Новости Слуцка и Слуцкого района

Сухіх вам рукавоў, ратавальнікі!

19.01.2022
Вынікі работы за мінулы год падвёў напярэдадні прафесійнага свята начальнік Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Віталій ІЛЬЮЧЫК:

Аддзелам сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі наладжана і праводзіцца работа, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх. За мінулы год на тэрыторыі Слуцкага раёна зарэгістравана 79 пажараў (у 2020 годзе – 54) , у тым ліку 2 (7) – на дзяржаўных аб'ектах, загінулі 10 чалавек (у 2020 – 5), 1 чалавек пацярпеў.

Падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях ліквідавалі 350 узгаранняў, 4 разы праводзілася дэблакіроўка пацярпелых у ДТЗ.

Падчас ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый супрацоўнікі Слуцкага РАНС выратавалі 5 чалавек.


З пачатку гэтага года на Случчыне ўжо адбылося 4 пажары, на якіх загінулі 2 чалавекі. Відаць, людзі да гэтага часу не да канца разумеюць, што з агнём не жартуюць.


– Што станавілася прычынай загаранняў?


– У асноўным – парушэнні правілаў пажарнай бяспекі пры ўладкаванні і эксплуатацыі цеплагенерыруючых апаратаў і печаў – 24 загаранні (12). З-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры мантажы і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання адбылося 20 пажараў (11). Столькі ж загаранняў – па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём (у 2020 – 19). З-за дзіцячага свавольства на Случчыне адбылося 2 пажары (1), праяў сіл прыроды – 3 (1).

Найбольш часта да гібелі людзей прыводзяць неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых апаратаў і прылад. Былі выпадкі, калі загінулыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.


– Важна не толькі ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі, але і папярэдзіць іх…


– Мы актыўна над гэтым працуем. Напрыклад, у хуткім часе на тэрыторыі аддзела адкрыецца новы інтэрактыўны пакой бяспекі. Закуплены пераносны комплекс віртуальнай рэальнасці, з дапамогай якога мадэлююцца розныя надзвычайныя сітуацыі, напрыклад, задымленне памяшкання, з якога трэба знайсці правільны выхад. Падобная форма навучання правілам бяспекі будзе цікавая як дзецям, так і дарослым.



– Слуцкія ратавальнікі дапамагаюць не толькі словам, але і справай...


– Летась наглядальнымі камісіямі Слуцкага раёна абследавана 24 249 домаўладанняў (кватэр тэрыторыі) розных катэгорый грамадзян. 2 607 інфармацый з рэкамендацыямі накіравана зацікаўленым суб'ектам прафілактыкі.

У 12 домаўладаннях грамадзян праведзены работы па рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі – у 11 домаўладаннях, у 450 – устанавілі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, у 12 домаўладаннях – з вынасам сігналу аб спрацоўванні на сігнальна-гукавыя прылады на фасадзе будынкаў.

У Слуцкім РАНС служаць актыўныя і спартыўныя байцы, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Па выніках агляду спартыўна-масавай работы сярод гарадскіх (раённых) аддзелаў па надзвычайных сітуацыях 2 разраду, Слуцкі раённы аддзел заняў 3 месца.

У абласным аглядзе-конкурсе «Лепшы дзяржаўны інспектар Мінскай вобласці па пажарным наглядзе» каманда Слуцкага РАНС заняла 2 месца. А лепшым дазнавальнікам органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду Мінскай вобласці прызнаны галоўны спецыяліст інспекцыі нагляду і прафілактыкі Слуцкага РАНС Сяргей Паўлюкевіч. Начальнік сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Сяргей Тычына заняў 2 месца ў штогадовым конкурсе прафесійнага майстэрства «Лепшы работнік сектара арганізацыі функцыянавання ДСНС і ГА Мінскай вобласці».

Са святам, ратавальнікі!

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения