Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Ад маладога спецыяліста да намесніка дырэктара прадпрыемства менш чым за 10 гадоў? Гэта рэальна!

07.06.2020
7 чэрвеня – Дзень меліяратара

Ад маладога спецыяліста да намесніка дырэктара прадпрыемства менш чым за 10 гадоў? Гэта рэальна! 

Аляксей Цвірко (на здымку) працуе намеснікам дырэктара Слуцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм па вытворчасці. У 2010 годзе трапіў сюды па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага  нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці гідратэхнічнае будаўніцтва. 
Праўда, пра ПМС даведаўся толькі на пятым курсе, планы былі іншыя: вучыўся ж будаваць дамбы, плаціны... А склалася так, што вярнуўся ў родны горад. І не шкадуе, гаворыць Аляксей, работа падабаецца, адчувае сябе ў сваёй стыхіі. 

Тут, на радзіме, стварыў сям’ю, з жонкай Анастасіяй гадуюць двух сыночкаў, будуюць дом. І сам Аляксей, і яго Анастасія з мнагадзетных сем’яў, таму і ў іх вялікая сям’я ў прыярытэце.

Калектыў на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм малады, у 2015 годзе пачаўся прыток маладых спецыялістаў, і цяпер Аляксей самы старэйшы сярод іх, усміхаецца ён. 

– Калі пачаў працаваць, Ганна Сямёнаўна Дзялендзік узяла мяне, як кажуць, пад сваё крыло, дасведчаны, вопытны спецыяліст, – расказвае Аляксей. – Свой першы аб’ект – Нясвіжскі замак – пачынаў разам з ёй, гэта было вельмі цікава. А пасля ўжо працаваў самастойна. Быў майстрам, потым стаў начальнікам участка, з часам – галоўным інжынерам. Цяпер вось намеснік дырэктара. У нашым калектыве прыкладна 85 чалавек, з іх 18 інжынерна-тэхнічныя работнікі. Наш дырэктар Аляксандр Міхайлавіч Харэвіч падтрымлівае цікавыя ініцыятывы, крэатыўныя прапановы, удзельнічаем у конкурсах, турзлётах, святы праводзім разам. Дружны, зладжаны калектыў.

А па-іншаму ім, меліяратарам, і нельга, узаемавыручка і падтрымка дапамагаюць у нялёгкай працы. У сезон падчас розных  добраўпарадчых работ даводзіцца ў тым ліку абкошваць, і не раз, каля 2 200 км каналаў, у першую чаргу ўздоўж дарог. А надвор'е не заўсёды бывае лагодным, не ўвесь час радуе. І дзень на працы доўжыцца не 8 гадзін. 

З красавіка, паведаміў намеснік дырэктара ПМС, работнікі прадпрыемства пачалі комплексны рамонт па ачыстцы ракі Случ, прыкладна 12 км, ад Вынішчаў да саўгаса «Слуцк». Набылі спецыяльнае абсталяванне, каб  коўш экскаватара мог як мага далей дастаць. Таксама прыступілі да рамонту маста ў Чыжоўцы, у жніўні плануюць завяршыць работы. У раёне вуліцы Энергетыкаў выкананы работы па добраўпарадкаванні выпарной гаці (не было магчымасці адвесці ваду ў нізіне, таму выкапалі такую гаць), топкае месца на ўездзе ў Слуцк цяпер не псуе гарадскі пейзаж. 

Малады калектыў імкнецца якасна выконваць свае задачы па рамонце і абслугоўванні меліярацыйных збудаванняў, сетак і сістэм,  падтрыманні ў парадку адкосаў дарог і іншыя. Адзін з адданых справе прафесіяналаў – начальнік участка Ганна Канстанцінаўна Папова, якая ўжо больш за 45 гадоў працуе на прадпрыемстве, не адно пакалене меліяратараў падрыхтавала. Моладзь стараецца, не падводзіць ветэранаў, добра працуе начальнік участка Максім Грыгарук. Адказныя, добрасумленыя працаўнікі таксама экскаватаршчык Віктар Гронічаў, вадзіцель трала Сяргей Стораж. Кадры, калектыў   вызначаюць паспяховасць прадпрыемства. 

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения