Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

У Дзешчанках Узденскага раёна адкрылі сімвалічны знак Бульбе

13.09.2021
Кожная краіна мае свой гастранамічны брэнд, які бясконца піярыць. Харчовая «візітная картка» нашай краіны – бульба. На Міншчыне ёсць месца, дзе яе любяць асабліва – аграгарадок Дзешчанка Уздзенскага раёна. Кожную восень тут ладзяць бульбяныя ярмаркі, кірмашы, фэсты. Не стаў выключэннем і гэты год: сёння ўсіх, хто не можа жыць без «другога хлеба» запрашаюць на рэгіянальны фестываль-ярмарку «Бульбяны фэст». Фішка свята – адкрыццё сімвалічнага знака Бульбе. Дарэчы, пасадзейнічаў гэтаму непасрэдна старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, піша МЛЫН.BY



Увогуле, з бульбай у жыхароў Дзешчанкі асаблівыя адносіны. Яшчэ 11 год таму (15 верасня 2010 года) на базе мясцовага вучэбна-педагагічнага комплекса «Дзешчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа» з’явіўся першы на Беларусі музей бульбы. Чаму менавіта тут? Усё проста: раней на месцы ўстановы адукацыі знаходзілася эксперыментальная база імя Суворава, дзе спецыялісты вырошчвалі новыя насенныя сорты бульбы беларускай селекцыі. Пасля тут пабудавалі дзіцячы сад-сярэднюю школу, і, каб зберагчы гісторыю населеннага пункта, на яе базе стварылі музей бульбы. Экспанаты збіралі, як кажуць, усім светам — і хутка іх набралося пад сотню. Але чагосьці ўсё роўна не хапала…

Як адзначыла кіраўнік школьнага музея бульбы Людміла Жандармава, калі ёсць музей – павінен быць і знак бульбе! Дзеці разам з бацькамі прыдумалі макеты, распрацавалі дызайн магчымага сімвалічнага знака, але ўсё гэта так і засталося на паперы.


Пакуль 1 верасня 2020 года ўстанову адукацыі не наведаў Аляксандр Турчын. Школьнікі запрасілі кіраўніка вобласці ў школьны музей бульбы, і пад час размовы з старшынёй аблвыканкама вучаніца 11 класа  Хрысціна Жылюк адзначыла: не перашкодзіла б стварыць у аграгарадку знак у гонар брэндавай агародніны. Аляксандр Турчын ініцыятыву вучняў падтрымаў, параіў правесці конкурс на лепшы дызайн сімвалічнага знака і паабяцаў дапамогу ў яго вырабе.

На працягу года школьнікі, іх бацькі і настаўнікі выбіралі лепшы праект будучага знака. Варыянтаў, між тым, было шмат: бульба з вусамі і чубам, бульба з саламяным капелюшом, бульба з дзяржаўным флагам. Нарэшце, пасля ўсеагульнага галасавання, быў вызначаны макет-пераможца — камень, на якім зверху ўсталяваны кошык з бульбай. Непасрэдна выбарам месца, распрацоўкай макета займаўся актыўны жыхар Дзешчанкі, паважаны жыхар Уздзеншчыны Вадзім Лойка. А вось фінансавыя рахункі ўзяў на сябе кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Алімп-Агра» Юрый Лойка.


Як адзначыў Аляксандр Турчын, фестываль-ярмарка «Бульбяны фэст» мае ўсе шанцы выйсці за межы вобласці:

– У гэтым годзе свята мае лакальны характар, але я ўпэўнены, што ў будучым яно перарасце ў маштабнае свята! Калі не міжнароднага ўзроўню, то рэспубліканскага адназначна! Для гэтага ўсё ёсць. Да таго ж, бульба – гэта не проста культура, гэта брэнд краіны. Многія асыцііруюць Беларусь менавіта з бульбай!

Адзначыў старшыня Мінаблвыканкама і поспехі беларускіх вучоных у развіцці бульбаводства:
– Мяркую, што яны на правільным шляху, бо вельмі шмат сортаў бульбы даюць добрыя ўраджайнасці, моюць добрыя смакавыя якасці, – падкрэсліў Аляксандр Турчын. – Хацелася б, каб мы такія вынікі атрымлівалі паўсюдна па краіне. Пакуль жа ўраджайнасцю і смакам мы занадта пахваліцца не можам. Таму нам ёсць, да чаго імкнуцца. І гэта тычыцца не толькі бульбы. Маецца на ўвазе ўвогуле садавіна і агародніна, што прапаноўваюць нашыя вучоныя. Асабліва тая прадукцыя, якая вывозіцца за межы краіны.


Пасля адкрыцця сімвалічнага знака Бульбе школьнікі запрасілі Аляксандра Турчына на выставу дасягненняў навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а таксама сельскагаспадарчых арганізацый Уздзенскага, Дзяржынскага, Стаўбцоўскага і Лагойскага раёнаў. Азнаёміўся кіраўнік вобласці і з працай сялянска-фермерскай гаспадаркі «Алімп-Агра».

Наведаў Аляксандр Турчын вучнёўскую эксперыментальную лабараторыю, што працуе на базе вучэбна-педагагічнага комплекса «Дзешчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа». Дзевяцікласнікі Ганна Клімашэвіч і Улад Іваноў расказалі пра цікавае даследаванне бульбы.


Між справай, старшыня пацікавіўся ў вучняў, куды плануюць паступаць, ці вызначыліся з будучай прафесіяй. Хрысціна Жылюк падзякавала Аляксандра Турчына за дапамогу ва ўсталяванні сімвалічнага знака Бульбе і прапанавала зрабіць сумеснае фота на яго фоне.

І ўсе ж пабываць на свяце ў гонар бульбы і не паспрабаваць яе – непрабачная памылка. Тым болей, что выбраць тут было з чаго: бульба вараная, смажаная, у збаночках, клёцкі… Я нават пашкадавала, што дома добра паснедала. Але ўсё ж не ўтрымалася: пачаставалася свежаспечанымі дранікамі са смятанкай! Смаката!

Пакуль адны госці фэсту дэгуставалі «вінавайцу ўрачыстасці» – іншыя бавілі час на спартыўнай пляцоўцы, інтэрактыўных «Шашкібульб», «Горад майстроў». Тут жа можна было ацаніць працы ўдзельнікаў конкурса-выставы малюнкаў і вырабаў з бульбы.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения