Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Промышленность

На Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў арганізавалі працоўнае спаборніцтва «Лепшы па прафесіі»

24.07.2021
На фота: працаўнікі лініі фасоўкі Яўгеній Яльніцкі, Дзмітрый Раўба,
Анатолій Фішман
(майстар), Аляксандр Смалякоў, Уладзімір Макарэня.



На Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў арганізавалі працоўнае спаборніцтва «Лепшы па прафесіі»: пераможцаў заахвочваюць і маральна, і матэрыяльна.

Ранейшая школа працоўнага выхавання і стымулявання, як паказала гісторыя, не самы горшы варыянт матывацыі чалавека да працы. Адаптаваныя формы працоўнага стымулявання нядрэнна прыжываюцца на сучаснай вытворчасці. Гэта пацвярджае і практыка адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў».

– У мінулым годзе па ініцыятыве кіраўніцтва на нашым прадпрыемстве распрацавалі спецыяльнае палажэнне аб арганізацыі ў падраздзяленнях працоўнага спаборніцтва сярод работнікаў розных прафесій, – расказвае намеснік дырэктара Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў Уладзімір Гярэга. – Мэта такога ўвядзення – павышэнне зацікаўленасці працаўнікоў у высокавыніковай рабоце, рост прадукцыйнасці, якасці працы, прафесійнага майстэрства работнікаў камбіната. У спаборніцтве прымаюць удзел працаўнікі 20 падраздзяленняў прадпрыемства.




Па словах Уладзіміра Аляксандравіча, устаноўлены шэраг патрабаванняў па вызначэнні лепшых па прафесіі: не толькі высокапрадукцыйная работа, але і ініцыятыўнасць, дысцыплінаванасць, выкананне неабходных патрабаванняў санітарыі, аховы і бяспекі працы і іншыя. Нават пры самых высокіх паказчыках работы працаўніку не стаць пераможцам, калі ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці крымінальнай адказнасці. Вынікі працоўнага спаборніцтва «Лепшы па прафесіі» падводзяць штоквартальна і за год, у перыяд нарыхтоўкі сыравіны – штомесяц. Фотаздымкі пераможцаў размяшчаюць на стэндах у працоўных падраздзяленнях, а яшчэ лепшыя па прафесіі атрымліваюць матэрыяльны бонус: па выніках квартала – 4 базавыя велічыні, па выніках года – 6, за месяц у перыяд нарыхтоўкі сыравіны – 2 базавыя велічыні.

Як падкрэсліў Уладзімір Гярэга, падвядзенне вынікаў працоўнага і прафесійнага спаборніцтва праводзіцца публічна, з абмеркаваннем кандыдатур, з падпісаннем пратаколаў пасяджэнняў калектываў падраздзяленняў. Такое спаборніцтва на камбінаце прымяняюць ужо паўтара года, ні разу не ўзнікала праблем ці непаразуменняў.

Пагутарыўшы з некаторымі працаўнікамі камбіната, пераканалася, што кіраўніцтва прадпрыемства абрала правільную тактыку працоўнага стымулявання, работнікі падтрымліваюць яе.







Таццяна КАРУЛІС, выконваючая абавязкі начальніка размольнага цэха:

– У мінулым годзе па выніках чацвёртага квартала я была ў ліку лепшых па прафесіі. Відавочна, гэта добры стымул для работнікаў, любому прыемна, калі акружаючыя, калегі заўважаюць яго працу, стараннасць, павышаецца самаацэнка. Ну і матэрыяльны стымул немалаважны, лепшыя працаўнікі за квартал атрымліваюць да заработку 116 рублёў, добры дадатак. Дзякуй кіраўніцтву камбіната за такі падыход.

Зараз на прадпрыемстве пачынаецца гарачая пара прыёмкі збожжа новага ўраджаю. У нашым цэху 56 працаўнікоў, правялі рамонтныя, наладачныя работы абсталявання, на лініі ўстанавілі два новыя агрэгаты для прасейвання мукі. Працуем з поўнай аддачай – стымул ёсць.




Аляксандр СМАЛЯКОЎ, грузчык лініі фасоўкі ўчастка сыравіны і гатовай прадукцыі камбікормавага цэха:

– Па выніках другога квартала наш майстар Анатолій Фішман, машыністы расфасовачна-ўпаковачнай машыны Уладзімір Макарэня, Дзмітрый Раўба і я сталі лепшымі па прафесіі. На маю думку, гэта добрая ідэя – арганізаваць такое спаборніцтва. Яно сапраўды стымулюе, дух здаровага саперніцтва – таксама матывацыя да прафесійнага самаўдасканалення. Я, напрыклад, авалодаў сумежнымі спецыяльнасцямі. Мне ўвогуле падабаецца працаваць на гэтым прадпрыемстве, бо стабільны заработак, важкі сацыяльны пакет, для моладзі праводзяць розныя мерапрыемствы, удзельнічаем у культурным, спартыўным жыцці Случчыны.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения