Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Молодежь

Як студатрадаўцы паштальёнамі працуюць

08.08.2019
 Улетку на Случчыне моладзь працуе ў складзе студатрадаў. Маладыя людзі адзначаюць: гэта магчымасць асвоіць новую прафесію, актыўна правесці частку канікул, а затым атрымаць заслужаную заработную плату.

Студэнцкі сэрвісны атрад «Мерыдыян-2019» у складзе сямі чалавек у аддзяленнях раённага вузла паштовай сувязі пачынае працаваць з самай раніцы.

Навучэнец Слуцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Андрэй Крэпскі – камандзір атрада. У складзе студэнцкага атрада працуе ўпершыню, гаворыць, каб разнастаіць лета і не сумаваць седзячы дома.

– Першы час адчуваў пэўныя цяжкасці ў рабоце, не вельмі арыентаваўся ў адрасах, – расказвае Андрэй. – Я прыходжу на пошту да 7.15 раніцы. Мы размяркоўваем па адрасах газеты і лісты, дробныя пасылкі, паведамленні і дастаўляем адрасатам. Участак у мяне досыць вялікі, але мы дзелім яго на дваіх, разношу пошту каля трох гадзін.

На што патраціць заробленае, Андрэй пакуль што не вырашыў.

Вольга Чарнушэвіч таксама асвойвае новую прафесію ў складзе студэнцкага атрада.

– Пабыла паштальёнам і стала больш паважаць працу работнікаў гэтай сферы. Раней як думала, ну разносяць і разносяць пошту, паветрам свежым дыхаюць, а аказваецца, гэта не так лёгка! Я і ўявіць не магла, што сумка паштальёна такая цяжкая.

Я, як і Андрэй, дзялю ўчастак з напарніцай. На работу прыходжу да 8.30, каб своечасова быць на працоўным месцы, уставаць даводзіцца ў 6.00. Але я ўсё адно не шкадую, што пайшла працаваць.

Рознае здараецца. Напрыклад, неяк у аддзяленне патэлефанавала жанчына і сказала, што не атрымала газету. І хоць я дакладна памятала, што апускала яе ў скрыню, купіла газету ў кіёску і аднесла па адрасе, такім чынам уладзіўшы канфлікт.

Хочацца адзначыць вельмі добры калектыў пошты. Заўсёды падкажуць, дапамогуць, ніхто не скажа: самі разбірайцеся.

Заробленыя грошы Вольга плануе патраціць на навучанне ў аўташколе. Акрамя работы ў студатрадзе дзяўчына па выхадных займаецца зборам ягад.

Маладыя людзі ўпэўнены: летняя праца для моладзі – справа карысная. Яна дысцыплінуе, фарміруе іх актыўную жыццёвую пазіцыю.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения