Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Работніца ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Валянціна Чумарова лічыць, што працаваць трэба з натхненнем і самааддачай

15.11.2020
Работніца ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Валянціна Чумарова лічыць, што працаваць трэба з натхненнем і самааддачай.

Валянціна быццам свеціцца радасцю, яна ў вачах, усмешцы жанчыны, у тым, як яна расказвае пра сваё жыццё, работу. Рацэпт яе шчасця: Валянціна Георгіеўна ўмее радавацца дробязям, бачыць у будзённым адмысловасць, цаніць тое, што ёсць. І самае галоўнае – кожны яе дзень напоўнены любоўю: да сям’і, да Слуцка, які стаў родным, да сваёй справы.

Мы сядзім на лаўцы ў двары камбіната. Мая субяседніца дзеліцца ўспамінамі…

39-ты год Валянціна Георгіеўна Чумарова працуе ў ААТ «Слуцкі мясакамбінат», у тым ліку 27 гадоў –  апаратчыкам тэрмічнай апрацоўкі каўбасных вырабаў. Расказвае, на камбінат прыйшла пасля заканчэння Мінскага прафтэхвучылішча №38 харчавікоў, дзяўчынка зусім. Спачатку працавала апрацоўшчыцай натуральнай каўбаснай абалонкі, а ў 1993 годзе рашыла паспрабаваць свае сілы на этапе тэрмічнай апрацоўкі каўбас. З таго часу і займаецца гэтай справай.

– Не прыхільніца змен? Столькі гадоў на адным працоўным месцы…

– Ды жадання не ўзнікала пайсці з роднага прадпрыемства, – адказвае Валянціна Георгіеўна. – Нават у самыя цяжкія перыяды дзейнасці камбіната.  Цяпер прадпрыемства працуе стабільна, як мае быць. Іду на работу і сэрца радуецца.

Валянціна Георгіеўна расказвае пра працэс тэрмічнай апрацоўкі каўбасных вырабаў: у спецыяльных універсальных камерах, у залежнасці ад тэхналогіі гатавання, вараць і вэндзяць разнастайныя каўбасы, для вэнджання выкарыстоўваюць альховыя трэскі. Працуе аўтаматыка па зададзеных праграмах.  Аператары, а іх на змене тры чалавекі, сочаць за працэсам апрацоўкі вырабаў: тэмпературай, вільготнасцю, часам і гэтак далей. Працуюць 9 камер, у кожнай – па чатыры рамкі для каўбасных вырабаў, якія загружаюць аператары. У сярэднім за дзень у камерах тэрмічнай апрацоўкі  гатуюць каля 10 тон каўбасных вырабаў. Гэта, можна сказаць,  апошні этап іх вытворчасці, яшчэ – ахалоджванне, а затым каўбасы адпраўляюць на продаж.

– Вы гаворыце, аднатыпная ў мяне работа… – працягвае дыялог Валянціна Георгіеўна. – Для мяне – ніколечкі. Мне цікава займацца гэтай справай, укараняюцца новыя  тэхналогіі, вытворчасць Слуцкага мясакамбіната не стаіць на месцы. Канечне, дапамагае аўтаматыка, камп’ютарызацыя вытворчага працэсу. А вось у 90-я, калі я толькі прыйшла на гэту работу, тэрмічная апрацоўка каўбасных вырабаў была на ручным кіраванні: аператары самі рэгулявалі тэмпературу, час апрацоўкі і іншыя параметры. З удзячнасцю ўзгадваю працаўніцу камбіната Алу Пятроўну Літвіновіч, якая дапамагала мне ў авалоданні нюансамі гэтай работы.

Валянціна Георгіеўна дзеліцца, што на змене працуе з калегамі Наталляй Кахановіч і Зояй Бранавіцкай – руплівыя, адказныя работніцы і нераўнадушныя людзі. Заўсёды з разуменнем адносяцца да падначаленых начальнік мясаперапрацоўчага цэха Юлія Алегаўна Бярэзіна, майстры цэха.

– Мы ганарымся прадукцыяй нашага камбіната, – адзначае мая суразмоўца. – Яна якасная, пацверджана ўзнагародамі рознага, у тым ліку міжнароднага, узроўню, і яна смачная. Заўсёды раю яе сваім знаёмым, бо ведаю, як яе вырабляюць. На Слуцкім мясакамбінаце высокапрафесійны калектыў, клапоцяцца аб працаўніках. Вось і цяпер, у перыяд асаблівай эпідэмічнай сітуацыі,  прыняты максімальныя меры па прафілактыцы распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі: санпрапускнік, масачны рэжым, дэзінфекцыя памяшканняў і іншае.

Я даведалася, што за сваю адданую работу Валянціна Георгіеўна Чумарова не раз была адзначана граматамі, у тым ліку Мінаблмясамалпрама, яе фотаздымак быў змешчаны на Дошцы гонару прадпрыемства ў 2018 годзе.

…Непадалёку ад лаўкі прыпыніўся аўтамабіль, адкуль прыветліва махаў рукой мужчына.

– Гэта мой муж Уладзімір, – усміхалася Валянціна. – Чакае, калі скончыцца інтэрв’ю.

Як аказалася, яе сямейная гісторыя таксама звязана з  гэтым прадпрыемствам. Разам з будучым мужам Валянціна вучылася ў адным прафтэхвучылішчы, пасля заканчэння размеркаваліся на Слуцкі мясакамбінат, ну і атрымалася яшчэ адна «ячэйка грамадства». Уладзімір Віктаравіч Чумароў працуе на камбінаце сартавальнікам скур, а дачка – Уладзіміра і Валянціны – Ірына – бухгалтар у разліковым аддзеле прадпрыемства.

– Родам я з Чэрвенскага раёна, а муж – з Урэчча. Столькі гадоў прайшло на слуцкай зямлі, усё тут ужо роднае, роднае і прадпрыемства… – адзначае Валянціна Георгіеўна. – Ёсць сілы, вопыт, працуем і жывём з натхненнем, з душой, самааддачай. Інакш нельга чалавеку.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения