«Кожнае дрэва ў лесе нібы маё дзіця» – ляснічы Вячаслаў Раўтовіч
22.08.2020
У шчырасць слоў ляснічага ў другім пакаленні, чалавека, які трыццаць чатыры гады ўдзельнічае ў захоўванні лясных багаццяў Случчыны, складана не паверыць.
Участак пад яго кантролем – 12 500 гектараў Вераб’ёўскага лясніцтва (13 абходаў (леснікоў) і тры майстроўскія ўчасткі, у кожнага майстра ў падпарадкаванні па 3 – 4 леснікі).
– Лес для мяне з самага дзяцінства, што дом родны, – расказвае Вячаслаў Вячаслававіч. – Мой бацька Вячаслаў Сямёнавіч Раўтовіч быў ляснічым Жылінбродскага лясніцтва. У дзяцінстве часта бываў з ім у лесе. Тут і пачыналіся мае прыгоды: паходы па грыбы, ягады, знаёмства з ляснымі «насельнікамі». Ніколі не забуду, як бацька беражліва гладзіў ствалы зялёных старажылаў. Ну хіба пасля гэтага я мог выбраць іншую прафесію?
Вячаслаў Вячаслававіч скончыў Полацкі лясны тэхнікум, пазней завочна – Беларускі дзяржаўны тэхналагічны інстытут. На работу ў Слуцкі лясгас прыйшоў у 1986 годзе, у 1999-м – запрасілі на пасаду ляснічага.
– Асноўная мая работа – ахова лесу, – адзначае Вячаслаў Вячаслававіч. – Займаемся доглядам, рубкай (ачысткай ад загінулых і хворых дрэў) і, вядома, пасадкай лесу.
За апошнія некалькі гадоў Слуцкі лес моцна пацярпеў ад жука-караеда. Высякалі каля 200 гектараў пашкоджанага лесу штогод. Адначасова засаджвалася прыкладна 120 гектараў. У бягучым годзе, па словах ляснічага, новых заражэнняў лесу жуком-караедам не было. Назіраецца некаторае ўсыханне елі, але тут прычына ў кліматычных зменах.
– Душа, вядома, баліць, за кожнае дрэва, – адзначае Вячаслаў Вячаслававіч. – Для мяне яны ўсе, як дзеткі, а ў бацькі няма дрэнных дзяцей.
Усё пачынаецца з нарыхтоўкі шышак у лесе ў лістападзе. Сабраны ўраджай змяшчаюць у шышкасушылку, перапрацоўваюць, атрымліваюць насенне. Вясной яго высяваюць на гадавальніках, вырошчваюць саджанцы, якія праз год перасаджваюць непасрэдна на лесасекі. Асноўная парода, якую вырошчваюць у Вераб’ёўскім лясніцтве, – сасна. Гэтак жа садзяць елку, дуб, бярозу, алешыну.
– Дрэнных дрэў не бывае, напрыклад, некаторыя кажуць, навошта ў лесе акацыя, маўляў яна толькі засмечвае лес, – расказвае В.В. Раўтовіч. – А я лічу, што трэба, каб усё было ў лесе, тая ж акацыя – добры меданос для пчол.
Дарэчы, у лясніцтве ёсць пчальнік на 65 пчаліных сем’яў. Акрамя гэтага – вальер з ланямі, дзе да нядаўняга часу знаходзілася 30 жывёлін, уключаючы маладняк, 15 выпусцілі на волю.
Наш лес наогул багаты на звера: ласі, алені, казулі, заяц, ліса, ваўкі і нават рысь. Гэты год парадаваў багаццем чарніц, нямала было і першых лісічак. А вось баравікоў пакуль практычна няма, па словах ляснічага, цяпер у лесе занадта суха.
Людзі, нарэшце, пачалі шанаваць лес, лічыць ляснічы. Так, у бягучым годзе, на шчасце, у лясах Случчыны зусім не назіралася пажараў. А вось смецце і бутэлькі ў лесе грыбнікі і адпачываючыя, на жаль, яшчэ не да канца навучыліся за сабой прыбіраць.
Самая прыгожая пара ў лесе, лічыць Вячаслаў Вячаслававіч, ранняя вясна, калі ўсё толькі пачынае распускацца.
– Люблю і восень, калі ўвесь лес «гарыць» палымнеючай лістотай, – кажа ляснічы, – а ў лесе лунае ўстойлівы грыбны пах. Летам жа вясновае захапленне знікае, вакол зеляніна, да якой усе ўжо прывыклі. А вось зімовая пара ў лесе – гэта на аматара.
– Пра тое, што пайшоў на гэту працу, ні разу не пашкадаваў. Лёгкай работы не бывае, у прынцыпе, усюды ёсць свае праблемы, нюансы. Адпачываць і расслабляцца няма калі, – гаворыць Вячаслаў Вячаслававіч.
Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела