Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Молодежь

Студэнцкія атрады: дзе працуе слуцкая моладзь і як траціць заробленыя грошы

22.07.2019
Напэўна, многія маладыя людзі чулі расказы сваіх бацькоў аб тым, як яны ў студэнцкія гады ездзілі ў калгасы і саўгасы працаваць на ўборцы ўраджаю. Моладзь працягвае гэту традыцыю – у складзе студэнцкіх сельгасатрадаў.

З 12 ліпеня на базе ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» працуе сельскагаспадарчы атрад з 9 чалавек «Залаты колас». Карэспандэнт «Слуцкага краю» сустрэлася з членамі атрада на рэалбазе ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» у вёсцы Навадворцы. Студатрадаўцы прызнаюцца: вядома, летам з раніцы хацелася б паспаць, але на работу трэба прыязджаць своечасова. Спецвопраткай работнікаў забяспечыла прадпрыемства.



Дзяніс Клімакаў і Арцём Шнэк у гэты дзень працавалі на збожжасховішчы, разраўноўвалі зерне.

– Падчас летніх канікул многія школьнікі і студэнты разважаюць аб тым, што было б нядрэнна зарабіць на ўласныя патрэбы самастойна, а не прасіць грошы ў бацькоў. Я адзін з іх, – адзначае Дзяніс. – Многія на стадыі роздумаў і спыняюцца: маладыя людзі не ведаюць, дзе знайсці работу і як на яе ўладкавацца. Калі БРСМ прапанаваў магчымасць зарабіць, я не сумняваўся ні хвіліны, вядома хачу! Канечне, у першы дзень з нязвычкі вельмі стаміўся, але ўжо прывык, уцягнуўся. Мне падабаецца працаваць тут. Калектыў выдатны, заўсёды дапамогуць, падкажуць, чаго ж не працаваць. Большасць з заробленых грошай аддам бацькам, астатняе патрачу на сябе.

– Моладзі без вопыту і прафесійнай адукацыі работу сёння знайсці нялёгка, – падтрымлівае размову Арцём. Да таго ж, хацелася б працаваць з афіцыйным працаўладкаваннем. Студэнцкі атрад ад БРСМ – выдатны выхад з сітуацыі.



Іван Юшкевіч і Аляксей Кур'яновіч загружалі гатовую прадукцыю (муку) на машыну.

– Не цяжка? – пытаюся.

– Ды не, нармальна, – адказваюць хлопцы.

Па іх словах, самы моцны бок працы ў студэнцкім атрадзе – навучанне: як прафесійнай дзейнасці, так і навыкам зносін у калектыве, з працадаўцамі.

– Ды і ў фінансавым плане нас не пакрыўдзяць, – адзначае Аляксей. – Хопіць і да новага навучальнага года нешта прыкупіць, і на асабістыя выдаткі ў бацькоў прасіць не трэба.



Крысціну Кохан як адзіную дзяўчыну ў калектыве студатрадаўцаў накіравалі працаваць у лабараторыю.

– У студатрад пайшла не столькі дзеля грошай, колькі з цікавасці. Я хацела паглядзець як гэта ўсё адбываецца, навучыцца новаму, атрымаць своеасаблівы вопыт і не губляць лета марна. Мая работа заключаецца ў тым, каб узяць пробы і правесці іх аналіз на наяўнасць прымесяў, смецця. Праца не складаная і цікавая.

Заробленыя грошы планую выдаткаваць на набыццё ноутбука, які патрэбен мне для вучобы.

Усе рабяты зыходзяцца ў адным: студэнцкі атрад гэта выдатная магчымасць правесці лета з карысцю.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения