Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Аб рабоце падчас жніва і аб планах на наступны год расказалі ў ААТ «Казловічы-Агра»

25.08.2022
На пачатку тыдня тут, як і ў большасці сельгасарганізацый раёна, завяршылі ўборку збожжавых культур, дажыналі апошнія 70 гектараў зернебабовых. 

– Боб вырас вельмі добры, на гэтым полі ўбіраем яго на насенне, на іншых – на кармавыя мэты. У нашай сельгасарганізацыі ёсць свой камбікормавы міні-завод. Пры вырабе камбікорму мы дабаўляем у яго і бабовую муку. Атрымліваецца добры корм для жывёлы з высокім утрыманнем бялка, – расказвае галоўны аграном Таццяна Качановіч. – На чарзе – уборка грэчкі і проса.  

Вышэй мінулагодняга ў гаспадарцы атрымалі ўраджайнасць збожжавых. Азімы ячмень даў 80,5 центнера з гектара, таму на наступны год яго пасевы плануюць павялічыць са 148 гектараў да 500. Атрыманы і добры ўраджай азімай пшаніцы. Тэхналогіі, кажуць, вытрымалі, але немалаважна, што спрыяла надвор’е, зерне паспела наліцца, пакуль пачалася засуха. Ды і другая палова ўборачнай кампаніі праходзіла без дажджоў. У скарбонцы сельгасарганізацыі больш за 14,5 тысяч тон збожжа.

Ужо выканалі план па здачы ў лік дзяржзаказу пшаніцы, зараз дапрацоўваюць на здачу піваварны ячмень. 

– Ні адна справа не робіцца сама. За ёй – людзі. Яны ў нас працавітыя і адказныя. Па дзве тысячы тон збожжа намалацілі і перавезлі нашы камбайнеры Максім Салавей, Яўген Тарашкевіч, Аляксей Гаеўскі, Мікалай Сучок, Іван Сінкевіч, вадзіцелі 
Аляксандр Радзюк, Аляксандр Грачак, Аляксандр Пракаповіч, Ігар Прышчэпа і Аляксандр Ласоцкі, – гаворыць аграном.

Сярод іншых сустракаю ў полі камбайнера-двухтысячніка Аляксея Гаеўскага. 

– Селетняя ўборачная для мяне – юбілейная, 20-я па ліку, – са шчырай усмешкай на твары адзначае Аляксей Робертавіч. – У сельгасарганізацыі працую даўно, вось ужо 12 гадоў, як займаюся вырошчваннем і ўборкай цукровых буракоў, іншымі работамі. Але ўборка збожжавых асаблівая. Яна надае сіл і веры ў лепшае. 

Любоў да працы Аляксей Робертавіч перадаў і сыну, які таксама працуе ў сельгасарганізацыі, прымае ўдзел ва ўборачных кампаніях. Праўда, сёлета ў сям’і Гаеўскіх сапраўды вялікая падзея – нарадзілася ўнучка. 

А таму ўвага бацькі, лічыць дзядуля, павінна быць толькі ёй, і за штурвалам камбайна спраўляецца адзін.

– Старанна працавалі і іншыя ўдзельнікі жніва, можа толькі дзесьці крышачку каму не пашанцавала, – адзначае галоўны аграном Таццяна Качановіч, – але з уборачнай работы не заканчваюцца. Завяршаем сяўбу азімага рапсу і з першага верасня прыступім да сяўбы азімых збожжавых. Зараз рыхтуем насенне, набываем эліту. У разгары – ворыва і падрыхтоўка глебы.

У гаспадарцы таксама вядуць кашэнне траў трэцяга ўкосу. Сёлета, адзначаюць спецыялісты, вільгаці было больш, а таму травы ўрадзілі, нарыхтавалі больш сенажу. Але расслабляцца тут не збіраюцца, у планах атрымаць і чацвёрты ўкос траў.

Сярод іншага – перагледзець плошчы пад азімыя культуры. Асаблівая ўвага – гатункам збожжавых замежнай селекцыі, якія далі большы ўраджай. За кошт памяншэння плошчаў яравых пасеваў павялічыць плошчы пад бялковыя культуры, каб атрымаць трывалую кармавую базу па травах.

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения