Новости Слуцка и Слуцкого района

Ратавальнік прыйдзе на дапамогу

25.07.2021
На фота: Яўгеній Касцюкевіч і Павел Райкевіч правяраюць абсталяванне спецтэхнікі.


Работа ратавальніка патрабуе ад чалавека рашучасці, вытрымкі і вялікага самавалодання. Прадстаўнікі гэтай прафесіі нярэдка сустракаюцца з чалавечым горам і небяспекай, імкнуцца дапамагчы людзям, якія трапілі ў бяду.

Адзін з іх – начальнік варты Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Райкевіч.

Работа  пажарных гэта не толькі барацьба з агнём, але і дапамога людзям у надзвычайных сітуацыях.

Напрыклад, нядаўна Паўлу разам з калегамі давялося ратаваць жанчыну, якая хацела скончыць жыццё самагубствам.




– Нам паступіў тэрміновы выклік. Прыехалі на месца – стаіць жанчына гадоў 40 на парапеце з адваротнага боку балкона. Тэрмінова выклікалі псіхолага, і пакуль яго чакалі, я ўзяў на сябе адказнасць, аддаў загад разгарнуць аўталесвіцу, па якой падняўся да жанчыны, і, абняўшы са спіны, прыціснуў да балкону, каб яна не ўпала. Дастаў з яе кішэні ключы ад кватэры і скінуў уніз калегам. Праўда, крыху не паспеў, дзверы выбілі раней. Затым дапамог падаць жанчыну праз акно балкона ў кватэру. Сама б яна назад ужо не залезла, бо стамілася і  знаходзілася ў стане ап'янення.

Па словах Паўла, досыць часта выклікаюць ратавальнікаў здымаць пярсцёнкі з пальцаў.

– Часта гэта здараецца калі чалавек моцна ўдарыў руку і пальцы апухлі ці ацяклі. У такім выпадку пярсцёнак можна проста «перакусіць» кусачкамі самому, але людзі баяцца і выклікаюць ратавальнікаў.



Пра тое, што ў Беларусі ў апошні час усталявалася анамальная спякота, у многіх калодзежах проста знікла вада, выратавальнік запэўніў, што аб гэтым турбавацца не варта. На Случчыне вельмі добра развітая сетка супрацьпажарнага водазабеспячэння. У кожным раёне ёсць пэўныя месцы, адкуль ратавальнікі бяруць ваду (маюцца спецыяльныя карты-схемы размяшчэння кропак забора вады).

А па-другое на ўзбраенні Слуцкага РАНС дастаткова сучаснай тэхнікі, у якой прадугледжаны вялікі запас вады.

Вялікая памылка людзей падчас пажару, па словах Паўла, што некаторыя перашкаджаюць працаваць.



– Бывалі выпадкі, калі людзі падыходзілі і перакрывалі вентылі пажарных рукавоў на разгалінаванні. Яны хацелі іх адкрыць, а па выніку мы падаём ваду, а яна не ідзе. Прыходзілася губляць час на тое, каб знайсці прычыну.

Але, мабыць, самая вялікая памылка, якую можа зрабіць чалавек падчас пажару – спрабаваць справіцца з агнём сваімі сіламі. І выклікаюць пажарных калі ўсё ўжо вельмі дрэнна. А калі б патэлефанавалі адразу, маглі б абыйсціся малымі стратамі.

Кожны павінен займацца сваёй справай, адзначае Павел, настаўнік – вучыць, доктар – лячыць, а пажарны – ратаваць.

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения