Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Разуменне, павага, узаемны клопат і дапамога – гэта галоўнае ў сям’і, лічаць Уладзімір і Аксана Рэуты

14.05.2020
15 мая – Дзень сям’і

Уладзімір і Аксана Рэуты сям’я маладая, толькі 4 гады споўніцца іх саюзу 1 чэрвеня. Разуменне, павага, узаемны клопат і дапамога – гэта галоўнае ў сям’і, лічаць Уладзімір і Аксана. Ну і, вядома ж, каханне, як без гэтага паглынаючага пачуцця, калі хочацца не проста быць побач, а зрабіць усё для шчасця свайго адзінага чалавека.

Яны прыехалі з Віцебшчыны, вучыліся ў адным тэхнікуме ў Лепелі, цяпер разам працуюць на Слуцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, гадуюць трохгадовую прыгажуньку Васілісу (ёсць і яшчэ планы) і мараць пра  ўласнае ўтульнае гняздзечка (а пакуль жывуць у інтэрнаце). 

І Уладзімір, і Аксана былі стараннымі навучэнцамі, актыўнымі ў грамадскім жыцці, і цяпер сямейныя клопаты не перашкаджаюць: Уладзімір сакратар пярвічкі БРСМ, удзельнічалі ў конкурсе  «Наша дружная сям’я» ў мінулым годзе падчас святкавання Дня Рэспублікі, заўсёды разам з калектывам. Аксана любіць спяваць і танцаваць, гэтыя здольнасці перадаліся і Васілісе, а Уладзімір у вольныя хвілінкі займаецца разьбой па дрэве. 

Дарэчы, як расказаў Уладзімір, першая іскра да Аксаны ўспыхнула, калі дзяўчына спявала на конкурсе ў тэхнікуме: так шчыра, пранікнёна, душэўна. Праўда, знаёмства адбылося не адразу, прыйшлося  маладому чалавеку пастарацца.

– Уявіце, якая канкурэнцыя была, Аксана – адзіная дзяўчына ў групе, стараста, аднагрупнікі за яе гарой, – усміхаецца Валодзя. 

– Да таго ж я скончыў тэхнікум раней. На размеркаванні быў другім у спісе, выбраў Слуцк, а пасля і Аксана сюды прыехала спачатку на практыку, а потым і размеркавалася. Увесь гэты час, пакуль яна не прыехала на працу, перапісваліся ў сацыяльных сетках, тэлефанавалі, Аксана прыязджала да мяне ў Слуцк. Нам падабаецца ў горадзе, у нас добры малады калектыў. Плануем пусціць карані тут, хочам будаваць уласны дом. 

Аксана хацела б кватэру, але ж мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, вырасціць сына, гаворыць яна, таму ўсё-такі дом.

Вяселля, працягвае Аксана, не рабілі, проста распісаліся, не хацелі лішняга клопату бацькам. Увогуле іх адносіны да сваіх родных вельмі паважлівыя. 

– Прыехаць часта не атрымліваецца, работа такая ды і не блізка, але на доўгія выхадныя абавязкова наведваем, хочацца дапамагчы і маім бацькам, і Аксаніным. У тым ліку і для гэтага адзін з першых сямейных набыткаў – аўтамабіль. Раз на тыдзень у пятніцу ў нас абавязкова відэасувязь з бабулямі-дзядулямі, яны ж унучку хочуць пабачыць, як яна расце, якія поспехі ў яе, – дзеліцца Уладзімір. – Мы стараемся, каб ім было прыемна, каб ганарыліся намі, каб былі ў нас успаміны толькі добрыя.

Уладзімір вельмі клапатлівы муж і тата, пацвярджае мае думкі Аксана. Калі яны яшчэ не былі жанатыя, гаварыў, што яна будзе кветачкай, якую Уладзімір стане даглядаць. А Васіліса для яго – царэўна, вельмі хацеў, каб нарадзілася дачушка. І для сваіх любімых дзяўчат ён стараеццца зрабіць максімум. Усё ў сям’ю, усё адзін дзеля аднаго – вось яго жыццёвы прынцып. Сваёй разважлівасцю, сур’ёзнасцю, розумам і заваяваў Аксаніна сэрца. Сваё ж каханне Уладзімір мог аддаць, па яго словах, толькі той дзяўчыне, паводзіны якой (у грамадстве, дома, з ім) адпавядаюць яго ўяўленню аб ідэале. 

У Рэутаў такое сямейнае правіла – заўсёды разам, дапамагаць, замяняць адзін аднаго, выбіраць такое рашэнне, якое задаволіць абаіх. Таму і ў першыя не самыя простыя гады жыцця з усімі бытавымі пытаннямі справіліся. На Случчыне ж яны адны, родных няма. Калі нарадзілася Васіліса, колькі турбот было на Аксаніных плячах, успамінае муж.

– І дзіця, і хатнія клопаты, і я пасля работы, бывала, не ў самым лепшым настроі прыходзіў (працаваць жа з людзьмі не самая простая справа). Яна малайчына, як кажуць, не грузіла. Праўда, і я даваў ёй адпачынак, а калі Васілісе было 3 месяцы, Аксана вучылася ў аўташколе. Гэта была неабходнасць, каб быць мабільнай, з дачушкай жа і ў паліклініку трэба, і па іншых пытаннях. А я на працы да вечара, – расказвае ён.

Цяпер Аксана таксама ўжо працуе. Выхадныя сям’я праводзіць толькі разам, выбіраюць такі адпачынак, каб цікава было і маме з татам, і Васілісе. На Новы год яны абавязкова едуць да родных на Віцебшчыну, святкуюць з бацькамі. 

Разуменне і падтрымка, уменне саступіць і прамаўчаць, калі трэба, дапамагаюць будаваць моцную  сям’ю, лічыць Аксана. І прыслухоўвацца адзін да аднаго, улічваць інтарэсы кожнага і сям’і, дадае Уладзімір. А каханне? Ну а як жа!

– Гэта не ўсплеск, а потым прывычка, – сцвярджае ён. – Кахаць, любіць гэта значыць быць гатовым аддаць апошняе, калі думаеш не пра сябе, калі жывеш для іх, любімых жонкі і дзяцей, стараешся зрабіць усё для здзяйснення іх мар. 

Няхай жа ўсе планы і мары гэтай цудоўнай сям’і ажыццявяцца! Шчасця!

Ірына ВЕЧАР.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения