Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Настаўніца першая, настаўніца мая...

12.04.2024
 Якая яна – Дзіяна Аляксандраўна, пытаюся ў вучняў і чую ў адказ: «Самая-самая добрая, а яшчэ – з ёю заўсёды цікава!» – нібы зліваючыся ў адзін вясёлы званочак адказваюць больш за дваццаць дзіцячых галасочкаў.

Пачуўшы гэта, хуценька сцірае слязу ад хвалявання Дзіяна Аляксандраўна:

– Ужо больш за 10 гадоў як закончыла школу, але сваю першую настаўніцу, яе ўрокі памятаю і зараз. Святлана Іосіфаўна Алюшына цяпер мая калега, выхавальнік групы падоўжанага дня. Ужо тады мне хацелася быць падобнай на яе. А крыху пазней, у 8-м класе, вырашыла цвёрда – буду настаўніцай пачатковых класаў. Прыкладам для мяне была і цётка – настаўніца пачатковых класаў Маяцкай сярэдняй школы Людміла Рыгораўна Рэдчыц. З ёю мне заўжды як са старэйшым сябрам было вельмі ўтульна.

Паступіла ў Нясвіжскі педкаледж, потым быў Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Танка. У школе працую 6-ты год, гэта мой другі клас. Хочацца быць для дзетак чалавекам асаблівым, даць ім як мага больш ведаў, навучыць сябраваць, заўважаць толькі добрае, светлае.

Дзіяна Аляксандраўна пераканана, што кожнае дзіця – маленькая асоба, якая фарміруецца бацькамі, аднак вялікая роля адводзіцца і першаму настаўніку. Мудры педагог заўсёды зможа «дамовіцца» з маленькім вучнем, паўплываць на яго паводзіны і светапогляд. Для гэтага варта стаць яму сябрам, толькі, зразумела, са сваімі межамі.

Не прафесія, а стыль жыцця

Працоўны дзень настаўніка не абмяжоўваецца ўрокамі. Дзіяна Аляксандраўна расказвае, што шмат часу займае і падрыхтоўка да іх. Хочацца здзівіць сваіх вучняў, навучыць як мага лепш.



– Не толькі правяраю сшыткі, пішу планы ўрокаў, але прадумваю ход урокаў да дробезяў. Цяперашнія дзеці асаблівыя. Ім падабаецца інтэрактыўнасць падчас урока, дынамічнасць. Таму акрамя іншага пасля работы асвойваю асновы вэбдызайна, дадаткова вывучаю і дзіцячую псіхалогію.

Дзіяна Аляксандраўна тонка заўважае змены ў характарах сваіх падапечных, вельмі ўважлівы педагог, – кажуць пра яе калегі. Педагог з нястомнай энергіяй.

Найлепшы сродак выхавання – давяральная гутарка

Так лічыць педагог. Асабліва, калі да справы падысці далікатна, прадумана. У яе класе 26 дзетак, з іх двое – на інтэгрыраваным навучанні.

Бацькам, на думку субяседніцы, варта расказваць пра моцныя бакі асобы іх дзіцяці, пра яго здольнасці, разам старацца разабрацца ў прычынах няўдач. Толькі тады і выхаванне, і навучанне будуць паспяховымі.

А яшчэ – ніколі не трэба баяцца прызнаваць уласныя памылкі. Толькі так і праз індывідуальны падыход да кожнага вучня можна пабудаваць моцныя давяральныя зносіны з дзецьмі і бацькамі.

Нястомны шукальнік

Дзіяна Аляксандраўна – чалавек поўны ідэй, стараецца зацікавіць вучняў. Напрыклад, разам з вучаніцай Ксеніяй Едагальскай педагог займалася даследчай работай на тэму «Хлеб на дражджах ці заквасцы». Тэму выбрала невыпадкова – яе бацькі індывідуальныя прадпрымальнікі, выпякаюць хлеб, а ў вольны час дапамагае ім і Дзіяна. Вельмі хацелася, каб больш аб такой справе даведаліся і вучні.

– Калі рыхтаваліся да конкурсу з Ксеніяй, праца зацікавіла і іншых рабят, – расказвае педагог.

Вучні Дзіяны Аляксандраўны ўдзельнікі і ўнутрышкольных мерапрыемстваў: прыём у акцябраты, спартландый, акцый і іншых.

Матывуе рабят, па словах педагога,  абяцанне, што пры добрай вучобе і паводзінах яны паедуць на чарговую экскурсію. Напрыклад, вельмі станоўчыя ўражанні ў іх пакінула наведванне заапарка і дзінапарка ў сталіцы.

Вучыцца заўсёды ёсць чаму

Настаўніца прызнаецца, што вялікую падтрымку ў пачатку работы аказалі больш вопытныя калегі. Тым не менш, вучыцца заўседы ёсць чаму. Дзіяна Аляксандраўна – пастаянны ўдзельнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. Калі трэба, раіцца з больш старэйшымі калегамі, стараецца дапамагчы і сама. За добрасумленную працу і поспехі ў працоўнай дзейнасці, а таксама па выніках работы за 2023 год яна адзначана падзякай старшыні Слуцкага райвыканкама. Дзейнасць педагога адзначана і падзякай начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

На яе думку, вучыцца ёсць чаму і ў маленькіх вучняў, – перш за ўсё адкрытасці, неабыякавасці, уменню радавацца, чаго часам так не хапае дарослым.
Наталля ГРАМЫКА.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения