Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Нясе службу лейтэнант

23.02.2021
А.В. Каралёў, Д.В. Ляпараў.


Служба ў арміі робіць з юнакоў сапраўдных мужчын. А яшчэ – гэта праверка не толькі на фізічную загартаванасць, але і на многія чалавечыя якасці. Смеласць, дабрыня і сумленнасць – тыя рысы характару,  без якіх проста нельга быць ні добрым салдатам, ні афіцэрам.

Так лічыць лейтэнант 30-й асобнай чыгуначнай брыгады Арцём Валянцінавіч Каралёў, які пасля заканчэння ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту быў размеркаваны ў Слуцк. За паўгода службы малады афіцэр паспеў паказаць сябе з лепшага боку.

Падчас гутаркі Арцём Валянцінавіч расказаў, што сам ён родам з Віцебшчыны, з пасёлка гарадскога тыпу Лёзна. Вырас у мнагадзетнай сям’і, дзе акрамя яго яшчэ двое юнакоў, адзін з братоў таксама абраў для сябе службу ва Узброеных Сілах, пасля праходжання тэрміновай службы ў арміі застаўся там на кантрактнай аснове. Прафесія бацькоў Арцёма Валянцінавіча пэўным чынам звязана з тэхнікай – маці працуе спецыялістам па ахове працы, бацька – вадзіцель. Таму любоў да тэхнікі была. А вось стать ваенным парэкамендавала класны кіраўнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Паўлаўна Зайцава.

Скончыўшы ВНУ і трапіўшы ў Слуцк па размеркаванні, прызнаецца Арцём Валянцінавіч, не расчараваўся ў выбраным для сябе шляху. Галоўнае, лічыць, – гэта знайсці агульную мову з кожным салдатам. Дарэчы, зараз Арцём Валянцінавіч камандзір узвода, не так даўно прайшоў атэстацыю на камандзіра роты. Чакаецца, што ў хуткім часе ў яго падчыненні будзе каля сотні салдат.

– Яшчэ адна важная задача, – расказвае лейтэнант, – гэта абслугоўванне тэхнікі, каб яна заўсёды была спраўная, навучыць абыходзіцца з ёю асабовы састаў. Гэта не вельмі складана, бо тэхніка, што на ўзбраенні брыгады, – досыць новая. Ды салдаты – кемлівыя хлопцы.

Служыць трэба самааддана, не падводзіць, выконваць свае абавязкі, як належыць. Асабіста для мяне прыкладам з’яўляецца мой старэйшы таварыш па службе і дарадчык камандзір 71-га асобнага пуцявога чыгуначнага батальёна Дзмітрый Віктаравіч Ляпараў.

Добра ставіцца да абранай справы, быць гатовым у любы момант стать на абарону Радзімы і ў любых жыццёвых сітуацыях заставацца чалавекам, – самае важнае правіла для афіцэра, лічаць лейтэнант Арцём Валянцінавіч Каралёў і падпалкоўнік Дзмітрый Віктаравіч Ляпараў. А яшчэ – заўсёды быць на пазітыве!

 Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения