Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Молодежь

Як зарабляюць у студатрадах і на што трацяць грошы слуцкія школьнікі і студэнты

28.06.2019
 Студэнты і школьнікі да восені адклалі падручнікі. Але біць лынды сёння не ў трэндзе: маладыя людзі хочуць працаваць і зарабіць. Студэнцкія атрады даюць такую магчымасць.





































Андрэй Гароднік, навучэнец Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, працуе ў складзе сэрвіснага атрада імя Маршала Савецкага Саюза Георгія Канстанцінавіча Жукава, прадае марожанае ў гандлёвым цэнтры «Радуга-свет». Пра студатрад даведаўся ад дзяўчыны з паралельнага класа, вырашыў таксама паспрабаваць.



– Працаваць вельмі цікава, – распавядае Андрэй. 
– У першы дзень, вядома, саромеўся, бо ў мяне не атрымлівалася рабіць шарыкі з марожанага, але, як гаворыцца, досвед прыходзіць з працай, і цяпер яны ў мяне выходзяць ідэальнымі. Мне нават стала падабацца іх рабіць. Працую чатыры з паловай гадзіны ў дзень.

Частку заробленых грошай планую аддаць бацькам, астатняе патраціць на наведванне канцэрта «Рок за Баброў».

Уладзіслаў Грэкаў, вучань СШ №9, у студатрадзе ўпершыню. Але юнак ужо дакладна ведае, што і на наступных летніх канікулах будзе працаваць.



– Я хацеў знайсці падпрацоўку на лета і, гартаючы стужку ў Інтэрнэце, убачыў, што БРСМ набірае атрады, падаў заяву і вось – зарабляю свае першыя грошы, прадаючы марожанае. За змену ў мяне ў сярэднім 10 – 15 пакупнікоў. Я лічу, што такія атрады патрэбныя, каб моладзь магла паспрабаваць рэалізаваць сябе ў розных напрамках.

Добра працуюць юнакі і дзяўчаты ў складзе экалагічнага атрада імя Веры Харужай, які базіруецца ў ААТ «Вясейскі Пакроў», прыбіраюць тэрыторыі.

Данііл Броцкі, вучань 10 класа Вясейскай СШ, вырашыў правесці лета з карысцю:

– А чаго дома сядзець? Ды і на кішэнныя расходы грэх не падзарабіць, калі ёсць магчымасць. Тут сумаваць няма калі – занятак заўсёды знойдзецца! Тым больш што каманда ў нас дружная, з некаторымі мы ўжо працавалі летась. Яшчэ тады я зразумеў, што нават такую працу выконваць не так лёгка, як здаецца.

Ульяна Лупіновіч, 11 клас:

– У мінулым годзе з непрывычкі было цяжка, але адначасова весела. Калі сёлета нам прапанавалі папрацаваць у складзе студатрада, я не сумнявалася ні хвіліны. Бо гэта здорава – трымаць у руках уласна заробленыя грошы.

У наступным годзе я абавязкова буду рэкамендаваць студатрады ўсім сябрам і знаёмым, бо працаваць – гэта крута!

Валерыя Бахар, 11 клас:

– Я летась таксама працавала ў складзе студатрада. Было вельмі горача, мы стамляліся, але я ні на імгненне не пашкадавала, што працую, а не сяджу дома за камп’ютарам. Мы жартавалі, спявалі песні. Пасля работы ўсе разам хадзілі гуляць, загараць. Часу хапала і на працу, і на адпачынак. У гэты раз, я ўпэўнена, будзе яшчэ цікавей.

Заробленыя ў мінулым годзе грошы, я патраціла на мабільны тэлефон, зараз хачу набыць рэчы да школы.

Адназначна, студэнцкія атрады – гэта патрэбная справа, юнакі і дзяўчаты набываюць працоўныя навыкі. Няма сумнення, што гэты кірунак трэба падтрымліваць і далей развіваць.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения