Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

«Праца на зямлі нам у радасць»

24.09.2022

На падворку Алены Дзмітрыеўны і Уладзіміра Міхайлавіча Шнэк ідэальны парадак, быццам гаспадары рыхтаваліся да сустрэчы гасцей. Аднак са старшынёй Слуцкай раённай арганізацыі ветэранаў Алай Русак мы завіталі да гэтай сям’і без папярэджання. Праязджаючы па вёсцы, звярнулі ўвагу, як хораша аформлены прыдамавы ўчастак. Вырашылі пацікавіцца, хто ж такі майстар дызайну вясковага двара. Так і пазнаёміліся з Аленай Дзмітрыеўнай і Уладзімірам Міхайлавічам Шнэк.

Пакуль не кранула восеньская прахалода ружы каля дома, цвітуць у двары Шнэк і астры, іншыя кветкі. Для іх, а таксама для дэкаратыўных раслін зроблены спецыяльныя кветнічкі ў выглядзе чашаў. Перад домам – утульная пляцоўка, аформленая ў еўрапейскім стылі, з газоннай травой, туямі, фруктовымі дрэвамі. Ёсць на падворку гэтай сям’і і ладная альтанка, дзе можна адпачыць з кубачкам кавы ці чаю.

– Мы з мужам ужо на пенсіі, – гаворыць Алена Дзмітрыеўна. – Аднак працягваем работу ў сельгасарганізацыі «Вітка-Агра». Канечне, працуем на сваім прысядзібным участку: мы ж вяскоўцы, работай на зямлі поўніцца наша жыццё. Бульбу, агародніну вырошчваем, ёсць цяпліцы. Стараемся, каб дваровая тэрыторыя выглядала прыгожа – і нам радасць, і для аднавяскоўцаў прыемна. Цудоўна, калі дагледжаныя падворкі, тады і вёска наша маладзее, прыгажэе. 

Можна сказаць, усё жыццё Алена Дзмітрыеўна і Уладзімір Міхайлавіч адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку Алена Дзмітрыеўна 18 гадоў рабіла ў «Вітка-Агра» галоўным заатэхнікам. Нездарма на падворку гэтай сям’і мы ўбачылі курачак адмысловай пароды – з «махнатымі» ножкамі. А які прыгажун-певень – хоць карціну з яго пішы, з шыкоўным хвастом, з ззяючым на сонцы пер’ем, ганарысты і паважны. Яшчэ ў гаспадарцы Шнэкаў – тоўсценькая сімпатычная свінка і звонкагалосы сабака Тарзан.

– Усё жывое любіць ласку, дабрату, патрабуе клопату, догляду, – разважае Алена Дзмітрыеўна. – І мы з мужам не лянуемся, з любоўю даглядаем хатніх жывёлін, птушку. З ранку завіхаемся на падворку і, ведаеце, гэта не толькі праца, але і задавальненне.

З вялікай радасцю Алена Дзітрыеўна і Уладзімір сустракаюць сына і дачку, трох унукаў, якія часта праведваюць бацькоў, дапамагаюць у агародных справах. Сям’я нярэдка збіраецца за сталом пад ружова-празрыстай альтанкай, бацькі і дзеці вядуць размову, любуюцца кветкамі, слухаюць шчэбет птушак… Шчаслівыя людзі.






Наталля СЕЛЯЗНЁВА.







К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения