Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

На Случчыне пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю пяць станцый абезжалезвання вады

28.11.2020
У гэтым годзе на Случчыне пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю пяць станцый абезжалезвання вады. Згодна з дзяржаўнай праграмай па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада» на 2019 – 2025 гады, такія станцыі з'явіліся ў нашым раёне ў аграгарадках Вежы, Ленькі, Заполле, вёсках Знамя, Кляпчаны. Зараз тры з іх знаходзяцца на балансе мясцовых сельгасарганізацый, дзве – КУП «Слуцкводаканал».

Станцыі працуюць цалкам у аўтаматычным рэжыме. Там  устаноўлена сучаснае абсталяванне айчынных вытворцаў. Вада фільтруецца да неабходных параметраў утрымання жалеза.

На адной з такіх станцый, што ў Кляпчанах, мы пабывалі з інжынерам па тэхнаглядзе ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Дзмітрыем Станіслававічам Самусевічам. Паводле яго слоў, станцыя пабудавана за крэдытныя сродкі міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Яна забяспечвае чыстай вадой населены пункт. Пры станцыі размяшчаецца новая свідравіна глыбінёй 94 метры. Абсталяванне, якое ўстаноўлена ўнутры памяшкання станцыі, запраграміравана так, што «лішняе» жалеза спачатку збіраецца ў пэўныя ёмістасці, потым яны самаачышчаюцца і прамываюцца. У залежнасці ад магутнасці той ці іншай станцыі і напаўнення фільтруючых ёмістасцей такі працэс самаачысткі адбываецца раз у суткі-трое. Усё гэта не патрабуе ўмяшальніцтва чалавека. Аднак за станцыямі замацаваны спецыялісты.

Дарэчы, што тычыцца магутнасці станцый, то яна ў кожным выпадку розная, таму што разлічана пад патрэбы пэўнай мясцовасці. Самая буйная і магутная – у аграгарадку Вежы.

Па словах галоўнага інжынера ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Сяргея Валер'евіча Куліка, у наступным годзе такую станцыю абезжалезвання вады плануюць пабудаваць у аграгарадку Замосце.

 Як расказаў намеснік галоўнага інжынера па будаўніцтве – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела КУП «Слуцкводаканал» Валерый Васільевіч Казачэнка, у гэтым годзе станцыі абезжалезвання вады пабудавалі ў аграгарадках Знамя і Заполле, дзе пражываюць прыкладна па 300 чалавек. Станцыі ачышчаюць да 6,5 кубоў вады за гадзіну. Будаўніцтва іх вялося за сродкі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Кошт кожнай з іх – каля 100 тысяч беларускіх рублёў.  Яшчэ чатыры пабудаваны ў мінулым годзе. Дзве з іх ачышчаюць па 20 кубоў вады за гадзіну, забяспечваюць чыстай вадой жыхароў аграгарадкоў  Вясея і Казловічы, дзе пражываюць каля 1 200 чалавек у кожным населеным пункце. Яшчэ дзве, размешчаныя ў Сярагах і Падлессі, – да 10 кубоў у гадзіну. Прычым, іх магутнасці разлічаны, як кажуць, з улікам перспектывы.

Сёлета, акрамя станцый абезжалезвання вады, за сродкі водаканала гаспадарчым спосабам устаноўлена дадатковае  абсталяванне на артсвідравіне ў вёсцы Радзічава, заменены трубы на поліэтыленавыя, што таксама дазволіла даць насельніцтву вёскі чыстую ваду. За сродкі сельгасарганізацыі  ААТ «Вітка-Агра» плануецца ўстанавіць такое дадатковае абсталяванне для ачысткі вады ў Цалевічах. Спецыялісты Слуцкага водаканала ўжо займаюцца манціраваннем абсталявання.

У наступным годзе запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў  вёсцы Селішча, ужо заказана праектна-каштарысная  дакументацыя. Да 2025 года такія станцыі плануецца пабудаваць у населеных пунктах Ісерна, Кірава, Паўстынь, Вялікая Сліва, Замосце, Гольчычы, Леткаўшчына, Жылін Брод, Белічы, Акцябр, Балотчыцы, Агароднікі, Маяк. Яшчэ 12 станцый – у іншых раёнах: Стаўбцоўскім, Уздзенскім, Старадарожскім і Капыльскім.

Да 2025 за крэдытныя сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця плануецца правесці работы згодна з праектам «Рэканструкцыя і расшырэнне ачышчальных збудаванняў і сістэмы каналізацыі горада Слуцка», заказчык якога – упраўленне капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна. Дзяржаўным прадпрыемствам «Белкамтэхінвест» аб’яўлены тэндар на правядзенне праектных і будаўнічых работ у гэтым кірунку.

Наталля  ГРАМЫКА.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения