Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Милиция

Пра дарожную бяспеку і не толькі

18.02.2021
Дарожная бяспека нязменна з'яўляецца  актуальнай тэмай. Асаблівай увагі патрабуюць пажылыя ўдзельнікі дарожнага руху і іх бяспека на дарозе ў цёмны час сутак.

11 лютага старшы інспектар аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Слуцкага РАУС Дзмітрый Мікалаевіч Семібратаў (на здымку) правёў сустрэчу ў Слуцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з людзьмі пажылога ўзросту.

– На сённяшні дзень (11 лютага – заўв. аўт.) на тэрыторыі Слуцкага раёна зарэгістравана 5 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 3 чалавекі, 2 – атрымалі раненні. Усе загінулыя былі пешаходамі, – пачаў сустрэчу са статыстыкі старшы інспектар ДАІ. – А пачынаеш спыняць чалавека, які пераходзіць дарогу ў забароненым месцы, рабіць заўвагі, у адказ – далёка ісці да пераходу, нязручна, спяшаюся і гэтак далей. Ёсць парушэнні і з боку вадзіцеляў.

Узяць хоць бы апошні выпадак, які адбыўся на скрыжаванні дарог на вуліцах Леніна і Жукава. Днём быў учынены наезд на жанчыну-пешахода. Як растлумачыў потым вадзіцель, ён на секунду апусціў вочы пераключыць магнітолу, зірнуў – перад ім стаіць пешаход. Вінаваты, вядома, вадзіцель. Але што перашкаджала жанчыне пераканацца, што ўсе машыны яе прапускаюць. Як можна было выйсці на пешаходны пераход, бачачы, што машына рухаецца і нават не зніжае хуткасць? А некаторыя наогул лічаць, што раз стаў на пешаходны пераход – усе абавязаны па ўзмаху чароўнай палачкі спыніцца. Так не бывае. І вынік мы бачым.



Інспектар заклікаў людзей пажылога ўзросту лішні раз не выходзіць на вуліцу, каб пазбегнуць траўміравання з-за складаных умоў надвор’я.

– Вы бачыце, колькі выпала снегу,  а пад ім яшчэ і лёд, – казаў Дзмітрый Мікалаевіч. – Ачысціць дарогі ўсюды адначасова немагчыма. Беражыце сябе, а прадукты з магазіна могуць і дзеці з унукамі прывезці.

Уздымалася пытанне і крадзяжоў грошай з банкаўскіх картак. Інспектар заклікаў прысутных  асцярожна ставіцца да званкоў або паведамленняў у месенджэрах з незнаёмых нумароў, у тым ліку нібыта банкаў, з прапановай здейсніць нейкія аплаты, праверыць рахунак або наяўнасць грашовага пераводу. А калі прагучала слова банкаўская карта – неадкладна спыняць размову, блакіраваць карт-рахунак і тэлефанаваць 102.

Расказаў Дзмітрый Мікалаевіч і пра дастаткова новае для Слуцка махлярства:

– Былі зарэгістраваны выпадкі (на вуліцы Сацыялістычнай  і ў раёне цукроварафінаднага камбіната), калі ашуканцы ставілі спецыяльныя счытвальныя панэлі на банкамат. Кліент устаўляе туды карту, панэль счытвае ўсю інфармацыю, запамінае адбіты пін-код. Пасля гэтага ашуканцы атрымліваюць доступ да вашага банкаўскага рахунка. Таму, калі вы падыходзіце да банкамата, каб зняць грошы, звяртайце ўвагу на панэль уводу дадзеных, паспрабуйце прыпадняць яе пальцамі. Калі яна стаіць на месцы нерухома – усё ў парадку, калі прыўздымаецца – лепш паведаміць аб гэтым па тэлефоне 102.

Наступная тэма, якую ўзняў інспектар, тычылася  крадзяжоў.
Дзмітрый Мікалаевіч заклікаў  грамадзян з асцярогай ставіцца да людзей, якія, прадстаўляючыся супрацоўнікамі сацыяльных ці іншых службаў, прадаўцоў, спрабуюць пранікнуць у жыллё грамадзян.

– Вось што робяць нашы пенсіянеры – гасцінна адчыняюць дзверы, і яшчэ гарбаты папіць прапануюць, – адзначаў міліцыянер. – У той час пакуль адна «сацработнік» загаворвае пенсіянера, другая – выносіць грошы і іншыя каштоўнасці. Калі вы не ведаеце чалавека, не варта яго ўвогуле  ўпускаць у свой дом. Прыйшлі праверыць лічыльнік? Добра, зачынілі дзверы – пайшлі, сфатаграфавалі лічыльнік на тэлефон – выйшлі, паказалі. Ваду – тое самае. Супрацоўнікі органаў правапарадку абавязаны прад'явіць пасведчанне, асабліва калі апрануты  ў грамадзянскую вопратку. І тады  паглядзіце прозвішча, патэлефануйце 102, спытайце, ці працуе такі чалавек у аддзеле, і толькі пасля пацвярджэння адчыняйце дзверы.

У канцы мерапрыемства Дзмітрый Мікалаевіч прызваў усіх быць уважлівымі на дарозе, берагчы сябе і сваіх родных, уручыў кожнаму прысутнаму флікер, набыты за бюджэтныя сродкі, яшчэ 50 – папрасіў
 раздаць падапечным цэнтра.

***
17 лютага ў рамках прафілактычнай акцыі сумесна з ДПС АДАІ Слуцкага РАУС у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылася сустрэча са старшым інспектарам маёрам міліцыі Дзмітрыем Мікалаевічам Сямібратавым па выкананні правілаў дарожнага руху. 

Сустрэча пакінула незабыўныя ўражанні.




У гэты ж дзень Дзмітрый Мікалаевіч правеў радыёгутарку на тэму бяспекі ў УП "Ямпаль Слуцк".




Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения