Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Няхай светла будзе ў дамах і сэрцах

21.12.2020
НА ЗДЫМКУ: С.І. Зяневіч.


Відавочна, што людзі, якія працуюць у галіне энергетыкі, выконваюць задачу першачарговай важнасці. На электрычнай энергіі ў сучасным жыцці «завязана», можна сказаць, усё – работа вытворчых, камунальных аб’ектаў, сацыяльнай сферы, урэшце кожны дзень кожнага з нас. Аб тым, як са сваімі абавязкамі спраўляюцца слуцкія энергетыкі, аб інавацыях у рабоце, перспектывах дзейнасці гутарылі з начальнікам Слуцкага гарадскога раёна электрасетак філіяла «Слуцкія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Сяргеем Іванавічам ЗЯНЕВІЧАМ:

– На абслугоўванні Слуцкага гарадскога раёна электрасетак  239 кіламетраў  ліній электраперадачы (ЛЭП) 10 кВ, 323 кіламетры электрасетак 0,4 кВ, 153 трансфарматарныя падстанцыі. Абслугоўваем Слуцк, Ячава, частку Лучнікоў, Навадворцаў. Наша асноўная задача – бесперабойнае забеспячэнне электраэнергіяй жыхароў, аб’ектаў, аператыўнае ўстараненне непаладак, рамонт электрасетак і абсталявання. Штогод мы выконваем бягучых, капітальных рамонтаў каля 10 працэнтаў эксплуатуемага электраабсталявання, працягласці электрасетак. У гэтым годзе зрабілі абслугоўванне і рамонт 31 трансфарматарнай падстанцыі, замянілі новымі 3,5 кіламетра ЛЭП 0,4 кВ, 750 метраў кабельных электраліній, выканалі іншыя работы. Напэўна, карысна будзе даведацца, што рэканструкцыя электрасетак праводзіцца пры тэрміне іх эксплуатацыі не меней 25 гадоў.

– Якія  прычыны часцей за ўсё прыводзяць да адключэння электраэнергіі?

– Парывы на ЛЭП. Здараецца таксама, пры правядзенні земляных работ арганізацыі, грамадзяне пашкоджваюць кабельныя электралініі. Мабільна выпраўляем такія сітуацыі. У кругласутачным рэжыме нясуць дзяжурства нашы дыспетчары: аб адключэннях электраэнергіі апавяшчае сістэма тэлесігналізацыі. Як толькі паступіў сігнал, на месца выязджае аператыўная брыгада электраманцёраў. Дарэчы, спажыўцы электраэнергіі ўмоўна падзелены на тры катэгорыі, у залежнасці ад гэтага вызначаны час для аднаўлення электразабеспячэння. Для «бытавых» спажыўцоў электраэнергіі гэты тэрмін да 24 гадзін. У дамах,  кватэрах случчан падключаны халадзільнікі, тэлевізары, камп’ютары, іншыя бытавыя прыборы, ды  ў цемры сядзець некамфортна. Канечне, імкнёмся як мага хутчэй аднавіць падачу электраэнергіі.

– Сяргей Іванавіч, усё большую папулярнасць у жыхароў набывае перавод дамоў на электраабаграванне, воданаграванне, людзі часцей устанаўліваюць электрапліты для прыгатавання ежы…

– Наша арганізацыя аказвае паслугі па ўстаноўцы электраабсталявання і суб’ектам гаспадарання, і грамадзянам. Працэс вядзём, як гавораць, з самага пачатку: выдача тэхнічных умоў, распрацоўка праектнай дакументацыі, правядзенне электрафізічных вымярэнняў, пуска-наладачных работ, падключэнне электраўстаноўкі. Сапраўды, электраабаграванне жылля ўсё болей запатрабавана насельніцтвам. Гэта тлумачыцца даступным коштам і зручнасцю. Сёлета ў Слуцкім ГРЭС зарэгістраваны 73 звароты случчан па пытаннях павелічэння электрамагутнасці ў домаўладаннях з мэтай электраабагравання, воданагравання і прыгатавання ежы. Выкананы работы па 53 зваротах, у астатніх выпадках зрабіць гэта пакуль не дазваляюць тэхнічныя магчымасці.

Аднак мы працуем і ў гэтым плане. Напрыклад, ужо распрацавана праектная дакументацыя на правядзенне рэканструкцыі электрасетак на вуліцах Віленскай, Чыгуначнай, у трох завулках Чыгуначных у Слуцку, у Ячаве. Рыхтуем дакументы на правядзенне рэканструкцыі электрычных сетак на вуліцах Майскі Пасад, Чырвонагвардзейскай, завулках Майскі, Вакзальны і іншых у горадзе. Несумненна, з уводам Беларускай атамнай электрастанцыі магчымасці выкарыстання электраэнергіі значна павялічацца.

– Такая адказная сфера як энергетыка абумоўлівае асаблівыя патрабаванні да кадраў…

– Нашы электраманцёры і інжынерна-тэхнічныя работнікі праходзяць праверку ведаў раз у год. Павышэнне кваліфікацыі электраманцёры праходзяць раз у тры гады,  інжынерна-тэхнічныя работнікі – раз у пяць гадоў. Канечне, да працаўнікоў энергетычнай сферы  асаблівыя патрабаванні. Гэта павінны быць не толькі высакакласныя работнікі, але і адказныя, дысцыплінаваныя людзі, немалое значэнне мае псіха-эмацыянальны стан чалавека.


Газаэлектразваршчык М.К. Васілевіч,электраманцёры А.Б. Хацько,            І.А. Хаўстовіч, А.В. Маркін, майстар Д.В. Клячын, электраманцёр            А.А. Васілевіч, вадзіцель В.М. Вечар.


Кожны дзень усе нашы працаўнікі праходзяць медагляд, праводзіцца праверка рабочых месцаў. Выкананне работ на аб’ектах фіксуецца з дапамогай відэарэгістратараў. Асаблівая ўвага надаецца выкананню работнікамі тэхнікі бяспекі.

У нашым калектыве 48 працаўнікоў, з упэўненасцю магу сказаць, што гэта выдатныя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы, якія любяць сваю справу, большасць з іх мае вопыт работы. Наш горад пашыраецца, з’яўляюцца новыя мікрараёны, аб’екты, зразумела, павялічваецца нагрузка, аднак мы спраўляемся, бо кожны з нас разумее сваю адказнасць, значэнне нашай работы. З прафесійным святам віншую калег, нашых ветэранаў. Няхай светла будзе не толькі ў дамах і на вуліцах, але і ў вашых сэрцах!

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.




К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения