Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Адразу на вяршыню

13.04.2018
Завершана рэспубліканская прадметная алімпіяда. Восем слуцкіх школьнікаў прынялі ўдзел у заключным этапе алімпіяды па нямецкай мове, інфарматыцы, фізіцы, біялогіі, грамадазнаўстве, гісторыі і працоўным навучанні.

Дыплом I ступені па гісторыі атрымаў вучань 10 класа СШ №13 Максім Шыфман (настаўнік Святлана Анатольеўна Гурыновіч). Навучэнкі гімназіі №1 узнагароджаны дыпломамі III ступені: Валерыя Махлай – па фізіцы (настаўнік Таццяна Яўгенаўна Максіменка), Кацярына Імпалітава – па біялогіі (настаўнік Іна Анатольеўна Хавстовіч). Дзесяцікласніца гімназіі №2 Марына Разальская адзначана пахвальным водзывам па нямецкай мове (настаўнік Ірына Уладзіміраўна Гарбунова).

Для Максіма Шыфмана гэта першае выпрабаванне такога рангу. У мінулым годзе ён быў пераможцам раённай алімпіяды па гісторыі сярод дзевяцікласнікаў. Цяпер – лепшы на ўзроўні рэспублікі. Гэта вельмі самастойны, адказны юнак, гаворыць пра яго настаўніца гісторыі Святлана Анатольеўна Гурыновіч. І гэта адчуваецца пры першай жа сустрэчы. Максім сур’ёзна настроены на інтэлектуальную работу, яму гэта цікава:

– Па меры таго, як я сталеў, мне станавілася цікава, як устроены свет, што адбываецца ў ім, палітычныя працэсы. Гісторыя – найлепшы прадмет для вывучэння, каб атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні, разглядаць праблемы сучаснага свету, даведацца пра заканамернасці развіцця чалавецтва, грамадства, дзяржавы, – расказвае Максім.

Рыхтавацца да алімпіяды, па словах Максіма, было няпроста, вялікі аб'ём інфармацыі трэба перачытаць, засвоіць, некаторыя пытанні проста вывучыць. 

– Але ж я кіраваўся і асабістым інтарэсам, асабістымі арыенцірамі ў пазнанні свету, – працягвае юнак. – Так, было цяжка, але цікава. Спадабалася падрыхтоўка да заключнага этапу ў Мінску. На лекцыях давалі значна больш інфармацыі, вельмі падрабязнай, зусім іншыя рэчы разглядалі ў параўнанні са школьным падручнікам, у іншым ракурсе. Гэта вельмі карысна.

Пасля заканчэння школы Максім Шыфман плануе паступаць на гістфак Белдзяржуніверсітэта або атрымаць прафесію ваеннага, як тата. Настаўніца гісторыі Святлана Анатольеўна Гурыновіч усміхаецца: у будучыні педагогі бачаць яго ў парламенце. Дарэчы, Генадзій Рыгоравіч Шыфман, бацька Максіма, – інжынер размініравання, на яго рахунку больш за 30 000 абясшкоджаных боепрыпасаў, у мірны час ён атрымаў медаль «За адвагу».

Акрамя гісторыі Максіму падабаецца геаграфія, больш часу ён таксама прысвячае грамадазнаўству, замежнай мове. Любіць літаратуру, падабаецца разглядаць гістарычныя падзеі і ў кантэксце філасофіі аўтараў мастацкіх твораў. З беларускіх творцаў Максім вылучае Уладзіміра Караткевіча, з замежных цікавяць Генрык Сенкевіч і Віктор Гюго. Калі ёсць вольны час, юнак займаецца бегам, умацоўвае фізічную форму, удзельнічае ў спаборніцтвах.

– Максім вельмі старанны, мэтанакіраваны, працаздольны. Яму не трэба знешнія матыватары і стымулы, – расказвае пра свайго вучня Святлана Анатольеўна. Педагагічны стаж яе – 30 гадоў, у СШ №13 працуе з самага яе адкрыцця. Дарэчы, яе былы вучань Аляксей Савінаў таксама выступаў у свой час на абласной алімпіядзе па гісторыі, прызавога месца не заняў, але пасля паступіў на гістфак БДУ і цяпер займаецца навуковай дзейнасцю.

– Уявіце, колькі інфармацыі трэба перапрацаваць, засвоіць і нават вывучыць на памяць, каб падрыхтавацца да алімпіяды, добра выступіць. Мы выкарыстоўвалі нават некаторыя падручнікі, выданыя некалькі дзесяцігоддзяў таму, па якіх я займалася ў ВНУ. Алімпіяда па гісторыі – гэта тэсты і практычнае заданне, напрыклад, прааналізаваць гістарычны дакумент. А для гэтага мала ведаць факты. Вывучэнне гісторыі не толькі пашырае кругагляд. Дзеці вучацца разважаць, рабіць вывады, прасочваць тэндэнцыі, заканамернасці працэсаў. Хочацца, каб усе атрыманыя веды яны не разгубілі, каб маглі аналізаваць, адэкватна ацэньваць сітуацыю, арыентавацца ў шырокай інфармацыйнай прасторы і ў тым, што адбываецца ў свеце. Той, хто працуе, каму гэта цікава, мае добры вынік, у такіх усё атрымліваецца.

Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения