Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Утрымацца на вяршыні

16.01.2020
 Артур Царыковіч з мамай Жаннай Анатольеўнай.


Сярод лаўрэатаў конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці – 2019», вынікі якога падвялі ў Слуцку, – случчане Артур Царыковіч і Андрэй Гароднік.


10 студзеня  ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці прайшла ўрачыстая  пятая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Гэта 25 навучэнцаў цэнтральнага рэгіёна, якія праявілі сябе ў 2019 годзе ў вучэбнай, творчай, спартыўнай, грамадскай дзейнасці. 500 лепшых навучэнцаў вобласці ўдзельнічалі ў конкурсе.

Пасведчанні, памятныя статуэткі і знакі «Вучань года Мінскай вобласці» пераможцам уручылі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барыс Браніслававіч Блахін, дырэктар Слуцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерва Валерый Генадзьевіч Валадковіч, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь педагог дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Віктараўна Лаўрова.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Чарнушэвіч. Пераможцы конкурсу атрымалі салодкія падарункі ад Мінаблвыканкама.

Пасля цырымоніі лепшыя прадстаўнікі вучнёўскай моладзі разам з арганізатарамі конкурсу адправіліся ў Слуцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, каб павіншаваць яго выхаванцаў са святамі і ўручыць ім салодкія падарункі. Гэтым візітам завяршылася дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» ў Мінскай вобласці.

Выхаванцы ЦКРНіР паказалі, якія яны артыстычныя і творчыя, падчас тэатралізацыі «Калядкі». Разам з дзецьмі ў гульнях паўдзельнічалі і іх госці.

Пасля ў гімназіі №1 фіналісты і арганізатары конкурсу правялі прэс-канферэнцыю.

Навучэнец Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Андрэй Гароднік атрымаў узнагароду ў намінацыі «Вучэбная дзейнасць». Ён – пераможца раённых алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, удзельнік абласных этапаў прадметнай алімпіяды. З даследчыцкай работай па матэматыцы ўдзельнічаў у адкрытым фестывалі даледчыцкіх работ «Кніга – пачатак кожнай навукі». Кадэт адказны, працавіты, мае добрыя вынікі ў вучобе, гавораць пра яго ў навучальнай установе.

Вучань 11 класа СШ №11 Артур Царыковіч, пераможца ў намінацыі «Праектная дзейнасць», апошнім часам захапляецца інфарматыкай. Узнагароду атрымаў дзякуючы сваім перамогам у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях па інфарматыцы: на канферэнцыі «Патэнцыял» у Маскве – дыплом І ступені, на канферэнцыі «Пазнай у сабе вучонага» ў Санкт-Пецярбургу – дыплом ІІ ступені, Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс – дыплом ІІІ ступені і іншыя. У снежні разам з Анастасіяй Крыўленяй удзельнічалі ў глабальным конкурсе «РОСТ-ISEF» (рэгіянальны этап міжнароднага навукова-інжынернага конкурсу International Science and Engineering Fair (ISEF) у Казані і выйшлі ў фінал.

– Праектнай дзейнасцю ў праграміраванні захапіўся дзякуючы настаўніку інфарматыкі Уладзіміру Анатольевічу Жуку, таксама матывавалі поспехі выпускнікоў нашай школы Уладзіслава Гадалава і Яна Шляхава, – расказвае Артур. – Цяпер я рыхтую новы праект: мабільны дадатак, які дазволіць «размаўляць» з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, якія не здольны камунікаваць пры дапамозе мовы. Як мінімум, планую паўдзельнічаць ва ўсіх канферэнцыях, у якіх выступаў у мінулым годзе, а таксама ў  новых.

А стаць хоча Артур чалавекам, які будзе мяняць свет сваім розумам. Цяпер нешта змяніць з большай верагоднасцю могуць людзі з IT-сферы, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, лічыць ён. Таму плануе  атрымаць адукацыю ў гэтым кірунку.

– Я цаню ў людзях сумленнасць і самаадданасць у працы, калі можаш цалкам сканцэнтравацца на справе, адкінуць пракрастынацыю, – дзеліцца думкамі Артур. – І ў сабе я імкнуся гэта выхоўваць.

Інтарэсы Артура не абмяжоўваюцца праграміраваннем. Ён кандыдат у майстры спорту па плаванні. Былі перамогі, былі і пройгрышы, але гэта толькі загартоўвала, дапамагло станаўленню яго характару: самастойнасці, дысцыплінаванасці, адказнасці, мэтанакіраванасці, умення пераадольваць цяжкасці. У старэйшых класах Артур захапіўся гітарай.

– У поспехах сына, безумоўна, і вялікая роля настаўнікаў, якія былі побач у пэўныя моманты яго жыцця, – гаворыць мама Артура Жанна Анатольеўна. – Трывалы фундамент закладзены настаўніцай пачатковых класаў Наталляй Яўгенаўнай Сюмак, трэнеры СДЮШАР Валерый Балеслававіч Язвінскі і Алена Аркадзьеўна Дастанка садзейнічалі выхаванню важных якасцей, педагог па гітары А.А. Махмудаў таксама паўплываў, з настаўнікам інфарматыкі Уладзімірам Анатольевічам Жуком, сапраўдным прафесіяналам, у Артура вельмі добрыя, сяброўскія адносіны. Дзякуй ім, а таксама ўсім выкладчыкам і дырэктару СШ №11 Валерыю Віктаравічу Гаркавенку.

Мама падтрымлівае пачынанні Артура, нешта раіць, калі гэта яму неабходна, заўсёды была разам з ім падчас спартыўных выступленняў і цяпер таксама  побач на важных мерапрыемствах. У іх даверлівыя сяброўскія адносіны.

– Я вельмі люблю свайго сына, паважаю яго як асобу, ганаруся ім і хачу, каб ён быў шчаслівым, – шчыра  дзеліцца  Жанна Анатольеўна.

13 студзеня стартаваў абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Артур Царыковіч – у саставе каманды Слуцкага раёна па інфарматыцы. Поспехаў!

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения