Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

«Аўтадарогі цяпер, як казка»

22.08.2021
– У Вас двайны юбілей: 85 гадоў і Вам, і беларускай Дзяржаўтаінспекцыі!

– Дакладней будзе сказаць, савецкай ДАІ, – гаворыць Аляксандр Іўлеў. – Дзяржаўтаінспекцыю стваралі ў СССР. А з бяспекай руху сапраўды ўсё маё працоўнае жыццё звязана. У тым ліку больш за восем гадоў узначальваў аддзяленне ДАІ слуцкай міліцыі.

Разам з Аляксандрам Валянцінавічам разглядваем ужо пажоўклыя ад часу фотаздымкі. На іх бравы, у доўгай шынелі, прыгажун на матацыкле. «От, такі я быў дзяржаўтаінспектар. Тады і стомы, здаецца, не ведаў, – гаворыць ветэран. – Супрацоўнікі міліцыі працавалі часта кругласутачна, без службовага транспарту, але і ў думках не было скардзіцца на жыццё. Мне падабалася мая справа».


Службу ў міліцыі ўраджэнец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці Аляксандр Іўлеў пачынаў на Любаншчыне ў 1962 годзе. Пасля аб’яднання Старобінскага і Любанскага раёнаў маладога энергічнага дзяржаўтаінспектара павысілі да старшага аўтаінспектара, у падпарадкаванні якога знаходзіліся тры супрацоўнікі ДАІ. І ўжо ў хуткім часе яго накіравалі на службу ў Лагойск.

– Абавязкі супрацоўніка ДАІ тады былі шматлікія. Гэта цяпер сярод работнікай органаў Дзяржаўтаінспекцыі ёсць пэўная спецыялізацыя, а ў 60 – 70 гадах мінулага стагоддзя мы, можна сказаць, займаліся усім – і кантролем за дарогамі, і тэхаглядам, і прафілактыкай дарожна-транспартных здарэнняў, – узгадвае Аляксандр Валянцінавіч. – А ўлічыць яшчэ, што на аддзел міліцыі ў лепшым выпадку была адна машына… Супрацоўнікі ДАІ тады ў асноўным забяспечваліся матацыкламі. Нямала дарог давялося «пакарыць» на гэтым транспарце, – усміхаецца Аляксандр Валянцінавіч.

З цеплынёй ён узгадвае работу на Лагойшчыне. Ох, няпроста было, асабліва калі ў 1969 годзе адкрылі экскурсійныя маршруты на мемарыял «Хатынь» і Курган Славы. Расказвае, за дзень іх наведвалі 70 – 80 тысяч чалавек. Аляксандру Іўлеву і яшчэ некалькім супрацоўнікам ДАІ даводзілася займацца расстаноўкай экскурсійнага транспарту, кантраляваць рух. Але, як адзначае Аляксандр Валянцінавіч, было столькі цікавых сустрэч, у тым ліку з першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Міронавічам Машэравым.

Аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі Слуцкага ГРАУС Аляксандр Іўлеў узначаліў у 1976 годзе. Важны ўчастак работы яму даручылі невыпадкова: немалы вопыт службы, закончыў Вышэйшую школу міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў, за час работы праявіў сябе выдатна. Аляксандр Валянцінавіч узгадвае, што ў Слуцку ў той час быў толькі адзін святлафор – у цэнтры горада, не ўсюды былі абазначаны пешаходныя зоны, адсутнічалі разметкі на праезнай частцы. Разам з работнікамі гарадской камунальнай гаспадаркі супрацоўнікі ДАІ ўстанаўлівалі дарожныя знакі. За час работы на пасадзе начальніка аддзялення ДАІ Аляксандру Валянцінавічу нямала ўдалося зрабіць у горадзе па забеспячэнні дарожнай бяспекі. У тым ліку па ўсталяванні ў Слуцку святлафораў, агароджаў пешаходных зон. Цікава было даведацца, што ў той час супрацоўнікі міліцыі працавалі ў цесным узаемадзеянні з грамадскімі аўтаінспектарамі прадпрыемстваў і арганізацый Случчыны, у тым ліку аўтабаз, якіх было ў нашым горадзе ажно пяць.

У званні маёра міліцыі Аляксандр Валянцінавіч звольніўся са Слуцкага ГРАУС у 1984 годзе, працаваў старшынёй гарадскога савета таварыства аўтааматараў. Ён з цеплынёй узгадавае сваіх калег, з якімі нёс службу ў міліцыі. За сваю адданую службу Аляксандр Валянцінавіч Іўлеў адзначаны ўзнагародамі, граматамі.

З сумам і жалем ветэран узгадвае сваю жонку, якой, на жаль, ужо няма побач. Свецяцца шчасцем яго вочы, калі гаворыць пра дачку, якая штодня праведвае бацьку. Аляксандр Валянцінавіч у выдатнай фізічнай форме, шмат чытае, любіць рыбачыць, хадзіць у лес на «ціхае паляванне».

– Якія цудоўныя цяпер у нас, у Беларусі, аўтатрасы, гэта гарантаваны залог бяспекі, ёсць чым ганарыцца. Мяне як былога работніка ДАІ, і проста як чалавека, вельмі радуе такая сітуацыя. Цаніць усё гэта трэба, – адзначае Аляксандр Валянцінавіч.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения