Мы пацікавіліся наконт прамежкавых вынікаў дзеяння рашэння ў галоўнага спецыяліста ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінскага аблвыканкама Алены Спірчанковай.
— Рашэнне зацвердзілі на падставе 20-га пункта Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 г. №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі». Ім прадугледжвалася, што аблвыканкамы маюць права вызначаць населеныя пункты, на тэрыторыі якіх з улікам зацікаўленасці дзяржавы, мясцовых умоў і гаспадарчай эфектыўнасці пустуючыя дамы могуць выставіць на аўкцыён з пачатковай цаной продажу ў 1 базавую велічыню або прадаць без правядзення аўкцыёну за 1 БВ, — адзначыла Алена Спірчанкова. — Аблвыканкамы таксама атрымалі права вызначаць паселішчы, дзе такія дамы адчужаюцца толькі шляхам правядзення аўкцыёну. У выніку, паводле рашэння №844, Мінскі аблвыканкам уключыў у пералік такіх паселішчаў усе населеныя пункты Дзяржынскага, Мінскага, Слуцкага і Смалявіцкага раёнаў, а таксама большасць паселішчаў астатніх 18 раёнаў вобласці. У населеных пунктах тых 18 раёнаў пустуючыя дамы маглі выстаўляць на продаж за 1 БВ праз аўкцыён або без яго.
Пры выбары паселішчаў для продажу пустуючых дамоў за 1 БВ у разлік браліся найбольш нізкі кошт зямлі і аддаленасць ад транспартнай інфраструктуры, а таксама ранейшае безвыніковае выстаўленне на аўкцыён.
Алена Спірчанкова адзначыла, што сайты раённых выканаўчых камітэтаў змяшчалі пералік адпаведных пустуючых дамоў у вольным доступе, які напаўнялі паводле пастаноў судоў адносна такой прыватнай маёмасці. Пры гэтым, паводле 8-га пункта Указа №116, райвыканкамы стваралі камісіі, якія абследавалі стан жылых дамоў прынамсі двойчы на год. 1 студзеня 2023 года Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі плануе запусціць у Сеціве «Адзіны рэестр пустуючых дамоў» з напаўненнем ад райвыканкамаў. Такі рэестр павінен стварацца на аснове дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Адзіны рэестр маёмасці», а вольны доступ да яго райвыканкамам будзе забяспечваць РУП «Нацыянальнае кадастравае агенцтва».