Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Карыстаецца аўтарытэтам у аднавяскоўцаў стараста Кляпчан Г.М. Каролік

31.01.2021
Спрадвеку так павялося: на вёсцы выбіралі старэйшыну – самага мудрага, разважлівага, аўтарытэтнага чалавека, арганізатара, дарадчыка і памочніка ў рашэнні вясковых, жыцейскіх праблем. Ёсць такія людзі на вёсцы і цяпер, прадстаўнікі грамадскага самакіравання – старасты. У іх кагорце Галіна Мікалаеўна Каролік, якая ўжо шмат гадоў як стараста вёскі Кляпчаны.

Галіна Мікалаеўна зараджае аптымізмам і радасцю, пасля размовы з ёй пахмурны студзеньскі дзень падаўся мне не такім і змрочным, пацяплела, пасвятлела і на сэрцы.

– Яна такая – энергічная, пазітыўная, камунікабельная – умее ўзняць настрой людзям, падбадзёрыць, падтрымае, а з кімсьці і «разбор палётаў» правядзе – без прафілактычных гутарак таксама не абысціся, – расказвае пра старасту Кляпчан старшыня Кіраўскага сельвыканкама Сяргей Георгіевіч Мерный. – Да кожнага з аднавяскоўцаў Галіна Мікалаеўна знаходзіць свой падыход, разуменне, не лічыцца з часам. Разам працуем, наведваем мнагадзетныя і няўдачныя сем’і, па прафілактыцы пажараў і правапарушэнняў, праблемныя пытанні вяскоўцаў таксама рашаем разам. Яна – добры памочнік.


Стараста Г.М. Каролік, старшыня Кіраўскага сельвыканкама С.Г. Мерный.


Галіна Мікалаеўна распавядае:

– Кляпчаны – вялікая вёска, 9 вуліц, 182 дамы, 340 жыхароў, у пераважнасці людзі працаздольнага ўзросту. Люблю нашу вёску, яе жыхароў, жыву і працую тут шмат гадоў – загадчыцай Кляпчанскага сельскага клуба. На вёсцы, ведаеце, як у песні, «от людей на деревне не спрячешься» – усе, як адна сям’я, са сваімі радасцямі, перамогамі, складанасцямі…

Пэўна, у сілу прафесіі і характару не магу быць раўнадушным сузіральнікам па жыцці, наадварот, імкнуся быць актыўным яго ўдзельнікам, дапамагаць іншым. Стараста – гэта дадатковая нагрузка, бясплатная работа, але мне падабаецца, не ўсё ў жыцці вымяраецца грашыма. Прыемна, калі разам з сельвыканкамам удаецца рашыць надзённыя праблемы людзей, напрыклад, па асвятленні вуліцы, забеспячэнні палівам, дастаўцы лекаў ці яшчэ якія, кагосьці засцерагчы ад дрэннага ўчынка, даць параду, самой павучыцца чамусьці новаму, добраму ў аднавяскоўцаў.

Галіна Мікалаеўна падзялілася, што асаблівых праблем па інфраструктуры ў Кляпчанах няма, працуюць школа і ФАП, ёсць магазіны, рэгулярна прыязджае аўталаўка, да горада можна дабрацца на рэйсавых аўтобусах. Хвалююць стан вуліц, далейшае добраўпарадкаванне Кляпчан. Дарэчы, за папярэднія некалькі гадоў у вёсцы агульнымі намаганнямі навялі ўзорны парадак на могілках. Галіна Мікалаеўна была адна з завадатараў гэтага, арганізоўвала жыхароў вёскі на суботнікі. За сродкі  людзей на могілках устанавілі і пафарбавалі новую жалезабетонную агароджу, дзве каліткі, уладкавалі кантэйнерную пляцоўку для смецця, правялі выдаленне 11 старых аварыйных дрэў. Па просьбе жыхароў свяшчэннік асвяціў могілкі.



– Не ўсе з жыхароў Кляпчан адразу адгукнуліся на прапанову ўладкавання могілак, – узгадвае стараста. – Аднак з цягам часу прыхільнікаў стала значна больш. Напрыклад, у фарбаванні агароджы на могілках удзельнічалі 78 мясцовых жыхароў. Многія ўсвядомілі, што клопат пра родную вёску, малую радзіму – справа агульная. Цяпер два разы на год праводзім суботнікі, прыбіраем могілкі, іншыя тэрыторыі ў вёсцы, гэта для жыхароў Кляпчан ужо як заведзены парадак. Як і ўборка, уладкаванне тэрыторый на вуліцы каля сваіх дамоў – людзі высаджваюць кветкі, робяць клумбы – каб прыгожа было ў роднай вёсцы.

У старасты Кляпчан ёсць свае памочнікі, вясковыя актывісты, разам яны праводзяць работу з мясцовымі жыхарамі. У складзе «групы падтрымкі» Галіны Мікалаеўны – загадчыца Кляпчанскага ФАПа Наталля Міхайлаўна Гурыновіч, санітарка гэтага ФАПа Алена Аляксандраўна Голуб, вартаўнік ААТ «Слуцкая Ніва» Алена Адамаўна Козел, кладаўшчык ААТ «Слуцкая Ніва»  Людміла Віктараўна Сарагавец, жыхарка Кляпчан Святлана Генадзьеўна Грынько.

– Наша Галіна Мікалаеўна – добры, чулы і ў той жа час рашучы чалавек, – адзначыла вартаўнік ААТ «Слуцкая Ніва» Алена Адамаўна Козел. – Адкуль яна бярэ столькі сіл і энергіі, невядома, але ў яе заўсёды шмат спраў, ідэй і прапаноў. Якія цудоўныя святы яна праводзіць для жыхароў Кляпчан, многім дапамагае. Добра, што ёсць такія людзі на вёсцы…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения