Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Случчанін Аляксандр Галкін атрымаў гран-пры на XI міжнародным конкурсе-пленэры юных мастакоў імя М.Сеўрука, які праходзіў на мінулым тыдні ў Нясвіжы

20.05.2019
 Случчанін Аляксандр Галкін атрымаў гран-пры на XI міжнародным  конкурсе-пленэры юных мастакоў імя М.Сеўрука, які  праходзіў на мінулым тыдні ў Нясвіжы.

З Аляксандрам, дзесяцікласнікам СШ №12 і навучэнцам дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, я пазнаёмілася нядаўна. Таленавіты, шчыры, разумны, неардынарны малады чалавек.

Не так даўно ён і Анастасія Федаровіч сталі лаўрэатамі XIV міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі», атрымалі дыпломы і медалі (вышэйшая ўзнагарода конкурсу). Лаўрэатамі конкурсу сталі амаль 500 юных мастакоў з 19 краін свету, а ўсяго журы разглядала 10 107 работ (!) прадстаўнікоў 34 краін. Аляксандр і ў мінулым годзе быў лаўрэатам гэтага конкурсу. 

У IX міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва «КрасаWEEK», які праводзіў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Глебава, Аляксандр Галкін таксама ў ліку пераможцаў. Ён атрымаў спецыяльны прыз у намінацыі «жывапіс», а таксама сертыфікат для навучання на курсах у каледжы, ад Саюза дызайнераў – цікавае тэматычнае ілюстраванае выданне і яшчэ паездку па Залатым кальцы Расіі.  

Таксама ў конкурсе ўдзельнічала Ангеліна Жартун (СШ №13) і атрымала дыплом II ступені ў намінацыі «графіка».

Ды ўсе гэтыя ўзнагароды не самае галоўнае. Аляксандр – вельмі цікавы малады чалавек. Яго настаўніца Гунефа Фёдараўна Мацюшэнкава гаворыць, што ён не толькі вельмі адораны ад прыроды, але і працавіты, адказны, стараецца ўсё рабіць на 100 працэнтаў. У яго дзіўныя работы.

Малюе Саша з дзяцінства. Дома захоўваецца дастаткова работ, але яны, на яго думку, сумніўныя. Цяпер, на трэцім годзе навучання ў мастацкай  школе мастацтваў, ён можа крытычна разглядаць ранейшыя малюнкі. А трапіў у школу амаль выпадкова. Неяк, убачыўшы ў бабулі прыгожы партрэт, сказаў, што, пэўна, так не змог бы намаляваць. Бабуля адказала, калі б павучыўся, то...

І вось навучыўся. Ва ўсякім разе работы, якія я бачыла, вельмі прыгожыя. Адна з іх так намалявана, што якім бокам не павярнуць, атрымліваецца сюжэт. Несумненна, таленавіты юны мастак. І гаварыць, і маляваць, і працаваць з ім добра, адзначае Гунефа Фёдараўна. 

Што даюць заняткі мастацкай творчасцю, пытаю я ў Сашы. Ён разважае:

– Я без гэтага неяк не магу, цяжка. Гэта і самавыяўленне, і пазнанне свету, пастаяннае развіццё, яно абавязковае. Калі не даведваешся штосьці новае, не разумееш новых эмоцый, то і работы не выходзяць. 

– Што цябе натхняе? 

– Натхненне – гэта  вельмі важна. Яно прыходзіць выпадкова, звычайна гэта музыка. Якую слухаю? Рок, бывае, джаз, поп. Я меламан, падабаюцца многія  кірункі, але найбольш рок.

– Многа створана за гады навучання?

– Я не лічыў, – адказвае юнак, – ёсць работы конкурсныя, яны самыя лепшыя, ёсць вучэбныя і свае, эцюды, замалёўкі, падмалёвачкі на ўроках. Шмат усяго. Ёсць нават папка з малюнкамі са школы.

– А любімыя ёсць?

– Не, калі свая работа падабаецца, гэта на самой справе праблема. Заўсёды нешта хочацца дарабіць, дадаць мазочак.

Нядаўна на занятках у мастацкай школе вывучалі абстрактны жывапіс, адлюстраванне пачуццяў і эмоцый, увасабленне музыкі, расказвае Саша, гэта яму падабаецца. А яшчэ гарадскія пейзажы і партрэты.  На пытанне, што хацелася б намаляваць, ён адказвае:

– Тое, над чым цяпер працую: нейкія перажыванні, адчуванні, якія бываюць умомант і ўсё – знікаюць, пакуль зноў не прыйдуць, а можа, нават больш і не ўзнікнуць. Хочацца гэта ўвасобіць. Гэта абстракцыя, але не абавязкова. Эмоцыі гэта заўсёды колер, таму нават пейзаж можа быць больш уразлівым.

Аляксандр Галкін і з праграмай сярэдняй школы паспявае спраўляцца, сярэдні бал за мінулы год – 9. Ён любіць вершы, сам спрабуе пісаць, але ўпэўнены, што маляваць у яго выходзіць значна лепш. Прачытаў ужо Дастаеўскага, Талстога  і Булгакава са школьнай праграмы, ды думае, што пакуль не дарос да такіх твораў. З апошняга прачытанага яму спадабаўся «Партрэт Дарыяна Грэя» Оскара Уайльда. 

– Саша адрозніваецца ад сваіх аднагодак светапоглядам, па-даросламу разважлівы, спакойны. Ён адчувае сур’ёзныя мастацкія работы, якія нясуць глыбокую думку. І калі ён гаворыць: як глыбока, ён ведае, аб чым гаворыць, – расказвае пра вучня Г.Ф. Мацюшэнкава, сярод выхаванцаў якой – 16 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. – Ён адчувае музыку, настрой. З ім лёгка працаваць. Выхаваны, адукаваны юнак. Вырасце годным чалавекам. Вельмі хочацца, каб усё ў яго атрымалася. 

...Якая ж гэта асалода, размаўляць з людзьмі, якія тонка адчуваюць навакольны свет, ці проста слухаць іх. Душа поўніцца светам ад такіх сустрэч, яна ўзрушана, яна радуецца... Такія мае думкі пасля знаёмства з Аляксандрам Галкіным і яго настаўніцай Гунефай Фёдараўнай Мацюшэнкавай.

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения