Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Прыбіральшчык тэрыторый з душой музыканта

20.01.2021
Нарэшце сапраўдная зіма, як і належыць, са снегам, марозам, забаўнымі снегавікамі ў дварах, каралямі ледзяшоў на дахах. Колькі гадоў мы ўжо не бачылі гэтай цудоўнай зімовай казкі, і вось сёлетні калядны падарунак прыроды. Праўда, для камунальшчыкаў,  дарожнікаў гэта час асаблівай нагрузкі, адказнасці. 

У ліку тых, хто ў гэтых няпростых умовах надвор’я імкнецца забяспечыць чысціню дарог і тратуараў, ачышчае іх ад снегу, наледзі, змагаецца з галалёдзіцай,  – прыбіральшчык тэрыторыі ўчастка ручной уборкі вуліц Слуцка вытворчасці добраўпарадкавання КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка»  Уладзімір Аляксандравіч Шамак.

Мы сустрэліся ў цэнтры горада на вуліцы Леніна,  тут за Уладзімірам Аляксандравічам замацаваны ўчастак (ад памятнага знака воінам-вызваліцелям да магазіна №58), які ён прыбірае ад снегу. Легка, спрытна прыбіральшчык валодае шуфлем, адна любата назіраць за яго работай.

– Дык шаснаццаць гадоў займаюся гэтай справай, спрактыкаваны ўжо, – усміхаецца Уладзімір.  – Мая задача, каб чыстымі былі тэрыторыя, аўтобусны прыпынак, які на ей размешчаны, урны для смецця. Усё раблю, у залежнасці ад пары года:  падмятаю, ліст, траву зграбаю, снег чышчу, дарожкі пяском пасыпаю, калі спатрэбіцца, і іншыя работы выконваю.



Прыбіральшчык расказаў, што сёлета 7 студзеня, у першы дзень моцнага снегападу, першай выйшла на вуліцы горада ўборачная тэхніка слуцкіх камунальшчыкаў, прыбіралі ад снежнага покрыва тратуары, дарогі, іншыя месцы агульнага карыстання. Потым прыступілі да «чысткі» прыбіральшчыкі ўчастка ручной уборкі вуліц – іх у падраздзяленні па добраўпарадкаванні 20 чалавек. Менавіта гэтыя людзі штодня з самага ранку (іх работа пачынаецца ў 6.00) рыхтуюць горад для вас, дарагія случчане: чысцяць, прыбіраюць, наводзяць парадак. Дарэчы, у гэтай камандзе толькі  трое мужчын.

– Работа, безумоўна, нялёгкая, – дзеліцца Уладзімір. – Нават  для мужчын. Пакідайце снег нават некалькі гадзін, канечне, стоміцеся… А плюс дрэннае надвор’е, напрыклад, моцны вецер, завіруха ці мароз, або галалёдзіца. Раней не раз здаралася працаваць без выхадных, калі няспынны снегапад ці іншы прыродны форс-мажор. Нічога, спраўляліся і спраўляемся. Заўсёды выклікае захапленне руплівасць нашых працаўніц. Вядома, стараемся ім дапамагаць.

Дарэчы, у іх радах жонка Уладзіміра Аляксандравіча  Ірына Сяргееўна. Гэта яна шаснаццаць гадоў таму прывяла Уладзіміра  ў Слуцкую жыллёва-камунальную гаспадарку.   З таго часу працуюць разам, Ірына прыбірае тэрыторыю на вуліцы 14 Партызан. Ранак у гэтай сям’і пачынаецца ў палове пятай гадзіны, сняданак, а затым разам Уладзімір і Ірына адпраўляюцца на работу.

– Іншай працы я і не шукаў, – адказвае на маё пытанне Уладзімір. – Не ў маіх правілах часта мяняць месца работы. У Слуцк я прыехаў з Пухавіцкага раёна, працаваў на заводзе «Калібр», калі прадпрыемства спыніла сваю дзейнасць, прыйшоў у ЖКГ. Падабаецца мая работа: на свежым паветры, часта сустракаю сяброў, знаёмых, жывыя зносіны. А яшчэ я бачу, як жыве наш Слуцк, чым напоўнены яго новы дзень. Падабаецца, што магу зрабіць для яго карыснае, зрабіць наш горад больш прыгожым, чыстым. Гэта прыносіць радасць.

У гэтай сям’і камунальшчыкаў двое дарослых дзяцей і ўжо чатырохгадовая ўнучачка. Уладзімір – адметная асоба, валодае рознымі спецыяльнасцямі, напрыклад сталяра-станочніка, стропальшчыка, маляра, лакіроўшчыка мэблі. У вольны час любіць парыбачыць, а яшчэ іграе на гітары. Расказвае, у школе выступаў на канцэртах у складзе вакальна-інструментальнага ансамбля, іграў на гітары і іншых музычных інструментах. Марыў стаць музыкантам, паступаў у музычнае вучылішча, але не дабраў балаў. Дзіцячай мары не суджана было збыцца, але з музыкай Уладзімір не развітваецца  і сёння, любіць іграць і спяваць шлягеры савецкага часу. Гаворыць, музыка жыве ў душы…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения