Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

«Ямпаль-Слуцк»: у чым унікальнасць прадпрыемства, які асартымент выпускаецца

04.05.2020
 У Беларусі захаваліся і развіваюцца вытворчасці, на якіх прадукцыю робяць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Адно з іх – унітарнае прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк» ГА «БелТІЗ».

Сёння на прадпрыемстве поўны цыкл вытворчасці: ад ліцця пластмас да выпуску пэндзаляў, шчотак, мэблевай прадукцыі. У лінейцы вырабаў – больш за 300 найменняў.

– Наша прадпрыемства з’яўляецца ўнікальным, аналагічных у Беларусі мала, – адзначае дырэктар УП «Ямпаль-Слуцк» Дзмітрый Мікалаевіч Антоненка. – Прадпрыемства працуе з 10 верасня 1935 года. Ішлі гады, змянялася прадукцыя, але галоўная мэта – забяспечыць умовы працы людзям з інваліднасцю па зроку заўсёды заставалася і застаецца для нашага прадпрыемства прыярытэтнай. Цяпер тут працуе 161 чалавек, з іх 9 знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, 88 – з інваліднасцю, сярод іх 68 – па зроку.

– Без дапамогі людзей, якія інваліднасці не маюць, прадпрыемству працаваць немагчыма, – гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. – Гэта тычыцца адміністрацыі, бухгалтэрыі, людзей, якія абслугоўваюць абсталяванне. У сённяшніх рэаліях мы маглі б паставіць аўтаматычную лінію і адыйсці ад ручной працы. Але, паўтаруся, наша асноўная мэта – даць людзям з парушэннем зроку работу, паказаць, што іх навыкі і ўменні патрэбныя. Каб яны не замыкаліся ў чатырох сцянах, а атрымлівалі магчымасць рэалізаваць сябе.



У інваліда па зроку круг спецыяльнасцяў абмежаваны. Інвалід па слыху можа працаваць практычна на любым прадпрыемстве, інвалід-апорнік прыменіць свае навыкі ў многіх спецыяльнасцях. Наша арганізацыя першапачаткова была створана для таго, каб зарабіць грошы для стварэння ўмоў для сацыяльна-працоўнай адаптацыі людзей з інваліднасцю па зроку.

2019 год для прадпрыемства, па словах Дзмітрыя Мікалаевіча, склаўся ўдала, выкананы і перавыкананы ўсе даведзеныя паказчыкі. Так, аб’ём вырабленай прадукцыі ў дзеючых цэнах павялічыўся да 116,9% у параўнанні з 2018 годам.

– Па выніках 2019 года наш склад запоўнены на 93% ад сярэднямесячнага аб’ёму з магчымых па нарматывах 200, – адзначае Дзмітрый Мікалаевіч. – Прычым, яшчэ некалькі гадоў таму ён быў больш за 350% ад сярэднямесячнага аб’ёму, ёсць значны рух. Вырабленая летась прадукцыя была цалкам адгружана. Суадносіны адгружанай прадукцыі да вырабленай летась склалі 105%.

Эфектыўнасць работы прадпрыемства ў сучасных умовах абумоўлена таксама вялікім асартыментам прадукцыі. Напрацавана шырокая база заказчыкаў, якая пастаянна пашыраецца. На сённяшні дзень яна складае каля 500 контрагентаў.

– У мінулым годзе мы выканалі вялікую работу па набыцці сыравіны, матэрыялаў, прывезлі іх з Кітая, забяспечыўшы сябе сыравінай на год наперад, – адзначае Дзмітрый Мікалаевіч. – Што дазваляе нам не павышаць цэны, і я лічу гэта наша канкурэнтная перавага сёння.

У мінулым годзе прадпрыемства спрацавала з прыбыткам. Агульны прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі за год у нас склаў 162 000 рублёў (2018 год – 120 000 рублёў), што дазволіла павялічыць заработную плату працаўнікам. Так, сярэдняя заработная плата за сакавік у гэтым годзе павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 28%.



«Ямпаль-Слуцк» за апошнія гады набыў сучаснае абсталяванне, што дазволіла нарасціць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі. Эканомію сродкаў забяспечвае таксама ўсталяваная ўжо шмат год таму міні-кацельня, якая працуе на пілавінні і драўняных абрэзках.

– Не ўсё ў нас так гладка, як хацелася б, ёсць свае нюансы і праблемы, але мы не сядзім склаўшы рукі, робім усё магчымае, каб іх вырашыць, – гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч.

Дарэчы, вытворчасць на «Ямпаль-Слуцк» ніколі не была стратнай, а само прадпрыемства ні разу не брала крэдыты – нават у самыя складаныя перыяды.

Вялікую ўвагу прадпрыемства надае рэабілітацыі інвалідаў па зроку.

– Наша задача – забяспечыць даступнае і камфортнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю на самім прадпрыемстве, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Генадзьевіч Бібік. – Для гэтага мы выкарыстоўваем самыя сучасныя і даступныя сродкі рэабілітацыі, элементы для безбар’ернага асяроддзя. Мы першыя ў горадзе паклалі тактыльную плітку неабходных памераў перад ганкам прадпрыемства. Яна, дарэчы, бывае двух відаў: тактыльная накіроўвальная і тактыльная папераджальная. Стаўшы на папераджальную плітку, чалавек разумее, што наперадзе альбо святлафор, альбо ганак. Накіроўвальная плітка, як зразумела з назвы, зроблена і выкладзена ў выглядзе ліній, па якіх чалавек рухаецца.

На ўваходзе на прадпрыемства ў нас устаноўлены спецыяльныя гукавыя інфарматары, якія інфармуюць чалавека праз смартфон аб месцы яго знаходжання. Калі адрас верны, ён націскае на кнопку, раздаецца гук, на які чалавек ідзе. Апрача іншага, праграма выдае інфармацыю аб тым, што знаходзіцца на першым паверсе.

Каля кабінетаў на прадпрыемстве размешчаны шыльды з шрыфтам брайля, які дубліруецца тактыльнымі літарамі рускага алфавіту. Парэнчы лесвіцы абсталяваны адмысловымі выпукласцямі, па якіх чалавек можа вызначыць, на якім паверсе ён знаходзіцца.

– Мы пачалі ўстаноўку папераджальнай пліткі каля кабінетаў, – адзначае Дзмітрый Генадзьевіч, – чалавек, стаўшы на яе, разумее, што на вызначанай адлегласці знаходзяцца дзверы.

На ўзбраенні людзей з інваліднасцю па зроку існуе маса гаджэтаў: «гаворачая рулетка», лупа, «галасавы маркер» і іншыя.

На прадпрыемстве працуе кабінет з сучаснымі сродкамі рэабілітацыі для інвалідаў па зроку. Супрацоўнікі прадпрыемства гуляюць у футбол, рэгулярна ладзяць спаборніцтвы па шоудауну (настольны тэніс для людзей з інваліднасцю па зроку).

– Работнікі і ветэраны ўнітарнага прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк» заслугоўваюць слоў павагі і ўшанавання за іх працу, вялікую сілу волі. Невычэрпная энергія, актыўная жыццёвая пазіцыя гэтых людзей з’яўляюцца прыкладам для многіх, – адзначыў Д.М. Антоненка.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения