Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Як навучыць дзяцей ствараць прыгожае? Расказваюць педагогі

06.02.2020
  Наталля Яўгенаўна Шуманская Лілія Валер’еўна Курловіч працуюць ці не ў самай крэатыўнай установе Случчыны – цэнтры дзіцячай творчасці. Працуюць аддана і вельмі якасна. Пра гэта сведчаць поспехі іх выхаванцаў. 

Толькі на апошнім міжнародным тэлепраекце «Кубак дружбы», у якім удзельнічала каля 3 000 дзяцей, таленавітыя навучэнцы аб’яданняў па інтарэсах «Аўтарская лялька», «Паслухмяныя пальчыкі», «Палітра» і «Вясёлка колеру» пад кіраўніцтвам Ліліі Валер’еўны Курловіч і народный студыі выяўленчага мастацтва «Вытокі» пад кіраўніцтвам Наталлі Яўгенаўны Шуманскай прынеслі ў скарбонку дасягненняў цэнтра звыш 60 дыпломаў, спецыяльныя прызы (чытайце тут). Паспяховыя выступленні, падкрэслівае Лілія Валер’еўна, гэта толькі сумесная заслуга педагога, вучня і бацькоў. Так лічыць і Наталля Яўгенаўна.

Н аталля Яўгенаўна Шуманская са школьнай парты звязана з дзіцячай творчасцю: вучылася ў студыі Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна ў Доме піянераў, пасля заканчэння мастацкага вучылішча імя Глебава, Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава вярнулася працаваць у Слуцк у школу, потым была кіраўніком гуртка ў Доме піянераў, а з часам яе славуты педагог перадаў справу свайго жыцця ёй. З 1980-х Наталля Яўгенаўна ў студыі «Вытокі» вучыць дзяцей азам мастацтва, дапамагае знайсці свой шлях, 

– Усё жыццё – гэта студыя. Вельмі люблю дзяцей, сваю работу. Без гэтага сумна. Бывае, стамляешся ад колькасці конкурсаў, але ж усё роўна стараемся ўдзельнічаць максімальна. Таму што дзецям трэба адчуваць, для чаго яны працуюць, навошта ім гэта трэба. Цікавасць прападае, калі проста прыйшоў, памаляваў  і пайшоў. А калі  дзеці пастаянна ў працэсе ды яшчэ і дома нешта дапрацоўваюць, тады яны творча растуць хутчэй, лепш пачынаюць разумець, што хочуць расказаць іншым. А калі работа атрымалася, яе трэба паказаць, каб ацанілі. Таму і ўдзельнічаем. У нас многа і рэспубліканскіх конкурсаў, і ў такіх, дзе патрэбен узнос, мы прымаем удзел. Дзеці вучацца, параўноўваюць, што могуць самі і што могуць іншыя. А самае складанае, калі мы адпраўляемся на фестываль-пленэр і нашы мастакі працуюць цэлы дзень на зададзенай мясцовасці, як, напрыклад, у Балгарыі. І дзеці разумеюць, што чым больш атрымаюць на занятках у цэнтры, тым лепш атрымаецца на пленэры. Я магу толькі падказаць, што падправіць. Дарэчы, на платных конкурсах таксама вельмі строгая ацэнка, бывае, што не ўсе і дыплом удзельніка атрымліваюць. І я настройваю сваіх выхаванцаў, што конкурс – гэта барацьба, спаборніцтва, хтосьці можа і прайграць, нічога не атрымаць. Значыць, трэба больш папрацаваць, пастарацца. 

Адметнасць заняткаў у студыі, гаворыць Наталля Яўгенаўна, у тым, што ўсе прадметы, і жывапіс, і малюнак, і кампазіцыю, выкладае адзін педагог, і гэта зручней для яе:

– Калі я займаюся з дзеткамі з шасці гадоў, то ўжо к старэйшаму ўзросту добра ведаю, дзе і калі на якую кнопачку націснуць, каб зорачку запаліць або наадварот, накіраваць яе святло ў патрэбны бок.

У мінулым годзе чацвёра выпускнікоў Наталлі Яўгенаўны далейшае навучанне звязалі з творчасцю: дызайн, кампьютарная графіка і іншыя кірункі. 

– Але нават калі прафесія не звязана з гэтым, мае былыя навучэнцы вяртаюцца да творчасці. Расказвалі, што цягне, не хапае гэтага ў жыцці, тады бяруць паперу і... Душа адпачывае, думкі прыходзяць у парадак, глядзіш, і вучоба лепш ідзе, – гаворыць педагог.

Творца заўсёды ў працэсе, перадае настрой, самаадчуванне, дзеліцца Наталля Яўгенаўна, калі звычайны чалавек бачыць проста дождж, то ў галаве мастака адразу ўзнікаюць вобразы, колеры... 

Ці не стамілася Наталля Яўгенаўна за столькі гадоў работы, ці не адчувала прафесійнага выгарання? 

– Хіба з імі такое магчыма? – усміхаецца яна, гледзячы на свой клас. 

– Яны ж не дадуць! Я дазваляю званіць мне з пытаннямі ў любы час, каб дзеці маглі спакойна працаваць дома, калі ёсць жаданне, а нешта не атрымліваецца. Яны цудоўныя. 

Можна было б яшчэ доўга гаварыць пра любімую справу і любімых вучняў Наталлі Яўгенаўны, якіх у яе 5 груп. Але ж на раёне таксама чакаюць вучні, таму педагог спяшаецца...

Падчас размовы з Ліліяй Валер’еўнай яе выхаванцы раз-пораз забягаюць у кабінет. Па іх размовах і адносінах разумею: яны добрыя сябры. Па-іншаму і не можа быць з творчымі дзецьмі, гаворыць педагог, іх нельга абмяжоўваць. Поўная дэмакратыя? Чаму б і не! У працэсе заняткаў яны рухаюцца, перамяшчаюцца па кабінеце, многа абмяркоўваюць. 

– Бацькам я тлумачу, што ў нас тут гульня пад прыглядам. Так, нібы гуляючы, дзеці атрымліваюць веды і ім цікава. Таму тут, у цэнтры, мне падабаецца больш чым у школе, – дзеліцца думкамі Лілія Валер’еўна. – Сюды прыходзяць дзеці, якім гэта падабаецца, а не таму што трэба, як у школу.

А ў школе Лілія Валер’еўна Курловіч, выпускніца педуніверсітэта, па спецыяльнасці педагог-мастак, настаўнік чарчэння і малявання, працавала, спачатку ў роднай Селішчанскай, пасля ў гімназіі №2. І вось ужо пяць гадоў яна ў цэнтры дзіцячай творчасці. 

У Ліліі Валер’еўны некалькі аб’яднанняў па інтарэсах, яе выхаванцы малююць і лепяць з палімернай гліны, самыя маленькія займаюцца па асобнай праграме. 

– Рабіць адно і тое ж ім сумна, дзеткам падабаюцца розныя віды дзейнасці, у мяне маленькая дачка, і гэта дапамагае яшчэ лепш разумець іх. Таму і лепім, і малюем, і вырэзваем. У кагосьці лепш атрымліваецца рабіць лялькі, хтось з задавальненнем аздабляе талеркі, гэта вельмі тонкая работа, нехта вырабляе ўпрыгажэнні. Яны займаюцца тым, што ім бліжэй, што ім падабаецца, што ім цікава. Калі, напрыклад, мы робім лялькі, то пачынаем з вывучэння нашых народных казак, перачытваем, разбіраем разам. Калі гэта лялька ў народным касцюме, то ў бабуль даведваюцца пра некія нюансы.

Іх лялькі з палімерай гліны можна было  ўбачыць на свяце «Слуцкія паясы», на раённых выстаўках, святах. Казачныя героі, лялькі ў нацыянальных строях, фантастычныя стварэнні. Яны адметныя.

Як хапае яе, педагога, на розныя запыты і інтарэсы дзяцей?

– Я люблю сваю работу. Мая дачка Марына таксама займаецца ў мяне. У нас два жыцця – цэнтр дзіцячай творчасці і дом. Увогуле, усе дзеці творчыя. Расціць дзяцей  – архіскладана, а творчых – удвая. І іх не абмяжоўваю. Я лічу, ім трэба больш бачыць прыгожага, глядзець добрыя фільмы і чытаць больш добрых кніг. Удзел у  конкурсах гэта вельмі карысна для дзяцей. Яны вучацца ўзаемадзейнічаць у калектыве падчас паездак, ім весела. І яны могуць нешта падгледзець у іншых для сябе, колеры цікавыя, тэхніку выканання. Чаму не? Бацькі падтрымліваюць нашы планы. На «Кубак дружбы», напрыклад, ездзілі і 8 сем’яў. У мінулым годзе на «Вясёлку над Віцебскам» у рамках «Славянскага базару» ездзілі і з бацькамі, і з бабулямі хтосьці. І ў гэтым годзе дзеці чакаюць гэты фестываль, рыхтуюцца. 

Заўважаю, што ў Ліліі Валер’еўны і яе навучэнцаў – свой асаблівы свет. Так, згаджаецца педагог, яе таленавітыя выхаванцы – асобы творчыя, як кажуць, калі – ствараюць, а калі – вытвараюць. Але пэўныя рамкі ёсць, каб не ператварыць усё ў хаос. 

– Усе дзеці творчыя, усе могуць працаваць, галоўнае – падштурхнуць, развіць іх здольнасці, – выказвае меркаванне Лілія Валер’еўна. – Не бывае  дзяцей, якія нічога не ўмеюць – дарослыя не развілі іх магчымасці  або адбілі жаданне. 

Цяпер Лілія Валер’еўна з выхаванцамі чакае вынікаў міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу ў Сербіі, іх работы з 4 000 прадстаўленых прайшлі ў наступны этап. У планах – конкурс у Чэхіі і, магчыма, «Беларускія ўзоры». 

Навучэнцы студыі «Вытокі» Наталлі Яўгенаўны Шуманскай таксама рыхтуюцца да новых конкурсаў, і рэспубліканскіх, і міжнародных. Пажадаем усім  ім поспехаў і ўдачы.

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения