Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Общество

Случчане Мікалай і Вера Кернажыцкія адзначылі залатое вяселле

03.11.2022
Калі знаёмішся з Верай і Мікалаем Кернажыцкімі, то такое адчуванне, быццам у іх першае спатканне – толькі цеплыні і захаплення ў вачах! І не верыцца, што гэтыя сціплыя, прыветлівыя людзі не так даўно адзначылі залатое вяселле.

– Ці шмат выпрабаванняў у кахання? – пытаюся. І чую ў адказ: выпрабаванняў нямала, але калі людзі хочуць быць разам, то абавязкова будуць. І ніякія перашкоды іх не разлучаць.  

А пазнаёміліся Вера Рыгораўна І Мікалай Паўлавіч на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце, дзе працавалі да выхаду на заслужаны адпачынак.



– Вы памятаеце, як пазнаёміліся?

– Калі на камбінат прыйшоў працаваць Мікалай, спачатку не звярнула на яго ўвагу, затое старэйшыя па цэху жанчыны раілі прыглядзецца, – успамінае Вера Рыгораўна. – Некалькі разоў запрасіў на танцы. Так і пачалося знаёмства, сталі сустракацца. Праз паўтара года пажаніліся. Складанасцей было шмат, але па дапамогу да бацькоў ніколі не звярталіся. Добра памятаем і сваю першую значную пакупку, бо на ўсё збіралі грошы самі. І хоць толькі праз пятнаццаць гадоў атрымалі ўласную кватэру, жыццё было досыць шчаслівым. А пайшлі дзеткі, то гэта асаблівая радасць была.

А вось Мікалай Паўлавіч прыгажуню Веру прыкмеціў адразу. 

– Раней часта з сябрам хадзіў гуляць ў Крывадубаўку, але чамусьці ні адна дзяўчына не прыглянулася, хоць прыгажунь было многа. А з Верай, якая была з гэтай жа вёскі, пазнаёміліся толькі на камбінаце, зразумеў – гэта маё! А яшчэ кажуць, што кахання з першага позірку не бывае! – смяецца Мікалай Паўлавіч.

– У сям’і мужа мяне прынялі, як сваю, свякроў ніколі не дзяліла нас на сваіх і чужых, – расказвае Вера Рыгораўна, – і нават калі дарыла падарункі на нейкае свята, то абавязкова аднолькавыя – і мне, і дачцэ. Я называла яе мамай, і гэта сапраўды было так – я адчувала яе любоў. Бацькі мужа, якія таксама доўга пражылі ў шлюбе, былі для нас прыкладам для пераймання. 

У Веры Рыгораўны і Мікалая Паўлавіча дзве дачкі і двое ўнукаў. З цеплынёй бацькі ўзгадваюць розныя моманты іх жыцця і вельмі рады, што і дзеці, і ўнукі выраслі вельмі дружнымі. Малодшая дачка Ірына 25 гадоў таксама працуе на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце. Яна – інжынер па аўтаматызаваных сістэмах кіравання вытворчасцю. Старэйшая Наталля жыве і працуе ў Маскве. Бацькі заўсёды вучылі іх любіць і паважаць тых, хто побач.

– У сям’і важна ўмець уступіць і прыслухацца…

– Так, у кожнай сям’ і бываюць напружаныя моманты, – гаворыць Мікалай Паўлавіч, – тады трэба сесці разам, усё абдумаць, узважыць, пагутарыць.  

– Іншы раз трэба быць трошачкі сляпым, глухім і нямым, – дапаўняе Вера Рыгораўна. – Не варта вельмі моцна на ўсё рэагаваць. Шчаслівы той, хто вытрыманы, умее падарыць цеплыню і пачуць іншага.





– Ці былі моманты, калі хацелася заплакаць …ад шчасця?

– Я памятаю, як першы раз мне муж падарыў духі. І хоць адразу яны мне не спадабаліся, але я імі вельмі даражыла. Былі і іншыя падарункі. Але тое, што арганізавалі для нас дзеці і ўнукі ў гонар нашага юбілею, кранула да слёз, – кажа Вера Рыгораўна. 

– Дзеці і кафэ заказалі, і гасцей запрасілі, і так прыгожа нас у ЗАГСе віншавалі. Потым быў наш шлюбны танец. Так расчуліліся, што не стрымалі слёз, – расказваюць Кернажыцкія.

– Жыццё працягваецца!

– На заслужаным адпачынку столькі можна спраў па душы знайсці, – кажа жанчына. – У халодны час года вяжу для сям’і і знаёмых. А калі наступае цяпло, разам з мужам едзем на дачу ў родную Крывадубаўку. Там у нас – і ружы, і вігела, і петуніі, і гартэнзія, і сцільба, і ліліі...  ну проста душой адпачываеш! Там у нас і сад, і агарод. 

А вось Мікалай Паўлавіч акрамяў сяго іншага паспяе яшчэ і ў бацькоўскі дом наведацца. Расказвае, што бацька калісьці займаўся пчалярствам. Любоў да пчол і яму перадалася. Пасеку для пчол Мікалай Паўлавіч павялічыў. Вельмі ж падабаецца назіраць за гэтымі руплівымі істотамі. Ды і дом бацькоўскі – месца асаблівае.

– Ваша парада маладым?

– Старацца жыць па фінансах, не баяцца цяжкасцей. І берагчы каханне!

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения