысцыпліна ў нас – на першым плане, інакш станоўчага выніку не будзе. 

Загадчыца МТК вёскі Сорагі Мая Іванаўна Ленкавец адзначыла, што ў даільнай зале ў сярэднім ад кожнай каровы атрымліваюць па 18,5 кілаграма малака – добры паказчык. Палепшылі ў гаспадарцы таварнасць малака. Садзейнічае гэтаму ў ліку іншых фактараў адказнасць, стараннасць працаўнікоў: аператараў машыннага даення Тамары Уладзіміраўны Халюшковай (на здымку) і Ларысы Валяр’янаўны Ярошык. Сумленна больш за 20 гадоў працуе даглядчык Іван Антонавіч Гнядзько, іншыя жывёлаводы. Наталля Мікалаеўна Браткоўская, Таццяна Віктараўна Туровіч даглядаюць цялят з аднаднеўнага ўзросту да трох месяцаў, захаванасць – 95 працэнтаў. У мінулым годзе перадалі на дарошчванне 420 цялят. Значны ўклад у вытворчасць малака ўнесла гаспадарчае звяно па ўзнаўленні статка. Добрыя вынікі ў рабоце –  у аператара па штучным асемяненні кароў Алены Анатольеўны Гурыновіч. 

У ААТ «Сорагі-Агра» ёсць праблемы з кадрамі – не хапае спецыялістаў. У гаспадарцы гэту праблему таксама вырашаюць. Запрасілі на практыку двух будучых маладых спецыялістаў – ветурачоў. Як адзначыў Васілій Валянцінавіч Юшко, у іх ёсць жаданне працаваць, ды праявілі сябе з лепшага боку. Ёсць спадзяванне, што сёлета яны папоўняць рады спецыялістаў сельгасарганізацыі.

У ААТ «Сорагі-Агра» ўпэўнена набіраюць тэмп…

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения