Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Працягваецца раённы конкурс «Ветэранскі падворак»

25.09.2020
Соф’я Іванаўна і Іван Філімонавіч Сярага з вёскі Мялешкі.


Ветэраны Случчыны робяць жыццё прыгажэйшым. Расказваем пра некаторых намінантаў раённага конкурсу «Ветэранскі падворак».


Пабываўшы на падворку Соф’і Іванаўны і Івана Філімонавіча Сярага ў вёсцы Мялешкі, атрымала сапраўднае задавальненне. Дом ветэранаў працы, як лялечка, акуратны, дагледжаны, у абрамленні разнастайных кветак: астры, бегоніі, клематысы, герань і іншыя. А якія ружы прыгожыя, проста казачныя! Імі абсаджаны дарожкі да дома. Там утульная прыгожая тэраса, на падворку – арыгінальная, падобная на хатку, самаробная печка з казанам.  Фігуркі казачных герояў быццам запрашаюць прагуляцца па садзе, «нырнуць» пад  цяжкія ад сакавітых чырвоных пладоў галінкі яблынь. Проста рай! А якія вялізныя перцы вырасцілі гаспадары, а яшчэ моркву, бурачкі, бульбу, кабачкі, цыбулю і  розную іншую агародніну, а таксама дыні і кавуны. Як расказала Соф’я Іванаўна, у цэлым яны апрацоўваюць каля 60 сотак зямлі.

Кветкі на падворку сям'і Сярагаў

– Ат, прывыклі ўжо, без справы не можам сядзець, – усміхаецца Соф’я Іванаўна. – Канечне, гадоў нам нямала, але для нас гэта работа – жыццё. Лічым, не трэба звяртаць увагу на ўзрост. Мы абодва любім працаваць на зямлі. Калі дазваляюць сілы, чаму б не займацца любімай справай.

Гэтыя руплівыя, старанныя людзі трымаюць карову, бычка, дваіх свіней, 30 курэй, а яшчэ траіх хітруноў-катоў Мурзіка, Чарныша і Аліса, а таксама сабаку Барона, які спраўна служыць гаспадарам.
С.І. Сярага: "Перцы ўрадзілі".
І.Ф. Сярага "Наш Бычок Борка любіць прагулкі па двары"

– Вяскоўцам мітынгаваць няма калі, – разважаюць ветэраны, – работы з ранку і да позняга вечара, ураджай трэба сабраць, зямлю апрацоўваць, жывёлу даглядаць…  Мы ведаем сапраўдную цану хлебу, вясковай працы, ведаем, што рабіць Беларусь больш заможнай, моцнай трэба на палях і ў заводскіх цэхах, а не мітынгах пратэстаў.


Тэраса дома сям'і Сярагаў

Гэтыя мудрыя, добрыя людзі заслугоўваюць павагі і пашаны. Усё жыццё адпрацаваў механікам па працаёмкіх працэсах у калгасе імя Калініна Іван Філімонавіч, як і Соф’я Іванаўна – бухгалтарам у гэтай жа гаспадарцы. Дарэчы, гэта ўвішная, спраўная жанчына працуе бухгалтарам і зараз – у ААТ «Слуцкі льнозавод», агульны стаж яе работы – каля 50 гадоў! А яшчэ яна займаецца скандынаўскай хадзьбой. І калі ўсё паспявае!

Радуюць і прыватныя падворкі ветэранаў у Слуцку. Разам са старшынёй Слуцкага раённага савета ветэранаў Валянцінай Сцяпанаўнай Відлога мы завіталі і да гараджанкі Людмілы Уладзіміраўны Гундзіловіч, якая да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на прадпрыемстве «Ямпаль-Слуцк». Ва ўзорным парадку старанная жанчына ўтрымлівае свой дом на вуліцы Віленскай і прыдамавы ўчастак. Ах якая там любата: колькі разнастайных кветак, раслін і арыгінальных малых архітэктурных формаў! Напрыклад, уражвае вазок з конікам, які «перавозіць» кветкі, а таксама дэкаратыўная сажалка з двума забаўнымі жабкамі…


Тэрыторыя каля дома случчанкі Л.У. Гундзіловіч



Ну і ў шматпавярхоўках горада знаходзяцца прыхільнікі азелянення, ландшафтнага дызайну, якія ўпрыгожваюць тэрыторыі каля пад’ездаў прыгожымі клумбамі. Падкрэслім, што большасць у гэтых наватарскіх радах – таксама нашы шаноўныя ветэраны працы. Не палянуйцеся, падыдзіце да дома №227 на вуліцы Леніна, яркімі колерамі кветак там радуюць клумбы каля пад’ездаў. Напрыклад, каля пад’езда №2 клумба з рамонкамі, півонямі, вяргінямі, вярбенай і многімі іншымі раслінамі. Стваральніца гэтага гарадскога аазіса Антаніна Іванаўна Катляр, былая настаўніца СШ №11, агульны педагагічны стаж якой больш за 40 гадоў. Займаецца таксама ўладкаваннем і доглядам клумбы суседка  Антаніны Іванаўны па пад’езду Людміла Апанасаўна Каламыцава, былая работніца завода «Калібр». 


А.І. Катляр і Л.А. Каламыцава.

Выдатная клумба і каля пад’езда №3: з лілеямі, хрызантэмамі, тагетысам, бэзам, язьмінам… Гэта тварэнне працавітых рук і фантазіі ветэрана працы Надзеі Леанідаўны Пятровай. Ды іншыя жыхары гэтага  дома прымаюць актыўны ўдзел у азеляненні, уладкаванні клумбаў: былыя работніцы тэкстыльнай фабрыкі Тамара Васільеўна Весялоўская, Зінаіда Пятроўна Умінская, былая супрацоўніца аддзялення «Балаграпрамбанка» Валянціна Андрэеўна Адаменка, ветэран працы Вольга Мікалаеўна Есіповіч.

З ранняй вясны і да позняй восені радуе кветкавай разнастайнасцю і клумба каля дома №223 (кор.1) на вуліцы Леніна. Маленькае кветкавае царства: лілеі, сальвіі, хрызантэмы, рамонкі, вяргіні, а якое шыкоўнае «бабіна лета»… Клумбу ўладкавала і даглядае Валянціна Іванаўна Іванова, былы повар базы аблспажыўсаюза. Жанчына падзялілася, што пасля выхаду на пенсію стала больш вольнага часу, рашыла акультурыць тэрыторыю каля пад’езда, выпалала траву, высадзіла кветкі. «Прыемна, што мая клумба радуе жыхароў дома, прахожых, – гаворыць Валянціна Іванаўна. – Гэта цудоўна, калі свет поўніцца прыгажосцю».
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения