Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Милиция

На варце грамадскага правапарадку

27.09.2018
Мабільныя падраздзяленні патрульна-паставой службы міліцыі выконваюць задачы па забеспячэнні правапарадку, папярэджанні правапарушэнняў на вуліцах і ў грамадскіх месцах. Звычайна  да паставых міліцыянераў у першую чаргу звяртаюцца на вуліцах людзі не толькі па дапамогу ў складаных сітуацыях, але і проста па патрэбную інфармацыю. Ад іх прафесіяналізму залежыць бяспека грамадзян.

– У нашым узводзе патрульна-паставой службы Слуцкага РАУС працуе 19 чалавек, – расказаў памочнік камандзіра ўзвода – камандзір аддзялення ППСМ Слуцкага РАУС Анатоль Анатольевіч Ярашэня. – Штодня на нясенне службы выходзіць палова асабістага саставу, у тым ліку адзін аўтапатруль. Нарады расстаўляюцца па маршрутах у залежнасці ад крымінагеннай сітуацыі ў горадзе.  

Супрацоўнікі нашага падраздзялення выконваюць таксама задачы па забеспячэнні аховы грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, прымаюць удзел у аператыўна-прафілактычных адпрацоўках, прыродаахоўных рэйдах, ажыццяўляюць праверкі асоб, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, выязджаюць на сямейна-бытавыя скандалы.

Часцей за ўсё нам даводзіцца мець справу з людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, менавіта такія ўчыняюць большасць крадзяжоў і хуліганстваў, а таксама становяцца ахвярамі злачынцаў. Сёлета, да прыкладу, аўтапатруль выязджаў на выклік, калі малады чалавек, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, псаваў прыпаркаваныя ля пад’ездаў дамоў аўтамабілі, збіваў грамадзян.

Асноўная задача патрульна-паставой службы міліцыі – прадухіленне злачынстваў і правапарушэнняў на вуліцах горада. Супрацоўнікі ППСМ таксама ўдзельнічаюць у раскрыцці злачынстваў. За 8 месяцаў бягучага года з іх удзелам раскрыта 32 злачынствы, з іх па лініі крымінальнага вышуку – 13 злачынстваў, 2 – па лініі наркакантролю.  Затрымана 15 асоб, якія знаходзіліся ў вышуку, выяўлена 180 адміністрацыйных правапарушэнняў (хуліганства), складзена 1 617 пратаколаў за з’яўленне ў стане алкагольнага ап’янення або распіцце алкагольных напіткаў у грамадскім месцы. Выяўлена 267 парушэнняў, учыненых  асуджанымі да абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы, і 72 парушэнні  асобамі, якія знаходзяцца пад адміністрацыйным наглядам.

Аддзяленне ППСМ Слуцкага РАУС па паказчыках з пачатку 2018 года займае лідзіруючае месца сярод падраздзяленняў патрульна-паставой службы ў Мінскай вобласці.

ППС – лепшая школа для любога будучага ўчастковага або аператыўніка. Калі ў вас ёсць усвядомленае жаданне абараняць правапарадак, служыць на карысць грамадства і дзяржавы, звяртайцеся ў аддзел кадраў Слуцкага РАУС.

* * *

Міліцыянер-вадзіцель узвода патрульна-паставой службы старшы сяржант міліцыі Дзмітрый Ігаравіч Алішэўскі (на здымку) працуе ў міліцыі з 2015 года, і ўжо стаў лепшым па прафесіі сярод работнікаў падраздзяленняў ППС Мінскай вобласці  па выніках 2017 года.

Галоўным у прафесіі міліцыянер лічыць добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў. На думку Дзмітрыя Ігаравіча, у супрацоўніка ППС павінна быць тры галоўныя якасці. Першае – гэта стрэсаўстойлівасць, бо падчас службы праз раз сітуацыі экстрэмальныя. Другое – дапытлівасць. Супрацоўнік ППС павінен пастаянна імкнуцца да самаразвіцця, бо кожны выпадак патрабуе ўсебаковага разгляду, як з юрыдычнага, так і з псіхалагічнага пунктаў гледжання. Трэцяе – добразычлівасць. Міліцыянер павінен разумець, што перад ім у першую чаргу чалавек, а потым ужо правапарушальнік.

Як прызнаецца Дзмітрый Ігаравіч, прафесію выбіраў сэрцам.

– Мне нецікава сядзець на адным месцы. ППС – гэта пастаянны рух у прамым і пераносным сэнсе, – расказвае Дзмітрый Ігаравіч. – Так, ёсць пэўныя цяжкасці, але працаваць тут цікава. А галоўнае, кожны дзень бачны вынік: няхай гэта будзе спыненне правапарушэння, затрыманне падазраванага або любое іншае дзеянне ў рамках прафесійнай кампетэнцыі.
Вельмі добра памятаю свой першы працоўны дзень і першага правапарушальніка. Была зіма, мароз градусаў 15, распрануты да ніжняй бялізны чалавек у моцным алкагольным ап’яненні хадзіў па вуліцах горада і «расстрэльваў» усіх з уяўнага аўтамата. Мы выклікалі машыну хуткай медыцынскай дапамогі.

Добра запомніўся выпадак падчас начнога патрулявання. Нашу ўвагу прыцягнуў мужчына сталага ўзросту, які ехаў на веласіпедзе, вёз вялікія сумкі. Мы вырашылі яго спыніць, праверыць. Спыталі, што ў яго ў сумках, ён адказаў, што едзе з дачы, вязе бульбу. Мы папрасілі адкрыць адну, а ў ёй – розныя бытавыя рэчы (вадзяныя помпы, вуды і іншае). Мы даставілі яго ў райаддзел міліцыі, дзе з часам  высветлілася, што мужчына на працягу некалькіх гадоў рабаваў дачы ў Слуцкім раёне.

У нас вельмі дружны, згуртаваны калектыў. Я ведаю, што ў любой сітуацыі магу спадзявацца на напарніка.

Актыўна ўдзельнічаем у розных спаборніцтвах, звычайна займаем прызавыя месцы.
У вольны час займаюся каратэ, у 2014 годзе заняў 2 месца па рукапашным баі сярод супрацоўнікаў міліцыі Мінскай вобласці.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения