Новости Слуцка и Слуцкого района

У цэнтры ўвагі – людзі пажылога ўзросту

01.11.2019
Для прадухілення ўзнікнення пажараў працуюць назіральныя камісіі, інспектары Слуцкага  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і работнікі Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва актыўна праводзяць прафілактычныя рэйды ў прыватным жылым сектары. У адзін з іх адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».

– Асаблівую ўвагу мы надаём дамам, у якіх пражываюць пажылыя, адзінокія, інваліды, – адзначыў начальнік сектара дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Аляксандр Мікалаевіч Жарскі. – Часцей за ўсё рызыка ўзнікнення пажараў ёсць у іх, паколькі ў сілу сваіх узроставых асаблівасцей не заўсёды ўважлівыя да пытанняў бяспекі. На вялікі жаль, часта яны проста не разумеюць, якая небяспека пагражае не толькі ім, але і іх суседзям.

Першы адрас – утульны домік у вёсцы Селішча, на парозе якога падазроным поглядам нас сустрэў чорны кот.

Не менш падазрона паставілася да гасцей і гаспадыня.

– А вы з якой мэтай? Хто такія? – цікавілася яна. – Да мяне ўжо прыходзілі, пытанні задавалі. Я ўжо перапісалася!

– А мы з іншымі пытаннямі! – усміхаючыся, адказаў інспектар. – Калі здарыўся пажар, па якім нумары тэлефанаваць будзеце?

– Дык гэта... У мяне ў кніжачцы запісана дзесьці, – замітусілася жанчына.

– А ў экстранай сітуацыі ў вас не будзе часу на пошукі…

Гаспадыні ўручылі памятку па пажарнай бяспецы і параілі прымацаваць яе на бачным месцы.

Не памятала тэлефонаў экстраных службаў і гаспадыня наступнага дома. І толькі пасля падказкі дачкі назвала правільны нумар.

– Можа вам патрэбна дапамога сацыяльнага работніка? У вас жа ўзрост, да таго ж ёсць інваліднасць, – цікавіліся работнікі сацыяльнай службы.

– Дзякуй, мы самі спраўляемся, – адказала дачка гаспадыні дома. – Мама ніколі не бывае адна. Калі я паеду – сястра прыязджае. Ды і мама, дзякуй богу, яшчэ крэпенькая ў нас. Мы і пажарны апавяшчальнік устанавілі.

Пажылых грамадзян пераканаць у чымсьці часам вельмі складана.

Па адным з адрасоў дзверы нам адчынілі адразу, але з парога заявілі, што пажарная бяспека ў іх у парадку і ніякая дапамога не патрэбная. Аднак праверыць на ўсялякі выпадак усё ж прапусцілі. Праводка і разеткі – у здавальняючым стане, але, як і ў большасці наведаных падчас рэйду дамоў, адсутнічаў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. На заўвагу інспектара пажылая пара адказала, што ён ім не патрэбны. Бо ў доме ніхто не курыць.

– Ды і чуў, многія кажуць, што ён толькі перашкаджае. Пішчыць ні з таго ні з сяго. Яно нам трэба? Столькі гадоў без яго жылі і далей пражывём.

– Зусім нядаўна падобны апавяшчальнік выратаваў жыццё пенсіянеру, – спрабаваў пераканаць, што гэта дзеля іх жа бяспекі, супрацоўнік РАНС. – І пішчаць ён проста так не будзе, трэба толькі своечасова замяніць батарэйку.

Канкрэтны прыклад прымусіў пенсіянераў задумацца, і яны паабяцалі папрасіць дзяцей набыць і ўстанавіць прыбор.

– Ну, раз сапраўды дапамог, то хай будзе, – казалі яны.

Падчас наведвання домаўладанняў удзельнікі рэйду напаміналі пажылым людзям, наколькі важна выконваць правілы бяспекі і што ў большасці выпадкаў пажары адбываюцца менавіта па віне чалавека. Асаблівая ўвага звярталася на стан электраправодкі, эксплуатацыю электраабсталявання, адсутнасць пажарных апавяшчальнікаў. Падрабязна гаварылі пра правільную эксплуатацыю пячнога ацяплення, паводзіны ў экстраннай сітуацыі і дзеянні пры выяўленні пажару, нагадалі тэлефоны экстраных службаў.

Такая прафілактычная мера, лічаць пажарныя, дапаможа паменшыць колькасць узгаранняў у раёне, прадухіліць бяду.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения