Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Молодежь

«Іх вучу і сам вучуся». Як малады спецыяліст Павел Зуевіч працуе з дзеткамі

23.01.2020
Наўрад хто здагадаецца, убачыўшы гэтага спартыўнага моцнага юнака, што кожную раніцу ён ездзіць на работу... у дзіцячую ўстанову. Малады спецыяліст Павел Зуевіч другі год працуе ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Сонейка» г. Слуцка кіраўніком фізвыхавання.

У гэтай жа ўстанове ёсць яшчэ адзін педагог-мужчына – таксама кіраўнік фізвыхавання Павел Краўчанка. Кожны дзень на занятках Павел Сяргеевіч Зуевіч у басейне сустракае выхаванцаў, дзеткі займаюцца, пачынаючы з малодшай групы. І гэта ім вельмі падабаецца, сама бачыла. На размінцы яны ўсміхаюцца, з ахвотай выконваюць практыкаванні ў басейне. Нават тыя, хто яшчэ пабойваецца вады і ў пачатку заняткаў сядзіць на борціку, праз некалькі хвілін радасна перабіраюць ножкамі ў вадзе. А Павел Сяргеевіч моцна трымае гэтых плыўцоў: іх бяспека – самае важнае. Дапамагаюць на занятках выхавальнікі груп і медыцынскі работнік Дзіяна Камінская. Пасля басейна клапатлівыя педагогі дапамагаюць дзеткам сабрацца. Тут добрыя ўмовы, ёсць нават сушуары ў раздзявалках. Адным словам, водныя працэдуры ў адпаведнай атмасферы спрыяюць і аздараўленню, і добраму настрою.

Павел Зуевіч родам з Клеччыны. Спорт, а з ім і здаровы лад жыцця, з Паўлам з маленства. Тата Сяргей Іванавіч быў майстрам спорту па вольнай барацьбе і яго першым трэнерам. Калі Паша пайшоў у школу, захапіўся футболам, валейболам, прымаў удзел у розных спаборніцтвах. А калі трэба было ўжо вызначыцца, то абраў усё ж футбол. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры Павел быў гульцом футбольнай каманды «Крумкачы», адкуль і трапіў у «Слуцк».

У мінулым годзе ён скончыў БДУФК па спецыяльнасці «аздараўленчая фізічная культура» і па размеркаванні ўдала аказаўся ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Сонейка» г. Слуцка: тут і адпрацоўка, тут і футбол.

– Гэта быў найлепшы варыянт размеркавання, – дзеліцца Павел. – Наш цэнтр новы, са сваім басейнам, умовы цудоўныя. Калектыў добры, прынялі мяне, як свайго, адміністрацыя адносіцца з разуменнем да нюансаў рэжыму і графіка спартсмена. Дзякуй вялікі загадчыцы Святлане Уладзіміраўне Шуманскай і намесніку загадчыцы па асноўнай дзейнасці Кацярыне Леанідаўне Верамейчык, ну і, вядома ж, усім педагогам за дапамогу.

На занятках у Паўла Сяргеевіча Зуевіча бывае дзве, радзей тры групы дзетак. Канечне ж, для кожнага ўзросту свая методыка, да кожнага дзіцяці – свой падыход, гаворыць кіраўнік фізвыхавання, з кімсьці можна быць добрым сябрам, а некаторым патрэбна строгасць.










– Самых малодшых проста прызвычайваем да водных працэдур у басейне, каб не баяліся вады. Усе дзеткі ў спецыяльных камізэльках або нарукаўніках для плавання. З маленькімі выконваем самыя простыя рухі. Старэйшых вучым больш складаным элементам, некаторыя ўжо і плаваюць. Дзеткам радасць, бацькі задаволеныя. Такія заняткі – гэта вельмі карысна. Мне і самому падабаецца, – усміхаецца Павел. – І ведаеце, для мяне гэта таксама навучанне і выхаванне: новы ўзровень адказнасці, канцэнтрацыі, уважлівасці да самых, здавалася б, дробязей. Я сам многа чаму вучуся.

Дарэчы, дзяцінства ў сям’і педагогаў (мама Паўла Наталля Валянцінаўна – філолаг, працуе завучам у Морацкім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад – сярэдняя школа) таксама дае пэўны досвед, як працаваць з дзецьмі.

– Дома часта вяліся размовы пра выхаванне, школу, дзяцей, трэніроўкі, – успамінае Павел. – Гэта, канечне, нейкім чынам цяпер дапамагае кантактаваць з дзеткамі, а найперш адносіны бацькоў да нас, дзяцей. І гэты асабісты вопыт я таксама выкарыстоўваю.  

Пэўна, цяперашні рэжым нялёгкі для спартсмена, цікаўлюся я ў Паўла, раніцай і паспаць крыху больш хочацца, і пасля трэніроўкі адпачыць, а не канспекты чытаць-пісаць.

Ну так, усміхаецца ён, але работа з дзеткамі гэта своеасаблівае эмацыянальнае і расслабленне, і падсілкоўванне. З імі забываюцца ўсе цяжкасці.

Усё ж у далейшым  малады чалавек бачыць сябе ў футболе. Новы сезон у СФК «Слуцк» пачынае з добрым настроем і вялікім жаданнем: трэба набіраць форму, даказаць сабе і ўсім, на што здольны, хочацца радаваць балельшчыкаў.

Што ж, моладзь, распраўляй крылы, ажыццяўляй мары. Поспехаў!

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения