Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

В Слуцке прошел районный конкурс замещающих родителей «Сердце отдаю детям» (дополнено)

28.03.2019
21 сакавіка на базе СШ №8 прайшоў раённы конкурс бацькоў-выхавальнікаў прыёмных сем’яў «Сэрца аддаю дзецям». 

У ім прынялі ўдзел дзве прыёмныя сям'і і вялікая сям'я дзіцячага дома сямейнага тыпу: Галіна Міхайлаўна Барысевіч і яе выхаванцы Юлія Арцем'ева, Вольга Васенда, Віялета Марозава;  Алена Іванаўна Яновіч і яе выхаванцы Руслан Мацкевіч, Уладзіслаў і Мілана Чумачэнкі і выпускнік прыёмнай сям'і Іван Бераснеў; Таццяна Іванаўна Троцкая, Аляксей Іванавіч Баркоў і іх восем выхаванцаў: Дар'я Пліско, Аляксей Шчэрбіч, Іван Стралковіч, Алена Хруцкая, Дзяніс Давідовіч, Ягор Сахачоў, Ганна Лагуноўская, Варвара Святуха.

Актавая зала школы нібы напоўнілася любоўю і пяшчотай ад усмешак дзяцей, клапатлівых позіркаў прыёмных бацькоў. Смелыя, адказныя, людзі вялікай душы, вартыя пашаны і павагі. Яны далі дзецям, якія засталіся без бацькоўскай апекі, не толькі годныя ўмовы жыцця, але і надзею на лепшае, веру ў тое, што ёсць у свеце дабрыня і любоў – без яе немагчыма выхоўваць дзетак, не родных па нараджэнні, але самых блізкіх і дарагіх. З дзвюма сем’ямі я знаёмая асабіста, няпростыя лёсы дзяцей мне вядомыя. Таму вельмі прыемна было ўбачыць іх пасталелымі, папрыгажэўшымі,  назіраць за іх адносінамі, бачыць, як клапоцяцца адзін пра аднаго, з якім замілаваннем глядзяць на сваіх прыёмных матуль...

Канкурсанты прадставілі на суд журы прэзентацыйны відэаролік «Адзін дзень з жыцця сям'і», сачыненні бацькоў-выхавальнікаў і іх выхаванцаў, «Кнігу жыцця» выхаванца прыёмнай сям'і, а таксама міні-выставу «Таленты нашай сям'і», візітную картку «Мы шчаслівыя разам». 


Усе гэтыя цудоўныя бацькі і іх выдатныя дзеці атрымалі дыпломы, каштоўныя прызы ад спонсараў і салодкія падарункі. Рэдакцыя нашай газеты ў рамках акцыі «100 добрых спраў са  «Слуцкім краем» перадала ўдзельнікам конкурсу невялікія падарункі: самым маленькім – салодкія пачастункі, а старэйшым – спартыўныя шапачкі, якія ваш карэспандэнт атрымала ў якасці выйгрышу ў адным з фотаконкурсаў (дзякуй нашым падпісчыкам у групе газеты «Укантакце!»).

А пераможцамі конкурсу сталі бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Пра вялікую сям’ю Таццяны Іванаўны Троцкай і Аляксея Іванавіча Баркова мы неаднаразова пісалі ў «Слуцкім краі». Пра Алену Іванаўну Яновіч і яе выхаванцаў-спартсменаў Івана і Руслана мы таксама расказвалі. Нядаўна жанчына прыняла ў сям’ю яшчэ дваіх дзетак – сястрычку і браціка. 


Галіна Міхайлаўна і Іосіф Мікалаевіч Барысевічы выхоўваюць цяпер трох дзяўчынак – Вольгу, Юлію, Віялету. Дваіх дзяцей яны ўжо выгадавалі як родных. Павел і Кацярына – гордасць сям’і, гэта відавочна. Пра Паўла Барысевіча, паспяховага афіцэра  Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, нядаўна паказвалі ролік па тэлебачанні. Падчас вучобы ў Ваеннай акадэміі за дасягненні ў даследчыцкай дзейнасці ён стаў стыпендыятам спецфонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адоранай моладзі. У мінулым годзе стварыў сям’ю, нарадзілася дзіця. Кацярына працуе ў медыцынскай сферы, таксама ўсё ў яе жыцці ладзіцца. А гэта самае лепшае для бацькоў. 

– І з гэтых дзяўчатак толк будзе, – гаворыць Галіна Міхайлаўна. – Яны ў мяне вельмі добрыя, заўсёды дапамагаюць, старанныя ў вучобе, рукадзельніцы.

Вольга ў сям’і ўжо 9 гадоў, Юля – восем, а Віялета з 2018 года. Галіна Міхайлаўна расказвае, што ў сям’і ёсць свае правілы. Адно з важных – дысцыпліна, спачатку справы – потым адпачынак. А яшчэ мама прывучае сваіх дзяцей заўсёды гаварыць праўду, лепш горкую, але праўду. І гэта дапамагае ў адносінах. А яшчэ адзначае Галіна Міхайлаўна, трэба размаўляць і дамаўляцца. Гэта таксама важныя складальнікі добрых стасункаў у сям’і. Старэйшыя дзеці прыязджаюць да Барысевічаў, і заўсёды ў іх з малодшымі выхаванкамі сям’і размоў – на цэлую ноч, усміхаецца Галіна Міхайлаўна, сябруюць. І далей хацелася б ёй, каб было так, адзін за аднаго, не губляцца ў жыцці. 

– Іх любоў, цёплыя ўзаемаадносіны і наша згуртаванасць даюць сілы, – дзеліцца мама-выхавальнік.  




  
Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения