Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Да 1 красавіка ў ваенным камісарыяце прымаюць заявы ад жадаючых атрымаць ваенную адукацыю

07.02.2020
Якія перавагі навучання ў вышэйшых навучальных установах па ваенных спецыяльнасцях карэспандэнт «Слуцкага краю» даведаўся ў начальніка аддзела прызыву ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Дзяніса Дзмітрыевіча Багдановіча.

– Прафарыентацыйная работа праводзіцца супрацоўнікамі ваеннага камісарыята на працягу года. У навучальных установах праходзяць сустрэчы з ваеннаслужачымі, работнікамі ваенкамата, прадстаўнікамі раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, ВНУ.

Прафесію ваеннага можна атрымаць у Ваеннай акадэміі, на ваенных факультэтах у Белдзяржуніверсітэце, Белдзяржуніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, у Гомельскім універсітэце транспарту, Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы, медуніверсітэце, таксама ў навучальных установах Расійскай Федэрацыі.

Навучанне на ваенных факультэтах і ў Ваеннай акадэміі мае шэраг пераваг перад «грамадзянскімі» спецыяльнасцямі. Але, на маю думку, прафесію трэба выбіраць па душы, а не толькі па наяўнасці нейкіх даброт і бонусаў.

Чым жа прываблівае навучанне па ваенных спецыяльнасцях? Курсанты знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, атрымліваюць стыпендыю. Дысцыпліна і арганізаванасць – гэта важна для станаўлення маладога чалавека.

Вольны час курсантаў разнастайны: яны арганізавана наведваюць тэатры, выстаўкі, творчыя сустрэчы і іншыя культурныя мерапрыемствы, займаюцца спортам. Курсанты ўключаюцца ў даследчыцкую і навуковую дзейнасць, удзельнічаюць у творчых фестывалях і конкурсах, у спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Добрыя вынікі абавязкова заахвочваюцца.

На ваенных факультэтах арганізавана вучэбная падрыхтоўка, «прасачкаваць» не атрымаецца. Кожны выпускнік атрымлівае першае працоўнае месца. За кожны наступны пяцігадовы кантракт пасля абавязковых першых 5 гадоў службы пасля размеркавання ваеннаслужачы атрымлівае адзіначасовую матэрыяльную дапамогу.

Немалаважна, што прахадныя балы на ваенныя спецыяльнасці крыху ніжэйшыя, чым на аналагічныя грамадзянскія. А вось прафесіяналы запатрабаваныя і на грамадзянскіх пасадах. Ваенныя спецыялісты ў галіне медыцыны, будаўніцтва, транспарту, сувязі могуць паспяхова працаваць і па-за ваеннай службай.

Ёсць, вядома, свае нюансы ў ваеннай службе і падчас вучобы. Жыццё падпарадкавана статуту, не так шмат вольнага часу, абмежаванасць паездак і таму падобнае. Але ж прафесія ваеннага – гэта не толькі набор пэўных прывілей. Трэба ў любы момант быць гатовым абараняць дзяржаву, не толькі атрымліваць нешта, але і аддаваць. Асноўнае прызначэнне ваеннаслужачых – берагчы, ахоўваць, абараняць.

Нагадаю, што заявы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на ваенныя спецыяльнасці прымаюцца ў ваенным камісарыяце Слуцкага і Старадарожскага раёнаў да 1 красавіка. Прэтэндэнты на паступленне праходзяць медыцынскую камісію, папярэдні прафесійны адбор (псіхалагічнае тэсціраванне). Наступны этап – тыя ж працэдуры на базе адной з мінскіх профільных ВНУ. Маладыя людзі, якія пройдуць усе этапы папярэдняга адбору, здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і падаюць сертыфікаты ў ВНУ.

Дарэчы, бываюць выпадкі, калі юнакі падаюць дакументы на паступленне ва ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў ці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, але на выніковым этапе не праходзяць – не хапае балаў ці па стане здароўя. Але з тымі ж вынікамі яны маглі б паступіць на ваенную спецыяльнасць. Цяпер ёсць магчымасць адначасова падаваць дакументы на папярэдні адбор на ваенную спецыяльнасць і ў органы ўнутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. Калі юнак пройдзе ўсе этапы адбору, тады можа вырашыць і з установай. Так больш шансаў паступіць у адну з выбраных ВНУ.

Звяртаюся да старшакласнікаў і іх бацькоў. Памятайце і пра абавязкі прызыўніка па воінскім уліку, своечасова выконвайце дапрызыўныя і прызыўныя мерапрыемствы.

Па пытаннях атрымання прафесіі ваеннага і іншых звяртайцеся ў ваенны камісарыят Слуцкага і Старадарожскага раёнаў. Мы дапаможам падабраць ваенную спецыяльнасць у адпаведнасці з вашымі пажаданнямі, улічваючы стан здароўя. Прыходзьце і тэлефануйце: 5-24-75.

Ірына ШЧАРБОВІЧ.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения