Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

У Слуцку працягваецца будаўніцтва жылля для мнагадзетных сем’яў

26.11.2020
 Сваё жыллё, добраўпарадкаванае, у новым прыгожым мікрараёне, з развітай інфраструктурай – ці не мара для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей! Дзякуючы сацыяльна арыентаванай дзяржаўнай палітыцы, яно стала рэальнасцю для многіх сем'яў, і ў першую чаргу – мнагадзетных.

Актыўна будаўніцтва такога жылля вядзецца і ў Слуцку. Шматпавярхоўкі адну за другой узводзяць у мікрараёне «Чэхава». Так, з пачатку гэтага года ўжо пабудаваны і заселены тры дамы, а гэта 204 кватэры!

Па словах галоўнага інжынера ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Сяргея Валер'евіча Куліка, у канцы гэтага месяца плануецца ўвод у эксплуатацыю чацвёртага дома для мнагадзетных – нумар 15 па генплане. А гэта яшчэ 40 кватэр – 20 трохпакаёвых і столькі ж двухпакаёвых. Яго будаўніцтва падыходзіць к канцу, зараз на дадзеным аб'екце вядуцца пусканаладачныя работы. Да канца года плануюць здаць яшчэ адзін дом для мнагадзетных (нумар 11 па генплане) на 64 кватэры. Апошні ў стадыі гатоўнасці 85 працэнтаў. Усяго – пяць дамоў для гэтай катэгорыі грамадзян. Праўда, эпідсітуацыя ўносіць свае карэктывы, заўважае Сяргей Валер'евіч, людзі, занятыя на будоўлі, таксама хварэюць, таму тэрміны могуць крышачку падзвінуцца. У планах да канца года ўвесці ў эксплуатацыю і 60-кватэрны сацыяльны дом (нумар 13 па генплане) і 40-кватэрны дом для ваеннаслужачых (нумар 14 па генплане).



Генпадрадчык будаўніцтва цаглянай шматпавярхоўкі для мнагадзетных сем'яў (нумар 15 па генплане) – Мінаблсельбуд, на будаўніцтве панэльных дамоў – Салігорскі домабудаўнічы камбінат. У залежнасці ад забудоўшчыка кошт аднаго квадратнага метра жылля ў такіх дамах вагаецца ад 1 050 да 1 281 беларускіх рублёў. Пры будаўніцтве жылля многія грамадзяне скарысталіся дзяржаўнай падтрымкай – субсідыі і сямейны капітал. Пэўныя сумы, у залежнасці ад сямейнага становішча, некаторыя сем'і ўнеслі дадаткова.

– Каб грамадзянам з дзеткамі жылося камфортна, у пяціпавярховых цагляных дамах прадугледжаны падвальныя памяшканні, дзе для кожнай кватэры будуць свае гаспадарчыя месцы. У панэльных дамах пабудаваць іх такой магчымасці няма, – адзначае галоўны інжынер Сяргей Валер'евіч Кулік. – Затое ўстанаўліваем грузапасажырскія ліфты, у якія можна будзе зайсці, скажам, з каляскай ці веласіпедам. Ва ўсіх дамах прадугледжаны прасторныя тамбуры.  Ужо гадоў дзесяць, як практыкуецца пры будаўніцтве жылля і ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у жылых пакоях. Праўда, кватэры ў дамах (а гэта пажаданне іх будучых жыльцоў) здаюцца без унутранай аддзелкі. Грамадзяне маюць магчымасць потым выбраць шпалеры і іншае на свой густ. Аднак некаторыя з іх усё ж выказваюць жаданне выканаць аддзелачныя работы сіламі генпадраднай арганізацыі. Звяртаюцца з заявамі і такія работы для іх таксама выконваюць. У доме, які амаль гатовы да здачы, такіх кватэр з унутранай аддзелкай пяць. Для выканання аддзелачных работ грамадзянам прадастаўляецца права скарыстацца льготнымі крэдытамі банка. Пры ўводзе ў эксплуатацыю ўсе кватэры здаюцца з уваходнымі металічнымі дзвярыма, газавымі плітамі.



Пад кожную кватэру, згодна плана, у крокавай даступнасці адведзена месца для паркоўкі транспарту. Каля дамоў таксама прадугледжаны гульнёвыя пляцоўкі з гумавым пакрыццём для прадухілення дзіцячага траўматызму. На іх  устаноўлены сучасныя гульнёвыя комплексы.

Для добраўпарадкавання прылягаючай тэрыторыі ўстаноўлены лаўкі, прыстасаванні для выбівання дываноў, урны для смецця. Есць і зялёныя насаджэнні.



– Забудоўваць мікрараён плануем у дзве чаргі, – расказвае Сяргей  Валер'евіч. – Першую чаргу плануем закончыць у  2021 годзе, гэта 16 дамоў. Яшчэ сем дамоў для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудуем у другую чаргу, гэта значыць у 2021 – 2025 гадах.

Яшчэ адзін 80-кватэрны дом у нашым горадзе з'явіцца ў наступным годзе непадалёк ад перакрыжавання вуліц Леніна і Гагарына. У планах будаўніцтва арэнднага жылля па 2-му завулку Чайкоўскага насупраць ужо існуючага дома, які пабудавалі яшчэ ў 2017 годзе на 60 кватэр. Як паказвае практыка, такое жыллё карыстаецца попытам, усе кватэры заселены.



Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения