Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Выхаваць патрыёта. Ці проста гэта?

05.07.2021
Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення заўсёды было важнай задачай дзяржаўнай значнасці. Не губляе актуальнасці яно і зараз, асабліва ў свеце таго, што сёння некаторыя імкнуцца перапісаць нашу гісторыю, навязаць свае пункты погляду, па-іншаму павярнуць ход нашай гісторыі. Як жа выхаваць пачуццё патрыятызму, адказнасці ў маладых людзей, сваімі думкамі і вопытам дзяліліся ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, арганізаванай «Слуцкім краем».

Алена БІРКАС, намеснік дырэктара сярэдняй школы №5 па выхаваўчай рабоце:

– Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – адна з галоўных задач, якая стаіць перад сучаснай школай. Важна выхаваць людзей мужных, смелых, дысцыплінаваных, адукаваных, якія б хацелі вучыцца, працаваць на карысць Радзімы, а ў выпадку неабходнасці – і стаць на яе абарону.

Вялікае значэнне маюць штотыднёвыя інфармацыйныя гадзіны з удзелам прадстаўнікоў ветэранскіх арганізацый, вядомых ураджэнцаў Случчыны, спартсменаў, прадстаўнікоў в/ч 18662. Падчас іх правядзення асаблівая ўвага надаецца пытанням прысвечаным Году народнага адзінства, Дню дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, 76-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і іншым. Важна, каб рабяты ведалі і аб падзеях, якія адбываюцца ў горадзе, краіне.

У выхаванні важную ролю адыгрываюць добрыя традыцыі, пераемнасць пакаленняў. Гэта правядзенне ўрокаў мужнасці, аперацыі «Абавязак», мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні воінскіх магіл, аказанне дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікам тылу. Такія мерапрыемствы дапамагаюць рабятам датыкнуцца да гісторыі, сустрэцца з жывымі сведкамі мінуўшчыны, адчуць гонар за іх подзвіг.

На базе нашай установы з 1997 года функцыянуюць  ваенна-патрыятычныя класы (10-я і 11-я). Цесна ўзаемадзейнічаем з ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь. Выпускнікі школы штогод паступаюць ва ўстановы сілавых структур.

Большую ўвагу, на мой погляд, патрэбна надаваць краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці. З вопыту скажу, што нікога не пакідае раўнадушным наведванне мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай у час вайны вёскі Пераходы.

Асобна хочацца расказаць пра наш клуб «Патрыёт». Рабяты, якія наведваюць заняткі, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праводзяцца сумесна з вч 18662. Разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама арганізавана пошукавая дзейнасць у банку дадзеных «Мемарыял» аб абаронцах Айчыны, загінулых, памерлых і прапаўшых без весткі ў перыяд вайны.

Думаю, з увядзеннем у школах пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні падлеткі не толькі змогуць атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, але і больш шырокае ўяўленне аб воінскай службе і ваеннай справе.

Дзяніс БАГДАНОВІЧ, начальнік аддзялення прызыву ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў:

– На маю думку, вельмі добра, што ў школах з’явяцца настаўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Але ж іншае пытанне – хто будзе выкладаць гэту дысцыпліну. Неабходна, каб гэта быў чалавек дасведчаны, каб ён быў аўтарытэтам, каб да яго прыслухоўваліся. 

Вось толькі некаторыя бацькі не задумваюцца, чаму ўзнікла гэта неабходнасць… Прыходзяць да нас будучыя прызыўнікі і не ведаюць, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Выпускнікі школ не ведаюць гісторыю, не кажу, што ўсе. Гэта сведчыць толькі аб адным – адсутнасць бацькоўскага выхавання і незасвоеная школьная праграма. Вось на дзяржаўным узроўні і будуць гэта выпраўляць.

Ваенна-патрыятычнае выхаванне, асабліва для хлопцаў, – гэта аснова станаўлення асобы, гэта своеасаблівы крок да ўсведамлення сябе чалавекам, мужчынам, грамадзянінам. Гэта менавіта тое, што стварае пераемнасць пакаленняў, гэта перадача гістарычнай памяці, асноў культуры і маральных каштоўнасцей грамадства. 

Сям’я і школа разам павінны займацца патрыятычным выхаваннем. Зараз з’явіліся месэнджары, усе «сядзяць» у інтэрнэце. Мы таксама ім карыстаемся, чытаем, але ж там іншы раз такое пішуць, а моладзь успрымае ўсё за чыстую манету. Куды вецер падуе, туды яны і ідуць. Гэта сапраўдная пагроза нацыянальнай бяспецы.

У савецкія часы патрыятычнае выхаванне базіравалася на гісторыі нашых продкаў. Раней так востра гэта пытанне не стаяла. 

Перш за ўсё, на маю думку, выхаванне пачынаецца з сям’і. Бацькі сваім прыкладам павінны паказваць, што любяць краіну, у якой нарадзіліся і жывуць, ганарацца ёй, дасягненнямі ў розных галінах дзейнасці, і проста тым, што гэта Радзіма. 

Анатолій ПАПОЎ, намеснік старшыні Слуцкай раённай арганізацыі імя Маршала Г.К. Жукава Беларускага саюза афіцэраў, падпалкоўнік у адстаўцы:

– На шчасце, спроба дзяржаўнага перавароту ў Беларусі не атрымалася. Але ЗША, іншыя краіны НАТА на гэтым не спыняюцца, працягваюць палітыку, накіраваную супраць Беларусі. У такой сітуацыі ваенна-патрыятычнае выхаванне насельніцтва, моладзі набывае асаблівае значэнне. Работа з падрастаючым пакаленнем – адзін з галоўных кірункаў дзейнасці Беларускага саюза афіцэраў, у тым ліку Слуцкай арганізацыі. З 2007 года агітацыйна-прапагандысцкая група нашай арганізацыі праводзіць урокі мужнасці для навучэнцаў школ Случчыны. У гэтай рабоце ўзаемадзейнічаем з 30-й асобнай чыгуначнай брыгадай, ваенным камісарыятам Слуцкага і Старадарожскага раёнаў, райкамам БРСМ, ДТСААФ, філіялам КУП «Мінаблкінавідэапракат». Гэта ўжо стала сістэмай: кожную сераду мы праводзім урокі мужнасці ў адной з устаноў адукацыі Случчыны – расказваем  пра гераічнае мінулае нашай краіны, Вялікую Айчынную вайну,  іншыя падзеі ў жыцці дзяржавы, адвагу і мужнасць вайскоўцаў падчас вайны ў Афганістане, ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і іншае. У мінулым навучальным годзе такія ўрокі правялі ў 13 школах. Ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі знайшлі выйсце, як праводзіць урокі мужнасці дыстанцыйна: зрабілі відэазапіс урока  па тэме «Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд», які адправілі ва ўсе школы Случчыны. 

Немалы ўклад у фарміраванне трывалай грамадзянскай пазіцыі моладзі, патрыятызму ўносіць музей вайны і працы, прысвечаны гісторыі легендарнага 29-га танкавага Знаменскага ордэна Леніна Чырванасцяжнага ордэна Суворава корпуса, які дзейнічае пры Слуцкай арганізацыі БСА. Гэта толькі частка нашай ваенна-патрыятычнай дзейнасці, ёсць і іншыя кірункі, мерапрыемствы. Пазіцыя Беларускага саюза афіцэраў: трэба актыўней  праводзіць патрыятычную работу ў грамадстве, з падрастаючым пакаленнем. 

Увядзенне пасад кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах толькі часткова рашыць праблему. 

Напэўна, будзе мэтазгодным стварэнне на базе ДТСААФ цэнтраў ваенна-патрыятычнага выхавання для наведвання іх навучэнцамі малакамплектных школ, разгортванне на іх базе цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Марк АЎСІЕВІЧ, зваршчык Слуцкай ЖКГ:

– На працягу ўсёй нашай гісторыі адной з асноўных прычын, якая яднала народ, дапамагала пераадольваць цяжкасці і нягоды, на мой погляд, з’яўлялася менавіта любоў да Радзімы.

Я не раз задаваўся пытаннем, ці зможа сучаснае пакаленне маладых людзей у выпадку ваенных дзеянняў, як у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, пайсці на фронт, нягледзячы ні на што, абараняць сваю радзіму да апошняга.

На маю думку, добра было б, каб ваенна-патрыятычныя класы былі ў кожнай школе, часцей праводзіліся ўрокі мужнасці, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, дыялогавыя пляцоўкі. Вельмі добра, што ў школах пачнуць працаваць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. 

– Я як раз вучылася ў ваенна-патрыятычным класе, – дадае выпускніца СШ №5 Ксенія Ермаковіч. – І я згодная з Маркам, рабятам патрэбен годны прыклад для пераймання. Сустрэчы з ветэранамі ў нас у школе заўсёды праходзілі на «ўра». Падлеткам трэба расказваць аб подзвігах іх равеснікаў і аб тым, што людзі змагаліся за сваю радзіму, нягледзячы ні на што, і гэта іх яднала.

У маім уяўленні патрыятызм – гэта бязмежная любоў і адданасць Радзіме, жаданне быць карысным сваёй краіне. І я лічу, што сёння мы, маладыя, павінны імкнуцца рабіць добрыя справы, праяўляць сябе, удзельнічаць у грамадскім жыцці, добра ўзважваючы і пераасэнсоўваючы інфармацыю, якая з’яўляецца ў інтэрнэце, некаторых іншых сродках масавай інфармацыі.

Наталля СЕРЫК, дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея:

– Сёння ёсць спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, таму асаблівую ўвагу мы, супрацоўнікі музея, надаём гэтай тэме: вельмі важна данесці да маладога пакалення гістарычную праўду – хто здабыў Перамогу, хто адстаяў свабоду і незалежнасць краіны.

У нашым музеі, яго філіялах  рэгулярна праводзім тэматычныя выставы, лекцыі, іншыя мерапрыемствы гістарычна-патрыятычнага накірунку. Штогод арганізуем выстаўкі экспанатаў музея да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Знаходзяць водгук у наведвальнікаў пераканаўчыя, уражваючыя трагічнасцю фактаў пра Случчыну часу нямецка-фашысцкай акупацыі праекты загадчыка этнаграфічнага музея  Валерыя Ажэўскага «Случчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Слуцкі лагер палонных», навуковага супрацоўніка краязнаўчага музея Васілія Цішкевіча «Спаленыя вёскі». Арганізуем экскурсіі, сустрэчы, мерапрыемствы менавіта для школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў, Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, напрыклад, перасоўныя выставы ў школах, а таксама гарадскім парку культуры і адпачынку, на раённых святах. Актыўна працуем у інтэрнэт-прасторы, летась ажыццявілі цікавы праект у сацыяльных сетках з аповедам пра канкрэтных герояў Вялікай Айчыннай вайны – нашых землякоў, з апублікаваннем фотаздымкаў, рэчаў, матэрыялаў пра гэтых людзей.  А сёлета вялікі водгук у школьнікаў Случчыны знайшоў праект «Маленькія героі вайны» супрацоўніцы галерэі мастацтваў Арыны Міронавай – пра піянераў-герояў.

Відавочна, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, – работа комплексная, штодзённая, карпатлівая. І пачынаць яе трэба з самых ранніх гадоў.

Можна не стаць вялікім вучоным ці начальнікам, але быць патрыётам сваёй краіны, любіць яе, жыць і працаваць дзеля яе дабрабыту, а калі будзе неабходнасць, то і стаць на яе абарону. Давайце ж берагчы Беларусь і вучыць гэтаму дзяцей!

«СК».
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения