Новости Слуцка и Слуцкого района

Каб печка грэла, а не гарэла

10.09.2021
Штогод з пачаткам ацяпляльнага сезона павялічваецца колькасць бытавых пажараў у жылых дамах і кватэрах, прычынамі якіх часцей за ўсё з'яўляюцца парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі ацяпляльных сістэм і ўстановак, пячнога ацяплення, прымяненне самаробных абагравальных прыбораў.

У мэтах папярэджання пажараў у восеньскі пажаранебяспечны перыяд у жылым сектары супрацоўнікі Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях рэгулярна праводзяць прафілактычныя рэйды па Случчыне. У адным з іх пабывала карэспандэнт «Слуцкага краю». Разам з першым намеснікам начальніка Слуцкага РАНС Віктарам Васіленка і спецыялістам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Марынай Леснікавай мы адправіліся ў аграгарадок Ісерна.

Першы адрас – шматдзетная сям'я. Дзверы адчыняе гаспадыня дома.
– У мяне ўжо ўсё ў парадку,  запрашаючы гасцей у дом, – адзначае жанчына. – Нядаўна купілі і ўстанавілі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (АПА), з ацяпляльным катлом таксама ніякіх праблем няма. Пачысцілі комін, пабялілі.



Падобная свядомасць вельмі радуе, адзінае, інспектары зрабілі заўвагу аб недапушчальнасці захоўвання дроў у непасрэднай блізкасці ад катла, бо гэта можа прывесці да ўзгарання дроў  і  пажару.

У наступным домаўладанні пытанняў да ацяпляльнага абсталявання ў ратавальнікаў не ўзнікла, аднак ні ў адным жылым пакоі не ўстаноўлены апавяшчальнік.

– Знялі, калі рабілі рамонт,  – адказвалі на пытанні інспектараў гаспадары. – Яны ж да столі мацуюцца, а мы нацяжныя зрабілі.

– У такім выпадку апарат устанаўліваюць уверсе на сцяне,  –  адзначыў Віктар Васіленка, – а вось за самавольны дэмантаж у дамах, дзе ён быў усталяваны згодна з праектнай дакументацыяй, прадугледжана адказнасць – штраф да 5 базавых велічынь.

Падобная сітуацыя назіралася ў большасці домаўладанняў.

– Гэта ж для вашай жа бяспекі,  –  тлумачыла домаўладальнікам Марына Леснікава. – Думаю, для вас не сакрэт, што ў сне чалавек не адчувае пахаў. Апавяшчальнік пры найменшым задымленні запішчаць так, што пабудзіць не толькі вас, але і суседзяў. А прычынай пажару можа стаць нават мабільны тэлефон, які стаіць на зарадцы. Дарэчы, падобны выпадак ужо быў на Случчыне.

А вось адзін з жыхароў аграгарадка паставіўся да гасцей вельмі насцярожана: перш чым упусціць работнікаў РАНС, патэлефанаваў дачцэ. Інспектары пахвалілі мужчыну за пільнасць. На жаль, сёння розныя ашуканцы могуць прадставіцца кім заўгодна, нават прадстаўнікамі розных служб. Дачцэ пенсіянера супрацоўнікі РАНС настойліва рэкамендавалі купіць і замяніць батарэйкі ў АПА ў доме бацькі.



Падчас рэйду кожнаму гаспадару, у доме якога былі выяўлены якія-небудзь парушэнні, выдавалі прадпісанне. Таксама жыхарам уручалі буклеты аб правілах пажарнай бяспекі: як эксплуатаваць печ, да чаго прыводзіць выпальванне сухой расліннасці, аб недапушчэнні пакідання дзяцей без нагляду дарослых. З грамадзянамі праводзілі  гутаркі і аб мерах пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электранагравальных і бытавых прыбораў, нагадвалі аб дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару. Дарэчы, на простае пытанне, па якім нумары тэлефанавать падчас пажару, з першага разу адказаць змаглі не ўсе.

Слуцкія выратавальнікі адзначаюць, што пакуль не наступілі холады, самы час зрабіць рамонт печаў, замазаць трэшчыны і няшчыльнасці мура, пачысціць комін ад сажы, абтынкаваць і пабяліць яго паверхню. Таксама неабходна пераканацца ў спраўнасці награвальных катлоў. Так новы ацяпляльны сезон не прынясе вам лішніх клопатаў.

Ірына МАЛЯЎКА.




К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения