Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Ладнае сялянскае жыццё сям'і Лежань з вёскі Новы Двор

12.09.2021
Аляксандр і Валянціна Лежань з унучкай Верай.

Аляксандр і Валянціна Лежань працавітыя, руплівыя людзі. Хоць і на пенсіі ўжо, але трымаюць сваю гаспадарку. На іх падворку ёсць  кароўка, парсючок, куры, гусі, іншая жывёла.

І на агародзе ўсё ў парадку: бульбачка, таматы, часнок, цыбуля,  морква, буракі, абсталяваны парнік.  Дом дагледжаны, акуратныя клумбы з ружамі, іншымі кветкамі.
– Сядзець склаўшы рукі – гэта не маё, – усміхаецца Аляксандр Іванавіч. – Я ж вясковец, не магу без працы. Ды сваё вырашчанае нельга параўнаць з магазінным, і мяса, і агародніна смачней і здаравей. Дадатковыя грошы ў сямейным бюджэце таксама лішнімі не будуць, малако штодня здаём у «Слуцкую Ніву».

Разам са старшынёй Слуцкага раённага савета ветэранаў Алай Русак знаёмімся з гаспадаркай сям’і Лежань. Грацыёзная карова Рабіна пасвіцца недалёка на лузе, побач з ёй – гарэзлівая цялушка Малышка. Жывёліны яшчэ здалёк пазнаюць гаспадара, хіляцца да рук Аляксандра Іванавіча. Ён расказвае, што ў пяць гадзін раніцы ўжо на нагах, трэба пачысціць, накарміць жывёлу, падаіць Рабіну – у дзень карова дае каля 20 літраў малака. Потым мужчына на веласіпедзе адвозіць малако ў вёску Кірава.

– З мужам мне пашанцавала, добры, старанны чалавек, асноўныя работы па гаспадарцы на яго плячах, – дзеліцца Валянціна Мікалаеўна. – Я больш у доме завіхаюся, ежу гатую, займаюся ўборкай. Дзеці ўнукаў да нас прывозяць, дапамагаю іх даглядаць. 

Разам па жыцці гэтыя людзі крочаць ужо 38 гадоў. Аляксандр Іванавіч ураджэнец Любаншчыны, 37 гадоў адпрацаваў вадзіцелем малакавоза ў калгасе «1-е Мая», Валянціна Мікалаеўна рабіла ў Слуцкай бальніцы, дзіцячым санаторыі «Случ». У іх двое дзяцей, сын Мікалай працуе ў «Слуцкай Ніве», дачка Кацярына – у дзіцячым садзе ў вёсцы Кірава. У Аляксандра Іванавіча і Валянціны Мікалаеўны сямёра ўнукаў.


– Кожны дзень клопатаў шмат, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Акрамя каровы з цялушкай і парсючка (мы бачылі гэтага прыгажуна – важкі кабанчык), у нас 18 гусей, 10 курэй, тры каты, сабачка Дружок, карацей кажучы, поўны «камплект». Але, ведаеце, цікава, кожны дзень напоўнены справамі. Пакуль дазваляе здароўе, будзем працаваць на зямлі, так спрадвеку закладзена, і мне гэта падабаецца.




Падумалася, бадай,  на такіх старанных, адказных людзях, як Аляксандр Іванавіч і Валянціна Мікалаеўна, і трымаецца родная зямля, малая радзіма.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения