Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Слуцкія гімназісты – у ліку пераможцаў алімпіяды па геаграфіі

21.01.2021
Настаўніца гімназіі №1 Марына Францаўна Цвірко з навучэнцамі ўстановы Іванам Бартніцкім і Раманам Пенязем.

З добрых падзей пачаўся 2021 год для вучнёўскага і педагагічнага супольніцтва Случчыны: па выніках трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2020/2021 навучальным годзе слуцкія школьнікі заваявалі 40 дыпломаў! У ліку пераможцаў алімпіяды па геаграфіі – Раман Пенязь і Іван Бартніцкі, дзевяцікласнікі гімназіі №1 нашага горада, якія ўдастоены дыпломаў першай і трэцяй ступеняў адпаведна.

Размова з гімназістамі і іх педагогам  Марынай Францаўнай Цвірко атрымалася цікавай. Канечне, маіх субяседнікаў напаўнялі радасныя эмоцыі: пройдзеныя іспыты на алімпіядзе гэта не толькі яшчэ адно пацвярджэнне высокага ўзроўню першай, самай старажытнай, гімназіі Беларусі, а і новы крок наперад, асабістыя перамогі навучэнцаў і настаўніцы.  Дарэчы, з 40 дыпломаў юных случчан на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды 12 – у навучэнцаў ДУА «Гімназія №1 г. Слуцка».

Раман і Іван расказалі, што алімпіяда па геаграфіі праходзіла ў Дзяржынску 11 – 14 студзеня і складалася з трох тураў: тэарэтычнага, мульцімедыйнага і практычнага. Трэба было выканаць шэраг разнастайных заданняў, адказаць на пытанні тэстаў, скласці картаграмы і іншае. Заданні ўключалі разгорнутую праверку ведаў не толькі чыста геаграфічнага напрамку, а звязаных з іншымі прадметамі, напрыклад, з біялогіяй, гісторыяй. Некаторыя заданні былі досыць складанымі, аднак справіліся, усміхаюцца гімназісты. Іван адзначыў, што крышку хваляваўся перад  алімпіядай, бо ўдзельнічаў упершыню,  а Раман – не, ужо ёсць вопыт, летась ён таксама спаборнічаў на алімпіядзе па геаграфіі, на трэцім этапе быў удастоены дыплома першай ступені. Дарэчы, Раман Пенязь, у мінулым годзе васьмікласнік,  тады выконваў заданні  алімпіяды за дзявяты клас.

Марына Францаўна, якая працуе ў гімназіі №1 амаль 30 гадоў, падзялілася, што юнакі грунтоўна рыхтаваліся да алімпіяды: на занятках школы алімпійскага рэзерву,  Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, міжшкольнага факультатыву, падчас вебінараў. Геаграфіяй захапляюцца з шостага класа, актыўна наведваюць пазаўрочныя заняткі. Марына Францаўна лічыць, што веданне геаграфіі ў пэўнай ступені сведчанне эрудыцыі чалавека, гэта цікавая дысцыпліна, якая ўключае разнастайную інфармацыю з іншых сфер, у тым ліку, такой важнай галіны як эканоміка,  дапамагае чалавеку арыентавацца ў сучасным свеце. Гэтымі ведамі Марына Францаўна шчодра дзеліцца   з вучнямі, умее захапіць іх сваім прадметам.

Раман і  Іван падзяліліся, што вывучаюць геаграфію з цікавасцю, а як жа інакш, гэта не толькі  атрыманне разнастайнай інфармацыі, але і свайго роду віртуальнае падарожжа па свеце. Геаграфія, канечне, прыгодзіцца і ў дарослым жыцці.

У ліку прызёраў  трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах таксама вучні іншых устаноў адукацыі Случчыны: сярэдніх школ №11, №10 імя С.Ф. Рубанава, №5, 6, 8, 9, 11, 13, гімназіі №2, Ісернскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад – сярэдняя школа, Селішчанскай СШ.

Дыпломаў першай ступені акрамя Рамана Пенязя ўдастоены таксама  вучаніца гімназіі №2 Марта Курыліна (нямецкая мова, педагог Ірына Уладзіміраўна Гарбунова), навучэнцы СШ №11 Анастасія Гаршкова  і Мікіта Мірончык (фізічная культура і здароўе, педагог Алена Леанідаўна Сасноўская).

Віншуем, юныя таленты Случчыны, і вас, шаноўныя педагогі! І новых поспехаў!

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения