Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Милиция

Вынікі, планы, паказчыкі. Інтэрв'ю з начальнікам слуцкай міліцыі

12.12.2019
Нядаўна прызначаны начальнік аддзела ўнутраных спраў  Слуцкага райвыканкама Аляксандр Васільевіч Голікаў расказаў карэспандэнту «Слуцкага краю», чым сёння жывуць вартавыя парадку рэгіёна, падзяліўся планамі.

– З якімі вынікамі калектыў аддзела падышоў да канца 2019 года?

– Слуцкі РАУС дэманструе якасную, зладжаную работу па большасці напрамкаў службовай дзейнасці і заўсёды быў на добрым рахунку ў вобласці. Аддзел неаднаразова прызнаваўся лепшым у сталічным рэгіёне. Так, у Слуцкім раёне раскрываецца больш за 70% злачынстваў, што вышэй сярэдняга  абласнога паказчыка.

Агульны ўзровень злачынстваў у нас, як і ў папярэднія гады, зніжаецца як па лініі крымінальнага вышуку, так і агульнай злачыннасці. Аднак рэгіструецца значная колькасць хуліганстваў. У 70% выпадкаў яны звязаныя з пашкоджаннем маёмасці. Як правіла, гэта пашкоджанне лака-фарбавага пакрыцця аўтамабіляў, шын, шкла без мэты крадзяжу.

У цэлым абстаноўка на Случчыне без ускладненняў, значна зніжаны паказчыкі злачынстваў, учыненых грамадзянамі ў стане алкагольнага ап'янення, раней судзімымі асобамі. У 2019 годзе зарэгістравана менш крадзяжоў як з жылля грамадзян, так і дзяржаўнай маёмасці.

– Якія праблемы найбольш востра стаяць на Случчыне?

– Асаблівую заклапочанасць выклікае транспартная дысцыпліна случчан.Сёлета ў раёне павялічылася колькасць загінулых (10) і параненых (43) грамадзян на дарогах, на жаль пацярпелі і дзеці (3), павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў (40), у тым ліку ўчыненых у стане алкагольнага ап'янення (4). Да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення прыцягнуты 231 вадзіцель. Таму ў зімовы перыяд супрацоўнікі міліцыі асаблівую ўвагу будуць надаваць правядзенню прафілактычных мерапрыемстваў.

Немалую заклапочанасць выклікаюць злачынствы ў сферы IT-тэхналогій.  Практычна штодня ў аддзеле рэгіструюцца заявы ад грамадзян аб знікненні з іх банкаўскіх картак грашовых сродкаў.  Зламыснікі не грэбуюць ніякай сумай, ад 10 да 700 рублёў і больш. 

Ёсць катэгорыя злачынцаў, якія працуюць з дробнымі сумамі. Ведаючы, што не кожны перавядзе вялікую суму грошай, махляр стварае спакуслівую сітуацыю і просіць перавесці 15 – 20 рублёў, то прапануючы працу, але з папярэдняй аплатай нейкіх паслуг, то гэта перадаплата за нейкі тавар. Тэлефануюць па аб'явах, якія грамадзяне самі падаюць. Напрыклад, махляр тэлефануе і кажа, што гатовы купіць веласіпед і просіць даць рэквізіты банкаўскай карты, нібыта для таго, каб перавесці грошы, а веласіпед забярэ праз пару дзён. Грамадзянін дае нумар банкаўскай карты, і  ў лічаныя хвіліны на карце не толькі не з'яўляюцца новыя грошы, але знікаюць і тыя, што былі.

Гэта, бадай, адна з самых актуальных праблем. Хочацца нагадаць, што трэба берагчы інфармацыю, якая не падлягае разгалашэнню трэцім асобам.

– Як з падлеткавай злачыннасцю?

– Рост злачыннасці ў маладзёжным асяроддзі не адзначаецца. На мой погляд, гэта звязана з праводзімымі сумесна з упраўленнем па адукацыі Слуцкага райвыканкама і іншымі суб'ектамі прафілактыкі папераджальных мерапрыемстваў. Не варта адмаўляць і той факт, што ў цяперашні час іншая  занятасць моладзі. Яны менш знаходзяцца на вуліцах, аддаючы перавагу інтэрнэту. Праўда, у сувязі з гэтым вялікая рызыка для падлеткаў з распаўсюджваннем у інтэрнэце матэрыялаў катэгорыі 18+ альбо наведванне груп, якія негатыўна ўплываюць на падлеткаў, напрыклад звязаныя з гвалтам, распаўсюджваннем інфармацыі абмежаванага доступу. 

– Якая сітуацыя на Случчыне з распаўсюджваннем і ўжываннем наркатычных сродкаў?

– У бягучым годзе менш встрая праблема спажывання наркотыкаў і нарказмяшчальных рэчываў, гэта звязана з дзейснымі мерамі, прадугледжанымі дэкрэтам №6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адзначаюцца адзінкавыя факты, якія ў цэлым не характарызуюць сераду як наркаспажывальную.

– Што вы можаце сказаць аб злачынствах у сямейна-бытавой сферы?

– Праблема, на жаль, па-ранейшаму вострая. Прычым, калі раней у пераважнай большасці агрэсарамі з'яўляліся мужчыны, то сёння зарэгістраваныя не адзінкавыя факты, калі ахвярамі фізічнага і псіхалагічнага насілля становяцца мужчыны. І такіх зваротаў усё больш.

Калі казаць пра непаўналетніх, то пра факты сямейнага недабрабыту, насілля мы адразу паведамляем суб'ектам прафілактыкі, робім усё магчымае, каб забяспечыць дзіцяці бяспечнае жыццё.

– Якія задачы ставіць перад сабой слуцкая міліцыя на перспектыву? Што будзе галоўным у рабоце?

– У цяперашні час зададзены вектар на паўнату і якасць рэагавання па паведамленнях, заяў ад грамадзян. Акцэнт робім на працу са зваротамі грамадзян, развіццё кадравага патэнцыялу і адыход ад «палачнай сістэмы». Такое паняцце, як лічбавы паказчык, наогул, не выкарыстоўваецца пры ацэнцы дзейнасці органаў унутраных спраў. Гэта значыць, мы не параўноўваем сябе ні з мінулым годам, ні з іншымі падраздзяленнямі суседніх раёнаў. Мы працуем ад паведамленняў грамадзян. Калі супрацоўнік якасна выконвае пастаўленыя перад ім задачы, то і ацэнка будзе дадзена адпаведная.

Як заўсёды, сканцэнтруемся і на прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. Калі ж факт злачынства ўстаноўлены – прыкласці максімум намаганняў, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватага.

Нягледзячы на агульную станоўчую дынаміку па раскрывальнасці злачынстваў, нам неабходна замацаваць азначаную тэндэнцыю. 

У планах захаваць і прымножыць усё добрае, што ўжо створана раней. Прыняць меры, каб яшчэ больш якасна, эфектыўна, на больш высокім прафесійным узроўні выконваліся задачы, якія стаяць перад аддзелам.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения