Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Як падрыхтаваны школы Случчыны да новага навучальнага года

21.08.2022
Пакуль школьнікі атрымліваюць асалоду ад апошніх дзянькоў лета, бацькі штурмуюць магазіны ў пошуках школьнай формы і канцылярскіх прыладаў, у школах на фінішы – рамонтныя работы. 

У Падлескім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад – сярэдняя школа да навучальнага года падрыхтаваны. На прышкольнай тэрыторыі пануе чысціня, радуюць сваімі яркімі фарбамі кветнікі.

Як адзначае дырэктар установы Наталля Бочкіна, падрыхтоўка да новага навучальнага года пачынаецца задоўга да летніх канікул. Складаецца план неабходных работ, якія плануецца правесці ў летні перыяд.


– У нашай установе да новага навучальнага года зроблены рамонт 4 навучальных кабінетаў (у мінулым годзе таксама адрамантаваны 4 кабінеты), – адзначае Наталля Міхайлаўна. – Кожны класны пакой атрымаўся індывідуальным, прыгожым і ўтульным. У адпаведнасці са спецыфікай прадмета, педагогі школы падбіралі дэкаратыўнае аздабленне сцен, гэта не толькі колер, але і малюнкі, формулы, матэматычныя знакі. Усе работы выконваюцца ўласнымі сіламі: тэхнічныя работнікі, рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, педагогі. Немалую матэрыяльную дапамогу ўстанове аказваюць і бацькі навучэнцаў. У гэтым годзе, дзякуючы іх дапамозе, пафарбаваны ўсе навучальныя кабінеты, калідоры, спартыўная зала. Таксама асобная падзяка – кіраўніцтву ААТ «Падлессе-2003». Сельгасарганізацыя ўжо другі год запар аказвае нам шэфскую дапамогу на набыццё новай вучнёўскай мэблі ў адрамантаваныя кабінеты.

Парадак і на тэрыторыі, прылягаючай да школы, арганізаваны яркія кветнікі, высаджаны дэкаратыўныя дрэвы і кусты.





У сярэдняй школе №12 створаны ўсе ўмовы для арганізаванага пачатку навучальнага года.

– У летні перыяд работнікамі школы была праведзена адпаведная работа па рамонце навучальных кабінетаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі, – гаворыць дырэктар школы Алена Гаўрыловіч. – Адзначу вялікую работу тэхнічнага персаналу. За сродкі апякунскага савета ўстановы адукацыі быў зроблены рамонт актавай залы, навучальных кабінетаў, з аднаго вялікага кабінета створаны два класы для працы настаўнікаў-дэфектолагаў, закуплена новая мэбля.

Асабліва хачу адзначыць работу тэхнічнага работніка Наталлі Жук і намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце Андрэя Зеўзюлевіча, іх сіламі быў зроблены рамонт сцен калідора другога паверха.

Не засталіся ў баку і бацькі навучэнцаў, якія разам з педагагічнымі работнікамі сваімі сіламі адрамантавалі два навучальныя кабінеты.

Дзякуючы спонсарскай дапамозе кіраўніцтва ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ПМК №225 УП «Мінскаблсельбуд», ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» для нашай установы была набыта мэбля для навучэнцаў і гаспадарчы інвентар.

За сродкі, выдзеленыя Слуцкім цэнтрам стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, для школы набылі спартыўны інвентар.

Апроч іншага на працягу навучальнага года за сродкі законных прадстаўнікоў былі набыты тэхнічныя сродкі навучання, рэмкамплекты, інфармацыйныя стэнды і многае іншае. Напрыклад, наша фае зараз упрыгожваюць новыя стэнды з дзяржаўнай сімволікай.

Не пакідаем без увагі і тэрыторыю вакол школы. Уладкоўваем кветнікі, садова-паркавыя кампазіцыі, устанаўліваем малыя архітэктурныя формы, высаджваем алеі дрэў і кустоў. Дзякуючы гэтаму наша школа неаднаразова займала прызавыя месцы ў Слуцкім раёне па добраўпарадкаванні тэрыторыі.



Да новага навучальнага года гатовыя і ў Вясейскай сярэдняй школе.

– Усе работы робяцца паступова, так як будынак школы стары і досыць вялікі, 3 паверхі. Прывесці яго ў парадак няпроста, – расказвае дырэктар школы Марта Вядзёрка. – Ужо зроблена даволі многа, сваімі сіламі мы правялі касметычны рамонт усіх навучальных кабінетаў. Вядома, падлогу і вокны сваімі сіламі нам зрабіць немагчыма, аднак прывялі ў належны стан сцены ў кабінетах. У 5 класах на сцены была нанесеная тынкоўка.

Праведзены частковы рамонт даху, касметычны рамонт настаўніцкай, абноўлены інфармацыйныя стэнды. 

Таксама да пачатку навучальнага года за кошт спонсарскіх сродкаў ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» будуць заменены дзверы на другім паверсе, за што ім вялікі дзякуй. У мінулым годзе за іх сродкі мы набылі музычнае абсталяванне.

Немалую матэрыяльную дапамогу штогод аказвае і ААТ «Вясейскі Пакроў». Два апошнія гады яны набываюць нам камплекты школьнай мэблі ў адрамантаваныя класы. У гэтым жа, па нашай просьбе, за кошт прадпрыемства будуць набыты жалюзі для другога паверха.

Вялікі пласт работ праведзены тэхнічным персаналам і загадчыкам гаспадаркі школы.


Многае зроблена па добраўпарадкаванні прылягаючай да школы тэрыторыі.

Акрамя іншага плануем пашырэнне школьнага музея, калі цяпер ён займае адзін кабінет, то ў планах – два.











У цэлым ва ўсіх установах адукацыі раёна праведзены неабходныя арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы, якія дазволілі забяспечыць іх гатоўнасць да новага 2022/2023 навучальнага года. Кіраўнікамі школ, дзіцячых садоў, устаноў дадатковага адукацыі раёна прымаюцца ўсе меры па забеспячэнні камфортных і бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў і выхаванцаў.

Ірына ШАБАШАВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения