Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Промышленность

Сем пытанняў для Наталлі

13.06.2020
14 чэрвеня – Дзень работнікаў лёгкай прамысловасці


Наталля Пятроўна Стром працуе швачкай на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Слуцкія паясы», адна з лепшых работніц. У інтэрв’ю яна расказала пра сваю прафесію і пра сябе.


Наталля Стром уражвае з першага позірку – яркай прыгажосцю, не тыповай для сённяшняга часу сціпласцю, а яшчэ шчырай захопленасцю сваёй справай.

– Наталля, што галоўнае ў вашай рабоце?


– Цярпенне, за дзень адну і тую ж аперацыю даводзіцца выконваць сотні раз. Аднак мяне гэта ніколькі не напружвае. Дарэчы, я з першага дня зразумела – гэта мая работа, па душы. У снежні будзе 20 гадоў, як працую на «Слуцкіх паясах». Прафесія ў мяне ўсё тая ж – швачка, праўда, цяпер чацвёртага разраду.



– Што абумовіла ваш прафесійны выбар?


– Выпадковасць ці заканамернасць, хто ведае, але так склалася. Я ўраджэнка Слуцка, пасля заканчэння школы вырашыла ўладкавацца на працу. Былі вакансіі на «Слуцкіх паясах», прыйшла на фабрыку, з таго часу тут і працую. Спачатку была вучаніцай, дапамагалі больш вопытныя работніцы. Мяне ўводзіла ў прафесію тэхнолаг прадпрыемства Наталля Георгіеўна Новікава. Вельмі ёй удзячна за дапамогу, добрыя парады. Цяпер я сама ўжо настаўнік на вытворчасці, дапамагаю маладым работніцам авалодваць прафесіяй швачкі. Напрыклад, у ліку маіх вучаніц Наталля Кот, якая цяпер занята на пашыве коўдр, Анжаліка Краўчук, якая працуе ў швейным цэху.

– На якіх швейных машынах працуеце, якія аперацыі выконваеце?


– Я магу працаваць на любых швейных машынах на нашым прадпрыемстве, у тым ліку «Джукі», «Мінерва» і іншых. Швейныя аперацыі раблю розныя, у залежнасці ад віду прадукцыі, гэта можа быць сшыванне дэталяў вырабу, аверлок, выкананне дэкаратыўных і іншых швоў. Восем гадоў я працавала ў швейным цэху «Слуцкіх паясоў», разам з калегамі была задзейнічана на пашыве рознага адзення, спецадзення для работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. Цяпер працую ў прадзільна-ткацкім цэху. У маіх абавязках швейная «апрацоўка» тканых і іншых вырабаў – пледаў, пакрывал, ручнікоў, сурвэтак, абрусаў, камплектаў для сталовых і гасцёўняў. Можна з упэўненасцю сказаць, што я канчаткова завяршаю выраб, напрыклад, абстрочваю краі, выконваю іншыя швейныя аперацыі, на ручніках уручную раблю кутасы (кисти). Вырабы трапляюць да мяне ў рулонах, так што я займаюся яшчэ іх раскроем, а таксама прасаваннем. Карацей кажучы, работа разнастайная, мне падабаецца.

– Наталля, я ведаю, што прадпрыемства «Слуцкія паясы» акрамя іншага цяпер займаецца вытворчасцю ахоўных санітарных масак. Вы таксама задзейнічаны на гэтай вытворчасці?

– А як жа. Шыем маскі са спанбонда і тканіны, гэтыя вырабы адпраўляюцца ў Мінск, іншыя рэгіёны. Раней пашылі і паставілі партыі масак на слуцкія прадпрыемствы. Працуем напружана, за восем гадзін швачка павінна пашыць 370 масак. Спраўляемся, разумеем, што цяпер гэта асабліва неабходная прадукцыя.

– Жаданне працаваць у немалой ступені абумоўлівае спрыяльная атмасфера ў калектыве. Ці не так?


– Канечне, добразычлівыя адносіны, увага калег – вялікая справа. У нашым калектыве дапамагаюць адзін аднаму, а яшчэ прыбаўляе сіл, натхнення сяброўства. У ліку маіх сяброў інжынер па ахове працы Наталля Леанідаўна Барыкіна, кантралёр па якасці Таццяна Уладзіміраўна Медзюлянова. Разам мы абмяркоўваем і рашаем не толькі вытворчыя, але і жыццёвыя задачы. Гэта важна.

– Наталля, чым займаецеся ў вольны час?


– Люблю вязаць, працаваць на прысядзібным участку, дзе разам з мамай мы вырошчваем агародніну і кветкі, люблю сустракацца са сваімі братамі і сёстрамі – я ж з мнагадзетнай сям’і, нас у мамы ажно сямёра! Так што сумаваць не даводзіцца.

– Пра што марыце?

– Для сябе – хацелася б мець асобную кватэру. А калі гаварыць у цэлым – каб людзі не хварэлі, не крыўдзілі адзін аднаго, каб кожны дзень напаўнялі добрымі думкамі і справамі, тады жыццё стане больш яркім, шчаслівым… Ну і, канечне, каб куплялі вырабы нашага прадпрыемства. Яны прыгожыя і карысныя, бо зроблены з любоўю.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения