Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Промышленность

Льнозавод прыступіў да цераблення льну

15.07.2021
Галоўны аграном ільнозавода Вольга Рылач.

Якасць яго радуе спецыялістаў. Можна разлічваць на добры эканамічны эфект, кажуць яны, паколькі першапачатковае значэнне мае якасць сыравіны.

Калі ў мінулым годзе было многа палегліцы, то сёлета яе практычна няма, таму варта правесці работы па церабленні культуры як мага хутчэй. Праўда ёсць і некаторыя мінусы таго, што стаяць спякотныя дні. Вылежка трасты патрабуе менш часу, калі ў паветры ёсць вільготнасць. А яе зараз недастаткова. Таму, па меркаваннях спецыялістаў, вылежка трасты можа зацягнуцца з 20 да 40 дзён.

– Аднак на загружанасць камбіната гэта не паўплывае, – сцвярджае дырэктар Віктар Арэстовіч. – З мінулагодняга ўраджаю ў нас засталося 3,5 тысячы тон трасты. Таму сёлета пасяўныя плошчы былі зменшаны амаль на чвэрць. Плануем сабраць каля 11 – 12 тысяч тон трасты, якой хопіць (з улікам астаткаў) для поўнай загрузкі завода  да новага ўраджаю.

У гэтым годзе лён вырошчвалі ў трох раёнах: Слуцкім, Салігорскім і Капыльскім. Усяго пад яго адведзена 3 057 гектараў.  У параўнанні з мінулымі гадамі значна зменшылася аддаленасць палеткаў, дзе вырошчваецца культура, ад прадпрыемства, што спрыяе меншай затратнасці пры яе сяўбе, апрацоўцы і ўборцы. Дарэчы, як адзначаюць спецыялісты, лепш за ўсё лён урадзіў у нашым раёне. Зараз яго цярэбяць каля Казловіч і ў Капыльскім раёне.

Механізатараў, занятых на церабленні льну, два разы на дзень забяспечваюць харчаваннем, 70 працэнтаў якога аплачвае завод. Сюды ж, на поле, дастаўляецца і паліва для тэхнікі, на ўскрайку яго размяшчаецца перасоўны рамонтны пункт.



Праца наладжана як след. Заканчваецца церабленне льну на зелянец – разам з галоўкамі, якія будуць ачэсваць пасля вылежкі і пад’ёму на заводзе. Так плануюць убраць 30 працэнтаў плошчаў, што дасць магчымасць раней паставіць трасту на перапрацоўку.

– Са льну, што расце на астатніх 70 працэнтах палеткаў, важна сабраць насенне, каб забяспечыць ім прадпрыемства на наступны год, – заўважае Віктар Арэстовіч. – Вырошчваем раннія, сярэдне- і познеспелыя сарты льну, прычым каля 85 працэнтаў плошчаў засяваем насеннем айчынных гатункаў.

Вырасціць добры ўраджай, своечасова яго ўбраць і перапрацаваць – асаблівая задача. Ад гэтага залежыць эканоміка прадпрыемства, бо чым лепшая траста, тым больш высоканумарное валакно. А значыць – канкурэнтаздольнае на рынку. У гэтым годзе мы пастаўляем сваю прадукцыю на экспарт у Кітай, Расію, В’етнам, Літву і Чэхію. Дарэчы, у мінулым годзе ў Кітай мы пастаўлялі 80% ад усяго экспарту прадукцыі. У сувязі з каронавірусам сёлета гэта краіна зменшыла закупкі нашай прадукцыі. Таму зараз асабліва востра стаіць задача атрымаць высакаякаснае валакно, якое будзе запатрабавана на ўнутраным рынку, пашыраць геаграфію экспарту.

Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения