Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Трэба бачыць у жыцці прыгожае

08.08.2021
Феерверкам разнастайных колераў радуюць кветкі, расліны на падворку старасты вёскі Чапліцы Валянціны Юркевіч. 

Яны на клумбах, у падвясных гаршэчках на летняй верандзе, пры ўваходзе ў дом, на вуліцы каля плоту. Увогуле падворак узорна дагледжаны, цудоўна аформлены – з фігуркамі забаўных персанажаў. Яшчэ там ёсць арэлі і душавая кабінка. Карацей кажучы, падворак Валінціны Іванаўны быццам казка – багацце раслін, утульна, камфортна. Праўда, гэты кветкавы рай патрабуе пастаяннага догляду.


– Калі былі спякотныя дні, штодня палівала кветкі, – гаворыць Валянціна Іванаўна. – Люблю, каб прыгожа было. Кветкі розныя вырошчваю, цвітуць на падворку з ранняй вясны да позняй восені. Ёсць цюльпаны, вяргіні, ружы, хрызантэмы, прымула, пятуніі і шмат якіх іншых. Як і належыць вяскоўцы, агарод даглядаю: бульбачка, таматы, бурачкі, перцы, часнычок, цыбуля – усё сваё. Узрост, вядома,  сіл не дабаўляе. Але я не люблю сядзець без справы, не па мне гэта. Дзеці, канечне, дапамагаюць, на выхадныя прыязджаюць. Яны ў мяне працавітыя, клапатлівыя.



Пяцёра дзяцей разам з мужам Міхаілам выгадавала Валянціна Іванаўна – трох сыноў і двух дачушак. Як самую галоўную сваю ўзнагароду жанчына захоўвае ордэн Маці. Гаворыць, шчаслівая была ў жаночай долі. Разам з мужам у згодзе і каханні пражылі 50 гадоў. Але не стала гаспадара, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця і сын Алег. Слязінкі з вачэй выцірае Валянціна Іванаўна... Але знаходзіць сілы працягваць размову і нават усміхнуцца легкакрыламу матылю, што апусціўся на яркія пялёсткі сланечніка.
Канечне, дзеці – радасць яе сэрца. Атрымалі адукацыю, годна працуюць і жывуць, склаліся сем'і. У Валянціны Іванаўны чатыры ўнукі і чатыры ўнучкі, праўнук і праўнучка. Шчасцем свецяцца яе вочы, калі расказвае пра дзяцей, унукаў, пра іх перамогі, таленты, пра іх клопат, удзячнасць і павагу.

Валянціна Іванаўна гаворыць, што любіць родныя Чапліцы, з малой радзімай звязана ўсё жыццё, у тым ліку працоўнае. Больш за дзесяць гадоў рабіла на ферме даяркай, затым па стане здароўя перайшла на работу ў Танежыцкі сельскі дом культуры, 14 гадоў працавала ў Чапліцах сацыяльным работнікам. З настальгіяй узгадвае жанчына, як была ўдзельніцай вакальнай групы Танежыцкага СДК, разам з Мікалаем Галадком выступалі з канцэртамі. Бурліла тады вясковае жыццё, на сяле было шмат моладзі. Жанчына адзначае, што цяпер у вёсцы, на жаль,  пераважаюць пажылыя жыхары, але абнадзейвае, што дамы ў Чапліцах набываюць гараджане. Па пытаннях, звязаных з патрэбамі вяскоўцаў, стараста ўзаемадзейнічае з Рачкавіцкім сельвыканкамам.

Як я даведалася, Валянціна Іванаўна яшчэ адметная майстрыха – вышывае бісерам прыгожыя іконы. А колькі ў яе самаробных падушак – мо, больш за 20. «З дзявочых гадоў марыла пра вялікі светлы дом і мноства падушак, – усміхаецца жанчына. – Мары здзейсніліся, з мужам адбудавалі дом, сапраўды прасторны і светлы. І з падушкамі атрымалася, у свой час спецыяльна для гэтага завялі гусей. Усе падушкі сама рабіла».





З гордасцю паказвае жанчына дыван у самым вялікім пакоі дома – на рэспубліканскіх «Дажынках» у 2005 годзе ўзнагародзілі за адметную працу і як маці-гераіню. 

Мая суразмоўца сапраўды актыўны, нераўнадушны чалавек, і пенсія, для гэтага, як гаворыцца, не перашкода. Валінціна Іванаўна цікавіцца падзеямі ў свеце, краіне, гаворыць, балюча, што Захад спрабуе навязаць Беларусі свой сцэнарый далейшага шляху. Кансалідацыя і праца дапамогуць жыхарам Беларусі супрацьстаяць любым замежным санкцыям, лічыць жанчына.

Размова з гэтай прыветлівай жанчынай, яе цудоўны падворак, кветкі, прыгожы дом быццам напоўнілі новай сілай,  дапамаглі наноў зразумець, што галоўнае, як карцінка мазаікі,  складваецца ў жыцці чалавека з простага, будзённага, што кожны дзень можна зрабіць цудоўным, яркім, насычаным, як робіць гэта Валянціна Іванаўна.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.  

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения