Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Аператары па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту КСУП «Эксперыментальная база «Танежыцы» занялі першае месца ў раённым спаборніцтве.

17.11.2017

Аператары па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту КСУП «Эксперыментальная база «Танежыцы» занялі першае месца ў раённым спаборніцтве.

Раіса Міхайлаўна Басюк і Тэрэса Іванаўна Залужная (на здымку) упраўляюцца са статкам маладняку ў 142 галавы, бывае і больш. І вельмі добра ў іх гэта атрымліваецца: сярэднясутачныя прывагі – больш за 1 кг, «плюс» 155 г да ўзроўню 2016 года.

Пад’язджаем да фермы для маладняку ў Танежыцах. Даглядчыцы  заняты кармленнем цялятак: адных падводзяць бліжэй да паілкі, некаторым даюць малако ў асобных вядзерцах. Іх «дзеткі» дагледжаныя, чысценькія, такая мілата.

У чым сакрэт такой добрай прывагі? Ніякіх, гавораць даглядчыцы, сакрэтаў. Усё залежыць ад якасці корма і, канечне, іх руплівай працы. У клапатлівыя рукі Раісы Міхайлаўны і Тэрэсы Іванаўны цяляткі трапляюць праз 10 дзён пасля  нараджэння. На працягу прыкладна такога ж перыяду кожнага «новенькага» кормяць асобна з вядзерца, пасля пераводзяць да крыху старэйшых, якія  ядзяць ужо з агульнай паілкі.  Цялятак прымаюць два разы на тыдзень, калі шэсць, калі дзесяць, калі тры. А тых, што дасягнулі вагі ў 100 кг, пераводзяць на іншую ферму. Такі своеасаблівы кругазварот. Прыкладна 3 месяцы кожнае цяля знаходзіцца на адкорме ў Раісы Міхайлаўны і Тэрэсы Іванаўны.

На ферме даглядчыцы шчыруюць з 6 гадзін. Пачысціць, перасцяліць клеці, накарміць цялятак, калі трэба – дапамагчы ветэрынарам пры вакцынацыі. Раіса Міхайлаўна і Тэрэса Іванаўна ведаюць, якому з гадаванцаў трэба больш малака, якому – менш. Падрасціць цяля – што дзіця, смяюцца даглядчыцы. У гэты час адно з «немаўлят» пачынае смактаць пальцы Раісы Міхайлаўны, як маміна  вымя. Адразу зразумела, што яно з сённяшніх навічкоў. Любімчыкаў у статку ў даглядчыц няма, усім аднолькавая ўвага і клопат, а вось адметным «малышам», з характарам,  адразу даюць мянушкі. Жанчыны расказваюць пра сваіх гадаванцаў, і вочы іх усміхаюцца: праца хоць і клапатлівая, але падабаецца.

Працоўны стаж Тэрэсы Іванаўны Залужнай – больш за 30 гадоў, у ЭБ «Танежыцы» даглядчыцай яна працуе яшчэ толькі  два гады, а ў Слуцкім раёне, куды пераехала з Гродзеншчыны, ужо 14. У яе двое дзяцей і пяцёра ўнукаў.

Раіса Міхайлаўна Басюк у Танежыцах жыве і працуе больш за 10 гадоў, прыехала з Мікашэвічаў. Яна – мама чацвярых дзяцей і ўжо бабуля. У гаспадарцы працуе сын Раісы Міхайлаўны.
Большасць часу абедзве жанчыны занятыя на рабоце і хатнімі справамі, гаспадаркай: дом, агарод, жывёла, асабліва не да адпачынку.

– Самі мы з вёскі, таму сельскагаспадарчую працу ведаем з дзяцінства, – гаворыць Раіса Міхайлаўна. – Работа наша не з лёгкіх. Але палюбілі яе, ды ўжо і прывыклі.

– Дзеці, унукі, лад у сем’ях –  гэта радуе, – працягвае Тэрэса Іванаўна.
Развітваюся з гэтымі пазітыўнымі, усмешлівымі, добрымі жанчынамі. Яны спяшаюцца да сваіх «дзетак», якім не абысціся без ласкавых рук даглядчыц.

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения