Новости Слуцка и Слуцкого района

Ратавальнікі зацікаўлены ў вашай бяспецы

23.02.2024
Ратавальнікі Случчыны рэгулярна праводзяць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне ўзнікнення пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, а таксама гібелі людзей ад іх. Адным з эфектыўных відаў прафілактычнай работы з'яўляецца наведванне цэнтра бяспекі і пажарных частак, дзе кожны можа паўтарыць правілы бяспекі, даведацца шмат новай і карыснай інфармацыі, бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй выратавальніка. Вялікая ўвага надаецца рабоце з дзецьмі са шматдзетных сем'яў, з непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і іх бацькамі.



На гэтым тыдні на базе міні-цэнтра бяспекі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшлі заняткі з навучэнцамі з сярэдніх школ №8, №9, №6 і №10 ім. С.Ф. Рубанава, а таксама – бацькоўскія сходы з законнымі прадстаўнікамі. Падчас мерапрыемстваў інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Генадзь Гапановіч расказаў гасцям цэнтра аб аператыўнай абстаноўцы на тэрыторыі раёна і Мінскай вобласці, аб прычынах узнікнення пажараў. Прапагандыст паведаміў, што можа паслужыць прычынай пажару і што неабходна рабіць, каб не стаць ахвярай агню. У пакоі цэнтра бяспекі гасцям неабходна было знайсці няспраўнасці пячнога абсталявання, а таксама парушэнні тэхнікі бяспекі пры выкарыстанні электраабсталявання, напрыклад, расколіны ў печы, вялікая колькасць электрычных прыбораў знаходзіцца ў адной разетцы, зарадная прылада ў разетцы, але не «сілкуе» энергіяй гаджэт, ды знаходзіцца каля гаручага асяроддзя (імправізаванага крэсла) і іншыя. Зыходзячы з гэтых і іншых недахопаў, дзецям неабходна было правільна адказаць і ўмоўна выправіць усё адпаведна правілам захавання пажарнай бяспекі ў побыце.



Карыснымі былі напаміны аб правілах аказання першай медыцынскай дапамогі і алгарытме дзеянняў пры правядзенні штучнай вентыляцыі лёгкіх, непрамога масажу сэрца на спецыяльным манекене. 

Напрыканцы экскурсіі ўсе дзеці атрымалі яркія расклады заняткаў «Ганаруся, што навучылі!», буклеты з напамінам пра бяспеку і нумарамі тэлефонаў выкліку экстраных службаў, бацькам – маляўнічая брашура «Што рабіць калі?» з карыснымі парадамі і рэкамендацыямі ад ратавальнікаў, якія дапамогуць зберагчы дзяцей і зрабіць іх дзяцінства бяспечным.

Марына ЛЕСНІКАВА, Слуцкі РАНС.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения