Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Ёсць узаемадзеянне – ёсць і вынік

18.02.2021
Шчыра, канструктыўна ў Сяражскім сельсавеце прайшла сустрэча мясцовага актыву са старшынёй Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталляй Аляксандраўнай Аўсяннікавай, старшынёй Сяражскага сельвыканкама Арцёмам Алегавічам Дзям’янавым, якія выступілі з дэпутацкімі справаздачамі аб рабоце за мінулы год.


У раённым маштабе


Як падкрэсліла Наталля Аляксандраўна, абавязкі дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў абумоўліваюць шырокае кола дзейнасці: работа са зваротамі грамадзян, пытанні добраўпарадкавання, прафілактыка пажараў і правапарушэнняў, рашэнне арганізацыйных пытанняў у населеных пунктах і многае іншае.  Самае галоўнае, канечне, – вырашэнне  актуальных пытанняў случчан.

Наталля Аляксандраўна расказала пра сваю работу ў акрузе, асноўных напрамках дзейнасці дэпутацкага корпусу раённага Савета дэпутатаў. На абласным узроўні Случчыну прадстаўляюць 4 дэпутаты, на раённым – 38, у 14 сельскіх Саветах дэпутатаў  на Случчыне працуюць 168 дэпутатаў.

З улікам эпідсітуацыі ў 2020 годзе фармат работы дэпутатаў райсавета быў скарэктаваны, у тым ліку праводзілі больш «прамых тэлефонных ліній», сесіі арганізоўвалі дыстанцыйна з выкарыстаннем  месенджару Viber. Раённы Савет дэпутатаў працуе ў цесным узаемадзеянні са Слуцкім райвыканкамам, сельвыканкамамі, прадстаўнікамі грамадскага самакіравання, раённымі службамі, грамадскімі арганізацыямі. Летась адбылося 10 сесій Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, на якіх прынята 45 рашэнняў, у тым ліку 20, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў. Прайшло 10 пасяджэнняў прэзідыума Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, на якіх прынята 21 рашэнне. У ліку найбольш значных пытанняў, разгледжаных раённым дэпутацкім корпусам у мінулым годзе, – «Аб зацвярджэнні мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Слуцкага раёна на 2021 – 2025 гады», «Аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўстройства Слуцкага раёна», «Аб устанаўленні межаў сельскіх населеных пунктаў Слуцкага раёна і прызнанні страціўшымі сілу некаторых рашэнняў Слуцкага раённага  Савета  дэпутатаў», «Аб аказанні дапамогі да навучальнага года» і іншыя.

Работа з людзьмі ў акрузе – значная частка дзейнасці дэпутатаў. У мінулым годзе старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў правяла 16 прыёмаў грамадзян, 27 сустрэч са случчанамі па месцы жыхарства, 7 «прамых тэлефонных ліній». Разгледжаны, дадзены даручэнні розным службам больш чым па 100 пытаннях грамадзян, 17 пытанняў узяты на кантроль. Наталля Аляксандраўна падкрэсліла, што ў ліку дамінуючых праблем, якія хвалююць  жыхароў Случчыны,  – стан дарог і вуліц.  Ужо вызначаны аб’ём работ па капрамонце вулічна-дарожнай сеткі Слуцка, сельскіх населеных пунктаў раёна на 2021 год.

Асобная ўвага – добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Дэпутатамі сельсаветаў, раённага Савета дэпутатаў, старастамі вёсак летась зроблена нямала ў гэтым кірунку. У  мінулым годзе адчувальна актывізавана работа па сістэматызацыі і скарачэнні пустуючых безгаспадарных  і старых дамоў у сельскай мясцовасці. Летась паўторна абследаваны ўсе населеныя пункты на Случчыне, складзены адпаведныя спісы такіх домаўладанняў. Як адзначыла  Наталля Аляксандраўна, адна з галоўных задач для дэпутацкага корпусу сельсаветаў, райсавета на 2021 год – правядзенне больш выніковай работы з уласнікамі дамоў і нашчадкамі па  належным утрыманні домаўладанняў і прысядзібных участкаў, выкарыстанне магчымасці продажу дамоў, якія пасля суда пераходзяць ва ўласнасць сельвыканкамаў. У 2020 годзе сельвыканкамамі выдадзены  жыхарам 768 прадпісанняў за дрэннае ўтрыманне дамоў і прысядзібных участкаў. Сельвыканкамам належыць узмацніць работу па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці нядбайных гаспадароў.

У мінулым годзе ў раёне ўцягнуты ў гаспадарчы абарот 37,75 гектара зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваліся. Устаноўлена (адрамантавана) 9 231 метр пагонны платоў каля прыватных дамоў  вяскоўцаў. За бюджэтныя сродкі, а таксама з долевым удзелам жыхароў і спонсарскую дапамогу добраўпарадкаваны тэрыторыі шэрагу сельскіх могілак. Летась пабудаваны новыя агароджы на могілках у вёсках Мерашыно (Казловіцкі сельсавет), Маглышы (Кіраўскі сельсавет), Ліпнікі (Вясейскі сельсавет). У сельскай мясцовасці раёна правялі выдаленне 456 аварыйных дрэў. На грамадзянскіх могілках абсталяваны 32 кантэйнерныя пляцоўкі, дадаткова ўстаноўлены 119 кантэйнераў для смецця.

Садзейнічае чысціні населеных пунктаў Случчыны  арганізаваны вываз бытавых адходаў Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркай, аднак у сельсаветах варта актывізаваць растлумачальную работу з жыхарамі па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Падчас сустрэчы Наталля Аляксандраўна спынілася таксама на дзейнасці па прафілактыцы пажараў, гібелі людзей ад іх. Гэту работу на Случчыне ў тым ліку праводзяць раённая, 14 сельскіх і 5 гарадскіх назіральных камісій, у складзе якіх дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, РАУС, шэрагу службаў і ўстаноў. Члены камісій праводзяць абследаванне домаўладанняў, прафілактычныя гутаркі з жыхарамі, распаўсюджваюць наглядную прадукцыю аб правілах бяспекі, жыхарам аказваецца дапамога па ўстараненні выяўленых недахопаў па проціпажарнай бяспецы.

Наталля Аляксандраўна праінфармавала аб рабоце камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Слуцкага раёна. У мінулым годзе па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуўся 21 жыхар Случчыны, у тым ліку случчане асацыяльнага ладу жыцця, а былі запрошаны на пасяджэнне камісіі – 574. Накіраваны на работу ў арганізацыі 15 чалавек, працаўладкаваліся – 5, некаторыя былі зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных у службе занятасці, адзін з жыхароў прайшоў навучанне і атрымаў субсідыю. Аднак  некаторыя з жыхароў Случчыны так і «не дайшлі» да наймальнікаў. Работа з імі будзе працягнута, камісія праводзіць удакладненне звестак аб жыхарах раёна, уключаных у базу дадзеных не занятых у эканоміцы грамадзян.

Наталля Аляксандраўна падкрэсліла, што план работы Слуцкага раённага Савета дэпутатаў за 2020 год выкананы, дэпутаты прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, раённых, абласных, рэспубліканскіх акцыях і мерапрыемствах, удзельнічаюць у суботніках, самі арганізоўваюць дэпутацкія суботнікі.  Сістэма дзейнасці раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў, якая склалася ў Слуцкім раёне, будзе рэалізоўвацца далей – з улікам патрабаванняў часу.

– Дэпутацкі корпус павінен не толькі чуць людзей, што іх хвалюе, цікавіць, але і тлумачыць, пераконваць у тым, што многае па сілах зрабіць ім самім, – гаварыла Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава.


У фармаце сельсавета


Навядзенні парадку на зямлі, падтрыманні чысціні ў населеных пунктах на тэрыторыі Сяражскага сельсавета надаецца асаблівая ўвага, гаварыў падчас справаздачы старшыня Сяражскага сельвыканкама Арцём Алегавіч Дзям’янаў. Выкананне гэтых задач ажыццяўляецца агульнымі намаганнямі – сельвыканкама, дэпутатаў, ААТ «Аграфірма «Лучнікі», стараст, жыхароў. Пры дапамозе ААТ «Аграфірма «Лучнікі» ў мінулым годзе зроблены ўказальнікі вуліц населеных пунктаў, праведзены добраўпарадкаванне тэрыторый каля помнікаў загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны, рамонт помнікаў, іншыя добраўпарадчыя работы. Па ініцыятыве дэпутатаў сельскага Савета дэпутатаў спілавалі дрэвы каля будынка Лучнікоўскай СШ. Як адзначыў Алег Дзям’янавіч, нямала зроблена па далейшым уладкаванні сельскіх могілак, у прыватнасці, правялі выдаленне 25 аварыйных дрэў, устаноўлена новая агароджа на могілках у вёсцы Варкавічы.  Падчас суботніка (ўсяго на тэрыторыі сельсавета летась іх правялі 8) ліквідавалі сметнік на могілках у вёсцы Бязверхавічы. У ліку значных добраўпарадчых работ – і ўладкаванне пандусаў каля будынкаў Лучнікоўскага цэнтра культуры і сельвыканкама.

За перыяд дзейнасці Указа №357 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб пустуючых і старых дамах» праведзена 9 судовых пасяджэнняў па пытаннях старога жылля на тэрыторыі сельсавета: 5 дамоў прызнаны безгаспадарнымі і перададзены ва ўласнасць сельвыканкама, па 4 дамах адмоўлена ў задавальненні іску (1 дом прызнаны вымарачанай спадчынай, 3 уладальнікі выказалі жаданне карыстацца дамамі). У мінулым годзе сіламі ААТ «Аграфірма «Лучнікі» знесены безгаспадарны дом у вёсцы Варкавічы, яшчэ два такія дамы ў Падліпцах плануюць знесці сёлета, два дамы ў гэтым населеным пункце  выставяць на продаж. Работа ў рамках Указа №357 будзе працягнута.

З 2017 года на тэрыторыі сельсавета праводзіцца паэтапная мадэрнізацыі вулічнага асвятлення – у населеных пунктах устанаўліваюць святлодыёдныя ліхтары. На гэты год запланавана мадэрнізацыя ЛЭП у вёсцы Бранава.

Алег Дзям’янавіч спыніўся на дзейнасці грамадскага пункта аховы правапарадку, назіральнай камісіі, рабоце з няўдачнымі сем’ямі     і іншых напрамках работы сельвыканкама. У ліку праблемных пытанняў – выкарыстанне пустуючых будынкаў арганізацый на тэрыторыі сельсавета, рамонт дарог.

Як было адзначана падчас сустрэчы, там, дзе ёсць узаемадзеянне, сумесная работа дэпутатаў, арганізацый і жыхароў, ёсць і відавочныя вынікі. Ва ўмацаванні гэтага дыялогу і ўзаемадзеяння, пошуку  нямала залежыць ад дэпутатаў. Несумненныя памочнікі сельвыканкамаў, мясцовых дэпутатаў старасты вёсак. У іх адрас прагучала нямала добрых слоў. За актыўны ўдзел у рабоце органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Падзячнымі лістамі Слуцкага раённага Савета дэпутатаў адзначаны стараста вёскі  Падліпцы Ірына Леанідаўна Ляткоўская, дэпутат Сяражскага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Вячаславаўна Кулікоўская.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения